ЛITBA НА БАЛКАНАХ

(Першасны сэнс назвы)

Этымалогія назвы Літва прыцягвала ўвагу шэрагу навукоўцаў: гісторыкаў і лінгвістаў. Ёй прысвечаная вялікая колькасць публікацыяў. Пытанне спрабавалі вырашыць, зыходзячы з розных моваў: германскіх, кельцкіх, балцкіх. Але і сёння яно канчаткова не вырашанае. Абумоўлена гэта, апрача ўсяго іншага, абмежаваным прыцягненнем да даследаванняў багатага анамастычнага матэрыялу, у т.л. са славянскіх тэрыторыяў, а таксама недастатковым выкарыстаннем крыніцаў, найперш лацінскіх. Асаблівую каштоўнасць маюць лацінскія дакументальныя крыніцы, паколькі яны даволі карэктна перадаюць фанетычны лад назваў і дакладна фіксуюць час іх ужывання. Найбольш цікавыя з іх помнікі XIII — XIV стст., сінхронныя часу паўстання і ўсталявання Вялікага Княства Літоўскага — старажьітнай Літвы. Яны, напрыклад, падаюць некалькі формаў назвы з рознымі варыянтамі кораня (найбольш частыя з якіх — lit-, let-, lut-) і фармантамі -u-, -ou-, -au-, -uan-. У прыватнасці, сустракаюцца гэткія формы, як Litua, Litouia, Lethouia, Luthowia, Luthawia, Lithuania ды інш. У лацінскіх хроніках, а менавіта ў Кведлінбургскіх аналах пад 1009 г. адзначаны самы ранні варыянт назвы — Litua. Затым яна ў іншых варыянтах пачынае фіксавацца ўжо ў XIII ст.

Неабходна адзначыць, што ранняя форма Litua сустракаецца і ў дакументах XIII ст., але адносіцца яна да іншае тэрыторыі — Олтэніі ў сённяшняй Румыніі. Гэта мясцовасць у даліне ніжняга Олта, недалёка ад яго ўпадзення ў Дунай, які аддзяляе тут Румынію ад Балгарыі. Першы па часе дакумент — гэта прывілей вугорскага караля Бэлы IV ад 2 чэрвеня 1247 г. ордэну тампліераў, якіх ён запрасіў на падуладныя яму землі для абароны ад татараў. У прывілеі прыгадваецца terra Lytua — "зямля Літва". Як вынікае з кантэксту дакументу, названая тэрыторыя гэта terra kenezatus Lytuoy wojavode — "зямля княства ваяводы Літвоя (ці Літавоя)". У самым прывілеі terra Lytua фігуруе яшчэ два разы. Звяртае на сябе ўвагу славянская палітычная тэрміналогія, выкарыстаная ў дакуменце. Kenezatus — гэта безумоўна лацінізаваная форма славянскага тэрміна, які можна ўзнавіць прыкладна як "кнезат" — княства, а wojavoda — як адпаведнік беларускаму тэрміну "ваявода". Апрача гэтага княства ў прывілеі памянёныя яшчэ княствы Яна і Фаркаша, а таксама зямля ваяводы Сенеслава. Апошнюю лакалізуюць на другім, левым баку р.Олта.

Як адзначаюць даследнікі румынскае гісторыі, гэтыя тэрытарыяльна-палітычныя ўтварэнні каля сярэдзіны XIII ст. апынуліся ў васальнай залежнасці ад Вугорскага каралеўства (да гэтага Олтэнія ўваходзіла ў склад Другога Балгарскага царства). Арганізаваныя яны былі паводле славянскага узору. Княствы складаліся з шэрагу вёсак і сёлаў, геаграфічна звязаных між сабою. Князі былі буйнымі землеўладальнікамі, якія мелі над жыхарамі княстваў вайсковую, судовую і фіскальную ўладу. Калі князю ўдавалася па спадчыне альбо збройнаю сілай падпарадкаваць суседнія княствы, складалася больш буйная форма ўласнасці — ваяводства, а ўладар атрымліваў тытул ваяводы. У этнагенэзе румынаў вялікую ролю адыгралі славяне, якія на працягу стагоддзяў узаемадзейнічалі з раманізаваным дакагецкім насельніцтвам. У румынскай мове вялікая колькасць славянскіх запазычанняў. Славянскімі тэрмінамі, напрыклад, называліся дзяржаўныя пасады й станы: гаспадар, князь, бан, банавіч, гетман, баярын, стольнік ды шэраг іншых. Славянская мова на румынскіх землях была моваю царквы й дзяржаўнага справаводства да сярэдзіны XVIII ст. Пісьмовыя крыніцы фіксуюць значную колькасць славянскіх імёнаў у гэтым рэгіёне. Гэткімі, напрыклад, былі імёны першых румынскіх ваяводаў і гаспадароў: Богдан, Дан, Мушата, Драгош, Радо, Уладзіслаў ды інш. Безумоўна, славянскія й імёны ваяводаў Сенеслава і Літавоя, прыведзеныя ў прывілеі Бэлы IV. Апошняе імя сустракаецца, напрыклад, у Балгарыі (XIII ст.) і выводзіцца даследнікамі ад больш старажытнага Лютовой (XI CT.).

Ваявода Літавой фігуруе яшчэ ў чатырох дакументах. У лісце ад 5 студзеня 1285 г. ягонае імя падаецца крыху ў іншай форме — Lythway wayuoda. Прывілей дадзены вугорскім каралём Ладзіславам IV магістру Георгію на ўладанне некалькімі вёскамі за верную службу ў канфліктах з унутранымі і знешнімі ворагамі каралеўства. Да гэтых ворагаў залічаны і ваявода Літавой. Як вынікае з далейшага зместу дакументу, у той час, калі малалетні кароль пачаў кіраваць пасля смерці бацькі, памянёны ваявода разам са сваімі братамі захапіў частку каралеўства і адмовіўся сплочваць падаткі з гэтае часткі каралю, як гэта было раней. Супроць яго і паслаў кароль магістра Георгія з войскам, якому ўдалося выйграць вайну і забіць ваяводу Літавоя, а таксама ўзяць у палон аднаго з ягоных братоў. Іншы дакумент ад 6 кастрычніка 1288 г. выдадзены самім магістрам Георгіем, які надзяляў зямельным надзелам аднаго са сваіх рыцараў— Пятра, які асабліва вызначыўся падчас вайсковых выправаў свайго кіраўніка. У сувязі з гэтым гаворыцца і пра смерць ваяводы Літавоя. Форма імя тут гэткая ж, як і ў папярэднім дакуменце,— Lythway wayuoda. Цікава, што ў другім дакуменце, выдадзеным пад той жа датаю, антрапонім пададзены ў іншай форме, а менавіта: Litua (al. Lythen) waiuodam — Літва (інакш Літэнь) ваявода. Форму, прыведзеную ў дужках, лічаць даданай першым выдаўцом дакументу Г.Фаерам. Пад падобным імем — Lython, князь Літавой выступае ў чацвёртым дакуменце ад 8 студзеня 1285 г., які зместам паўтарае разгледжаны намі прывілей Ладзіслава IV і таксама дадзены магістру Георгію гэтым жа каралём. Формы Lythen i Lython не выклікаюць сумневу, паколькі наяўныя ў іменасловах розных славянскіх народаў і з'яўляюцца суфіксальнымі вытворнымі ад імёнаў з асноваю lit< lut-.

