«ЛЯМЕНТ...» НА СМЕРЦЬ ЛЯВОНЦІЯ КАРПОВІЧА

Гэтая невялічкая паэмка была выдадзена ў 1620 г. у Вільні асобнай кніжачкай на дваццаці сямі старонках. Шрыфт у яе прыгожы, чытаецца яна досыць лёгка. Замест нумарацыі — кустодзій (пагінацыя паводле першага слова новай старонкі), калі ўнізе старонкі ў якасці ключавога знака пішацца першае слова, з якога пачынаецца наступная. Як відаць з загалоўка, твор прысвечаны Лявонцію Карповічу.

Л. Карповіч нарадзіўся на Піншчыне ў шляхецкай сям'і каля 1580 г. Вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні, з 1609 па 1620 гг. жыў у Вільні, спачатку быў рэдактарам і карэктарам брацкай друкарні, пасля — архімандрытам манастыра.

Карповіч — адукаваны на свой час чалавек, ён ведаў некалькі моў, перакладаў і пісаў уласныя творы, напрыклад, палемічны твор «Казанье двое. Одно на преображеніе господа нашего Ісуса Христа. Другое на успеніе... богородицы и присное девы Марій» (Еўе, 1615). Быў Керповіч і добрым прамоўцам. Зразумела, што смерць Карповіча была цяжкім ударам для праваслаўных жыхароў г. Вільні. На яго пахаванні М. Сматрыцкі сказаў сваё «Казанье на честный погреб... Леонтія Карповіча». Тады ж быў напісаны невядомым аўтарам, або хутчэй за ўсё групай аўтараў, і «Лямент...».

«Лямент...» вытрыманы ў панегірычнай вершаванай традыцыі, якая пачалася яшчэ ад А. Рымшы, аднак сваім ідэйным зместам ён прымыкае да празаічных палемічных твораў праваслаўнага кірунку таго часу. Асабліва ж блізкі ён да падобных твораў ва ўкраінскай літаратуры («Лямент дому княжат Острозскйх», 1603; «Верше на жалосный погреб зацного рыцера Петра Конашевйча Сагайдачного...» К. Саковіча, 1622).

Твор складаецца з дзвюх асноўных частак — «ляменту» па нябожчыку (дванаццаць старонак) і «адказу» памёршага сваёй пастве (дзесяць з паловай старонак). Напісаны твор 13-складовым сілабічным вершам з цэзурай (паўзай) пасля сёмага складу.

Абарона праваслаўя, усхваленне Карповіча, які вельмі шмат зрабіў для праваслаўнай царквы,— галоўная ідэя твора. Гэтай ідэі падначалены ўсе мастацкія сродкі твора. Рэальных звестак з жыцця Карповіча ў творы вельмі мала: памёр у няпоўныя сорак гадоў, сядзеў два гады ў турме за надрукаванне «Фрынаса» М. Сматрыцкага. Аўтар паэмы пераважна агульнымі словамі ўслаўляе такія рысы Карповіча, як любоў да бліжняга, набожнасць, справядлівасць, спагадлівасць да людзей, карацей — тыя рысы, якія можна было прыпісаць кожнаму «добраму» чалавеку. Аўтар імкнуўся стварыць ідэальны вобраз праваслаўнага «святога», чаго ён і дасягнуў.

Галоўнае, што павінна быць адзначана: паводле сваіх мастацкіх вартасцей «Лямент...» стаіць вышэй за ўсю нашу паэзію канца XVI — першай паловы XVII ст., нават за шмат якія вершы С. Полацкага, асабліва маскоўскага перыяду. Трапныя метафары, эпітэты, параўнанні, гіпербалы, каларытныя народныя словы — усё гэта густа перасыпае твор, робіць яго па-свойму непаўторным помнікам нашага старога пісьменства наогул.

Асабліва ахвотна аўтар карыстаўся метафарам!. Напрыклад:

Его душа, як пташок от тенет таемных
Ловцов, ушла, порвала сети засад земных,
Нашла собе мешкане голубица тиха,
Гнездо в небе леч нашла ах горлица лиха,

Альбо вось аўтар вуснамі Карповіча дае характарыстыку тых умоў, у якіх жывуць і ён і яго аднаверцы:

Хто в огнилом, похилом дому жить зезволит,
Хто ся смеле до него на мешканье склонит,
Гды обачыт, а оно стены уступают,
Дах сыплется, фундамент, филяры фалюют.
Балки трещат, а весь дом зовсем упадает,
Хто з разумных в таковых руинах зостает.
Пры чытанні ўрыўку міжвольна забываецца, што ён непасрэдна адносіцца да Карповіча і да рэлігійнай барацьбы на Беларусі ў сувязі з Брэсцкай уніяй 1586 г. Перад намі паўстае велічная, грозная стыхія прыроды — віхура, якая ўсё змятае на сваім шляху.

Цікава, што такое алегарычнае супастаўленне прыроднай стыхіі з грамадскімі з'явамі, характэрнае для пісьменнікаў новага часу, умела выкарыстаў яшчэ аўтар «Ляменту...» у пачатку XVII ст.

Шмат у творы змястоўных эпітэтаў, такіх, як «горкопомятливого, пелынного плачу», «в ночнодневном стоянью», «смертная секера», «меч сталистый» І г. д., якія дэталізуюць, падкрэсліваюць слова, да якога яны адносяцца. Так, цікавае слова «сталісты». Калі б аўтар сказаў проста «стальны» або «жалезны» меч, то замест вобразнага малюнку атрымалася б звычайная, малавыразная канстатацыя.

Вельмі цікавы лексічны склад мовы. Багаццем слоў і выразаў, узятых з жывой мовы і побыту народу, «Лямент...» не мае роўных сярод паэтычных твораў таго часу. Прывядзем толькі некаторыя словы і выразы: з вечара, отвсюль, на схилку лет, досыть, троха, неколи, хиба, дармо, уторовать путь, зычить, стратить, заваблять, урадник, гарбар, попрадуха ниток, коваль, клубок, рахунок, оборонца, секера, бубен, стос дров, серп, помост, звычай, рада (у сэнсе нарада), клопоты, забавы, брыдкость, сестрички, жродло, тенеты, шата, копа (верхняя вопратка), тыдень, потравка (ежа), вада і г. д., і г. д.

Не наша сёння задача разбіраць ва ўсіх аспектах лексічны склад «Ляменту...». Зазначым, што нават з гэтага беглага пераліку відаць, наколькі разнастайная тут лексіка, і зразумела, што ў кантэксце ўсяго твора і ў сувязі з іншымі словамі кожнае слова дае пэўнае фразеалагічнае паняцце або мастацкую дэталь. Усё гэта зрабіла «Лямент...» адным з найбольш дасканалых твораў сілабічнай паэзіі канца XVI—XVII ст. ст., які павінен заняць сваё пачэснае месца ў гісторыі нашай старой літаратуры, і ў прыватнасці паэзіі.

Мікола ПРАШКОВІЧ.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1973. № 2.
С. 40—41. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі