ВЕРШЫ ГЕНЕРАЛА

 

Генерал Станіслаў Булак-Балаховіч ведамы як палітычная асоба.

Зрабіўшы імклівую вайсковую кар'еру ад добраахвотніка на першай сусветнай вайне да генерал-маёра, камандуючага 2-га корпуса ў войску Юдзеніча, С. Булак-Балаховіч у студзені 1920 году, па дамове з эстонцамі, пераходзіць пад юрысдыкцыю Беларускае Народнае Рэспублікі. Захавалася цікавая заява генерала: «Старшыні Рады Народных Міністраў Б.Н.Р.: «Зьяўляючыся грамадзянінам Б.Н.Р., лічу патрэбным, каб маё войска было скарыстана для забароны цэльнасьці і недзялімасьці маёй Бацькаўшчыны, а таму прапаную майму Ураду залічыць мяне і мой атрад на беларускую службу. Генерал-маёр Булак-Балаховіч».

Вайскова-дыпламатычная місія БНР у Латвіі і Эстоніі, якую ачольваў палкоўнік К. Езавітаў, дамаглася пераводу двухтысячнага беларускага атраду на поўдзень Беларусі, дзе С. Булак-Балаховіч, сфармаваўшы за паўгода 20-тыся.чнае войска, блага ўзброенае, не падрыхтаванае яшчэ да баявых дзеянняў, пад націскам падступнае бальшавіцка-польскае дамовы распачаў свой адчайны паход за вызваленне Бацькаўшчыны.

Пад час вызваленчага паходу «Бацька», як яго паважліва менавалі жаўнеры, пачаў, насуперак інтарэсам Польшчы, праводзіць незалежніцкую беларускую палітыку, абвясціўшы сябе «начальнікам Беларускае дзяржавы». Ен выдае загад аб стварэнні «Беларускага войска», арганізуе цывільную беларускую ўладу на вызваленых тэрыторыях і адкрыта абвяшчае пра сваю асноўную палітычную мэту — стварэнне Незалежнай Беларускай Дзяржавы.

Інтэрнацыянальнае па сваім складзе войска С. Булак-Балаховіча, у якім былі беларускія, расейскія, яўрэйскія аддзелы, пад час паходу на Мазыр і Рэчыцу хутка папаўняецца палкамі з беларускага і ўкраінскага сялянства, даведзенага да адчаю бальшавіцкімі «прадразвёрсткамі» і тэрорам. Ды колькасна болъшыя рэгулярныя часткі чырвонае арміі спынілі імклівы паход войска С. Булак-Балаховіча і вымусілі яго адступіць на акупаваную палякамі тэрыторыю, дзе яно было раззброенае ды інтэрнаванае.

Такім чынам, не адбылася яшчэ адна спроба дабіцца беларускае незалежнасці.

Па вайне С. Булак-Балаховіч з найбольш адданымі яму людзьмі працаваў у Белавежы на тартаку. У верасні 1939 году беларускі генерал па-геройску загінуў, баронячы Варшаву ад фашыстаў.

У нататцы пра генерала, змешчанай у беларускім часопісе «На чужыне», які выдаваўся ў 1920 годзе ў Эстоніі, згадваецца даўняе знаёмства С. Булак- Балаховіча з прыгожым беларускім пісьменствам. Аказваецца, генерал пісаў вершы. Адзін з іх надрукаваны ў часопісе «На чужыне» пад псеўданімам «Бацька» перад вяртаннем з Эстоніі. Верш «Шарак ці Брысь» перадрукаваны з часопісу «Полымя рэвалюцыі», 1931, № 3, дзе ён быў адрэцэнзаваны нейкім Л. Капланам.

Другі верш — фактычна адказ на карэспандэнцыю з арыгінальнай назвай «Белавеская тыгра» ў адной з польскіх газетаў. У інтэрв'ю карэспандэнтцы гэтае газеты генерал сказаў, што марнуе свае магчымасці ў дадзенай палітычнай сітуацыі і бачыць верагодным пераход са сваім атрадам на службу да французаў. Польская знешняя палітыка ні ў якой меры не спрыяла вызваленню Беларусі, кіпучая ж натура генерала патрабавала дзеянняў.

Алесь БЯЛЯЦКІ

 

 

Станіслаў БУЛАК-БАЛАХОВІЧ

 

ПОКЛІЧ БАЦЬКІ

Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла-роднае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
«Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!»
      Сынкі! А мы штожа!
      Нам будзе нягожа,
      Каб мы не пайшлі на падмогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
I будзем гатовы ў дарогу!

25. XI. 1919 г., Рэвель

 

ШАРАК ЦІ БРЫСЬ

Дала мне назву тыгра злога,
Калісь сказала, што сьлізкі вуж,
Што воўчых, лісьіх ёсьць рысак многа,
Што я ня Бацька, што я ня муж,

Сябе самога цаню я ўмеру,
Кажу ад сэрца: ня тыгр, ня рысь,
Я больш падобны сабацы вернай,
Што называюць: Шарак ці Брысь.

Што верны стораж вартуе строга,
Якога лупіць слуга і пан,
Як на суседа забрэша злога
Ці вые з больлю ад даўніх ран.

Другім сабакам — другая доля:
Як пан абедаць — ім кіне штосьці,
Аб іх заслугах — пісалі ўволю,
На іх глядзелі з-за мора госьці.

Аб Брысю весткі так паўтаралі:
Лайдак-сабака, зусім ня ўдаўся,
Калі другія зьвяроў ганялі,
Авечак гнаў ён, да птушак краўся.

Замала мае ён дысцыпліны,
Яго цягнула адна здабыча:
Сьцягнуў ён дзесьці кумпяк вяндліны,
Натура воўча да шкоды кліча.

I лаюць Брыся, чым як змога.
Ня хоча мякка ніхто глядзець,
А хутка будзе ізноў трывога,
Ды ўстане шчэ раз стары мядзьведзь.

Як можна болей сабакаў трэба,
Падобных Брысю, пры боку мець,
Ня біць, ня лаяць, а даць ім хлеба,
Слабых бо зломіць стары мядзьведзь.

19.VII.1927 г.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Спадчына", 1991. № 6. С. 16—17.

 

... да пачатку старонкі