Форма Litua, безадносна да пытання аўтэнтычнасці дакументу, ужытая ягоным складальнікам як вытворная ад імя Літавой. Пры гэтым аўтар ці пісец мусілі зыходзіць з жывой анамастычнай традыцыі. У кожным разе звяртае на сябе ўвагу карэляцыя назвы з аднакарэнньімі антрапонімамі. Відавочна, што найбольш блізкія да яе паводле формы імёны Litwa (Litva) ці Litvo, якія мы знаходзім, напрыклад, у чэшскай, славацкай і польскай мовах. У славацкай антрапаніміцы наяўнае таксама імя Lithvay. Фіксуюцца яны не пазней як з другой паловы XIV ст. Гэта ў сваю чаргу дазваляе паставіцца больш уважліва да меркаванняў пра паходжанне старажытнай назвы нашай дзяржавы — Літва, выказаных храністам XVI ст. М.Стрыйкоўскім. Ён лічыў, што яна паходзіць ад імёнаў Litwo, Litwosz ці Litwan. Усе гэтыя антрапонімы фіксуюцца ў славянскіх мовах, у прыватнасці, у польскай, на якой пісаў свае творы Стрыйкоўскі. Напрыклад, найстаражытнейшая ўзгадка антрапоніму Litwanus адносіцца да 1335 г. Аднак падобна на тое, што ў сваіх разважаннях Стрыйкоўскі абапіраўся на ранейшыя пісьмовыя крыніцы, перад усім, на працу М.Бельскага, які выводзіў назву дзяржавы ад імя князя Litwo. У сваю чаргу, Бельскі мог запазычыць гэтую ідэю з твораў прускіх храністаў XVI ст. Сымона Грунаў і Давіда Лукаша. Гэтыя аўтары спасылаюцца ў сваіх творах на рукапісную хроніку першага прускага біскупа Хрысціяна, якая мусіла з'явіцца ў XIII ст., але да нашага часу не захавалася. Застаўся толькі невялікі фрагмент з яе, апублікаваны Ёганэсам Фойгтам у першым томе "Гісторыі Прусіі". У гэтым урыўку перадаецца міфічная гісторыя паходжання Літвы і Прусіі. Назва Літвы выводзіцца тут ад легендарнага родапачынальніка князя Litpho (=Litvo). Паводле перадачы зместу хронікі Хрысціяна Лукашам Давідам у валоданні князя апынуліся землі паміж Бугам і Нёманам, дзе ён збудаваў нават крэпасць Горадню. Зямля атрымала найменне Малая Літва. Як бы ні вырашалася пытанне з аўтэнтычнасцю твора Хрысціяна, але што да Бельскага і Стрыйкоўскага, то яны, безумоўна, мелі на ўвазе асабовыя імёны, якія бытавалі ў іхнім асяроддзі, і звязвалі іх з назваю краіны.

Аднак звернемся зноў да вугорскіх лацінамоўных дакументаў. Назва Lytua выступае тут з азначэннем terra — зямля, г.зн. ёсць тэрытарыяльнаю. У якасці тэрытарыяльнае назвы ці тапоніму мы сустракаем яе і ў лацінскіх крыніцах, якія адносяцца да тэрыторыі Чэхіі і Славаччыны. Напрыклад — provincia Lytwa — правінцыя Літва разам з castrum Lytwa — замкам Літва на тэрыторыі славацкай акругі Жыліна ўзгадваюцца ў крыніцах, пачынаючы з 1300 г. Пад 1323 г. назва выступае ў форме Letawa, а пад 1392 г. у лацінізаваным выглядзе Letavia. У 1393 г. зноў бачым форму Lytwa. Terra seu possessio Lytua — зямля ці ўладанне Літва з замкам Lytua існавалі і ў акрузе Зволен. На старонках дакументаў яны з'яўляюцца ўжо з 1135 г. Цікава, што сярод іхніх першых уладароў падаецца сям'я Літваёўцаў (Litvayovcy). У XIV ст. назва Litwa сустракаецца і ў Чэхіі, дзе яна чаргуецца з іншымі формамі тае ж назвы Litowa, Lytawa i Lytauia.

Такім чынам, як мы бачым, назва Літва сінхронна альбо раней за паўстанне Вялікага Княства Літоўскага сустракаецца на тых тэрыторыях, якія знаходзяцца на значнай адлегласці ад абшараў, займаных балтамі. На азначаных тэрыторыях назва мае тэрытарыяльны альбо тапанімічны характар. Гэта дае падставу ставіць пытанне пра магчымасць трактавання яе першаснага значэння і на землях Беларусі як тэрытарыяльнага, а не этнічнага (пар. летапісны тэрмін "земля Литовьская", якім пазначалася першапачатковая Літва). Трэба адзначыць, што яна цалкам супастаўляльная з шэрагам тапонімаў на абшары паміж Наваградкам і Менскам, адзначаных у свой час Міколам Ермаловічам. Заўважная яе сувязь з аднакарэннымі антрапонімамі. Формы назвы і яе лакалізацыя на славянскіх тэрыторыях дазваляюць ставіць пытанне пра магчымасць яе славянскай этымалогіі.

Алесь ЖЛУТКА

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Спадчына", 2000. № 5-6. С. 90--95.
Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі