МАСТАЦКІ ПОМНІК ГРУНВАЛЬДУ

У 1516 г. у кракаўскай друкарні Яна Галера выйшла ў свет напісаная па лацінску гістарычная паэма Яна з Вісліцы «Пруская вайна». Тут побач з паэмай, сярод іншых прысвячэнняў, было змешчана вершаванае прысвячэнне аўтара свайму настаўніку, прафесару Кракаўскага універсітэта, лацінска-польскаму паэту-гуманісту Паўлу Русіну з Кросна. Невялікая памерам паэма Яна з Вісліцы (1105 радкоў гекзаметра) прынесла яму еўрапейскую славу.

3-за адсутнасці адпаведных матэрыялаў мы не можам узнавідь біяграфію паэта ва ўсіх дэталях. Можна толькі, карыстаючыся параўнаўчым гісторыка-філалагічным аналізам творчасці паэта, пазначыць некаторыя вехі яго жыцця.

Ёсць падставы меркаваць, што Ян з Вісліцы закончыў універсітэт у Кракаве, дасягнуў навуковых ступеняў бакалаўра (1506) і магістра-экстранеуса (1510). Лацінскае слова «extraneus» азначае іншаземец, чалавек з іншых краёў. 3 рэктарскіх актаў універсітэта, апублікаваных польскім даследчыкам У. Віслоцкім, відаць, што Ян з Вісліцы называў сябе «рутэнусам», русінам. Гэта дазваляе думаць, што Ян з Вісліцы — беларус паходжаннем. Прымем пад увагу і некаторыя іншыя акалічнасці.

У змешчаным у кніжцы лісце да Паўла Русіна з Кросна паэт піша: «Гэтую кніжку («Пруская вайна». — В. Д.) я прысвяціў як хвалебную песню Сігізмунду, непераможнаму каралю Еўрапейскай Сарматыі, нарэшце Польшчы, якою я выхаваны...» Задумаемся: каб Ян з Вісліцы быў карэнным жыхаром Польшчы, ці была б у яго патрэба акцэнтаваць, што ён выхаваны Польшчай?

Прозвішча паэта магло быць звязана з мястэчкам Вісліца у цэнтральнай Польшчы, а магло — не бяромся меркаваць катэгарычна — і з назваю беларускай рэчкі Вісліцы (раён паміж Клецкам і Пінскам), якая ўпадае ў возера Пагост.

Паэт піша пра бітву з татарамі 1506 пад Клецкам: «Дзёрзкі татарын прыняў гібель на палях літоўскіх, справа, вядомая многім, і гэта засведчыць Клецка цвярдыня» (тут і далей — празаічны пераклад, зроблены намі. — В. Д.). Ці не нарадзіўся Ян з Вісліцы ў Клецку альбо ў яго ваколіцах?

Нельга, нарэшце, не адзначыць тую пранікнёнасць і цеплыню, з якою аўтар «Прускай вайны» паэтызуе поўныя нягучнай красы беларускія краявіды: «Слаўны наш край параскінуўся вельмі шырока. Яго непралазныя нетры цягнуцца аж да скіфскіх далёкіх земляў. Тут безліч меданосных угоддзяў, пашаў і ніў».

Далей аўтар гаворыць, што гэты край «продкі карэнныя грубым імем Літва» назвалі. Вядома, гутарка тут ідзе не пра этнаграфічную Літву, а пра землі цэнтральнай і заходняй Беларусі і ўласна Літвы, якія склалі гістарычнае ядро Вялікага княства Літоўскага. «Грубае імя» ў дачыненні да Літвы — палемічна-іранічнае, вынік уздзеяння на Яна з Вісліцы той еўрапейскай (запазычанай ад грэкаў і рымлянаў) літаратурнай традыцыі, паводле якой, па-першае, землі ад Віслы да Дона называліся Еўрапейскай Сарматыяй (прыгадаем прысвячэнне Сігізмунду I), а па-другое, усе яны лічыліся малакультурнымі, «грубымі» (у супрацьлегласць Італіі) «краінамі Поўначы».

Ці трэба здзіўляцца, што, будучы сынам свайго часу, Ян з Вісліцы падзяляў некаторыя памылковыя ўяўленні, гэтаму часу ўласцівыя. Здзіўлення варта іншае: тая непрыкрытая сімпатыя, з якою паэт гаворыць пра Белую, Чорную і Чырвоную Русь, пра «трайных русінаў», што «частку Сарматыі займаюць» і «ўладаюць вельмі прасторнымі і дбайна ўробленымі палямі». Мяркуем, што іменна шчырае патрыятычнае пачуццё паэта прадыктавала яму такі радок у паэме: «I беларусы, славутыя сваёй мужнасцю на вайне». Гэта — адна з першых у еўрапейскай мастацкай літаратуры згадак пра беларусаў.

Поспех маладому паэту Яну з Вісліцы прынесла эпічная паэма «Пруская вайна», і найбольш — тая частка яе, дзе паказаны славутая Грунвальдская бітва (15 ліпеня 1410 г.), разгром Тэўтонскага ордэна крыжакоў аб'яднанымі арміямі Польскага каралеўства і Вялікага княства Літоўскага, згуртаваным саюзам палякаў, беларусаў, украінцаў, рускіх, літоўцаў, чэхаў, татар.

Мяркуючы па ўласных выказваннях аўтара, ён ставіў сабе за мэту зберагчы ў памяці пакаленняў гераічную славу пераможцаў у Грунвальдскай бітве, пасля якой тэўтонскія «псы-рыцары» ўжо не здолелі аднавіць свае сілы і весці агрэсію супроць Польшчы, Літвы, Беларусі. «Слава бітвы была ахінута цемрай, бо не была апета пяром паэта»,— пісаў Ян з Вісліцы. Яму хацелася, каб на грунвальдскай славе выхоўвалася моладзь, бо «мужнасць моладзі ўзмацняецца любоўю да радзімы».

Ян з Вісліцы — адзін з першых еўрапейскіх паэтаў-гуманістаў, якія добра ўсвядомілі значэнне грунвальдскай перамогі для далейшага гістарычнага лёсу славянскіх народаў. I не вузка правінцыяльныя інтарэсы «мясцовага» патрыятызму вялі пяром паэта, калі ён паглыбляўся ў падзеі стогадовай даўнасці, а агульнадзяржаўныя інтарэсы Вялікага княсгва Літоўскага і Польшчы, супольнага славянскага свету, над якім навісла пагроза з боку Турцыі і Крымскага ханства. Паэтычны расказ аб Грунвальдзе павінен быў прагучаць перасцярогай захопнікам і навукай мужнасці славянскім народам.

Паводле першапачатковай задумы паэта Грунвальдская баталія мусіла заняць галоўнае месца ў «Прускай вайне» — было ж напісана толькі 400 радкоў; аднак іменна гэтае апісанне стала эпіцэнтрам твора, дзе скандэнсаваліся гістарычная філасофія і палітычна-маральныя погляды аўтара.

Папярэдні мастацкі вопыт сусветнай літаратуры на тэму Прускай вайны і Грунвальдскай бітвы быў вельмі нязначны, і хоць Ян з Вісліцы сям-там спасылаецца на гэты вопыт, ён дае яму калі і не зусім адмоўную, то ва ўсякім разе і не надта высокую ацэнку: сапраўдная веліч Грунвальда як след не апета. Трэба думаць, што Ян з Вісліцы меў на ўвазе вершаваныя надпісы на сцяне Кракаўскага замка, рэлігійна-дыдактычныя песні Міколы з Блоні і манаха з Андрэева, Яна (XV ст.), а таксама ананімную старасвецкую «Песню пра Прускую вайну» (створана каля 1510 г.).

Можна сказаць, што Ян з Вісліцы ішоў цаліною, апіраючыся не столькі на вопыт непасрэдных сваіх папярэднікаў-паэтаў, колькі на празаічныя жанры польскіх і нямецкіх храністаў і вусныя легенды аб Грунвальдзе. Карыстаўся паэт і звесткамі аб вялікай бітве, пачэрпнутымі ў рукапісных працах выдатнага польскага гісторыка і дыпламата Яна Длугаша (памёр у 1480 г.).

Пры гэтым трэба адзначыць, што ў сваім адлюстраванні гістарычных падзей Ян з Вісліцы нідзе не збіваецца на павярхоўную кампіляцыю, ён заўсёды пакідае за сабою права на ўласны адбор і асэнсаванне фактаў, на чыста мастацкае, не хранікальнае іх «дамысліванне» ў згодзе з цэласным эпічным замыслам. Праўда, і ў Яна з Вісліцы адчуваецца ўласцівы тагачаснай гістарыяграфіі і літаратуры элемент павучання, дыдактыкі, але непасрэдная сіла вобраза і голас чалавечага ўзрушэння бяруць верх над маралізатарскай тэндэнцыяй.

Галоўная тэма твора Яна з Вісліцы — вайна і людзі, вайна і свет. Дзеяч Адраджэння, ён яшчэ не валодае гістарычна-канкрэтным поглядам на грамадскія працэсы і таму вырашае тэму ў надта агульным маральна-этычным плане: войны нараджае людская хцівасць. Паэт робіць кароткі, але выразны экскурс у гісторыю Ордэна крыжакоў. 3 болем гаворыць паэт аб трагедыі старалітоўскага племені прусаў, у XIII ст. бязлітасна вынішчанага крыжакамі: «Прусаў гаротных зганяюць жорсткія войны. У раллю засяваюць не зерне, а трупы. Звон нашэсця калышацца над спустошанымі гонямі...»

Крыжакі, кажа паэт, страцілі лепшыя традыцыі еўрапейскага рыцарства, і крывавыя войны сталі для іх «свяшчэнным абавязкам»; «уводзячы звычаі хрысціянскія, яны пад неба ўзносяць моцныя крэпасці... I каб адхіліць ад маладых душ усякія грэшныя ўплывы, гучна абвяшчаюць сваю ўладу над гэтымі душамі...»

Выбухнула Пруская вайна. «Страх невыносны і прага сляпая ўлады паклалі зброю ў рукі правадыра» (магістра). Ян з Вісліцы расказвае, што «на дапамогу Ордэну сцякліся рыцары з усяе Германіі», якія «рынуліся на лёгкую здабычу», і што, апроч «войска магутнай Цюрынгіі, швабаў, швейцараў, абраннікаў далёкай Фрызіі», былі тут і «брытаў атрады... Хіба іх усіх пералічыш?» I цікава, што, гаворачы пра спакушаных ці ашуканых Ордэнам «юнакоў, якія залатое зерне сеялі недзе за Эльбай», паэт-гуманіст дае нам адчуць усю недарэчнасць вайны, яе варожасць жыццю, працы, самому прызначэнню чалавека, закліканага сеяць не смерць, а «залатое зерне».

Іменна гэтыя адносіны да вайны як да крывавай бяссэнсіцы і злачынства Ян з Вісліцы «перадаручае» свайму герою, польскаму каралю Ягайлу: «Ён быў усхваляваны цяжкім горам і, не жадаючы праліваць чалавечую кроў, шле паслоў, каб стрымаць звар'яцелых ад вайны (рыцараў) і дасягнуць згоды і жыць з народамі вечна ў міры». Крыжакі, расказвае далей паэт, не падалі Ягайлу руку згоды і паслалі знакі вайны — два крывавыя мячы.

Аўтар «Прускай вайны» памыляецца, калі піша, быццам Ягайла шле паслоў у варожы стан пасля таго, як яго ўласныя войскі былі ўжо сабраны для бітвы. У сапраўднасці было інакш. Прадстаўнікі Ягайлы прыбылі на Мальборскую кансультацыю (1 жніўня 1409 г.). На гэтай кансультацыі паслы прасілі ордэнскага магістра не нападаць на Жамайцію, пакуль не будуць высветлены агульныя спрэчкі. Але магістр адказаў паслам, што ягонае права — караць язычнікаў-жмудзінаў і што да гэтага няма ніякай справы ні Ягайлу, ні літоўскаму князю Вітаўту.

Не зусім дакладны аўтар паэмы і ў гісторыі з акрываўленымі мячамі. Такія мячы ордэн паслаў не аднаму Ягайлу, як піша паэт, ідучы за Длугашам, а і Вітаўту.

Калі моцна ідэалізаваны Ягайла «ўзяў» на сябе паэтаў «пацыфізм», яго актыўнае непрыняцце вайны, то ў вобразе Вітаўта ўвасобілася такая не менш важная рыса гуманізму Яна з Вісліцы, як дзейсны патрыятычны пафас, вернасць паэта традыцыям народнага свабадалюбства і воінскай доблесці. Вось характэрная ў гэтым сэнсе сцэна з паэмы. Дазнаўшыся, што ў ходзе Грунвальдскай баталіі вораг прымусіў адступіць частку літоўскіх атрадаў, Вітаўт ляціць у стан караля і застае яго за імшой. «Хіба ты не ведает, брат, што нашы воіны адступаюць, хіба не чуеш пошчаку коней? — крычыць Вітаўт.— Няма цяпер часу для малітваў, загадай, каб узняліся твае палякі». I палякі ўзняліся. Іменна палякі разам са смаленскімі атрадамі (харугвамі) і атрадамі Вітаўта вытрымалі галоўны націск ворага, акружылі яго і нанеслі яму смяртэльныя ўдары. Паэт малюе Вітаўта ў гераічным арэоле; народ празваў яго «громам вайны»: ён «збірае храбрыя народы на пабоішча». У апалчэнне Вітаўта, піша паэт, апроч літоўцаў, жмудзінаў, уліліся рускія, татары, беларусы (Длугаш удакладняе: Берасцейская, Ваўкавыская, Віцебская, Гарадзенская, Драгічынская, Лідская, Полацкая, Пінская, Новагародская, Мсціслаўская, Мелыйцкая і іншыя харугвы), а таксама чэшска-мараўскія атрады.

Старонкі, якія непасрэдна малююць Грунвальдскую бітву,— лепшыя ў паэме: экспрэсіўныя, маляўнічыя і прыкметна суаднесеныя з узорамі класічнага гамераўскага эпасу. «Быў гарачы час, калі ліпень прыспешваў, каб хутчэй раслі дары Цэрэры на ўрадлівых палях, а жняцы ўжо гатовы былі прыняцца за высакародную працу. Суровы Марс, што стаяў насупраць, над прускімі абшарамі, змешваў арміі і пазалочаны шчыт паказваў тэўтонам, палякам, літвінам і прусам, смерць крывавую клікаў... I яна барвоваю змейкай на полі бітвы бегла, беручы тых, хто спяшаўся ў глыбокую ноч у возера Сцікса...»

Далей паэт дае моцнае сваім дынамізмам апісанне баталіі: «Імчыцца татарская конніца. Яе воіны выхопліваюць лукі, калчаны, коней рыссю пускаюць.... Абрынуўся град смертаносных стрэл... Атрады ганарлівых тэўтонцаў у даспехах і шлемах падалі, бітыя татарскімі стрэламі. У волатавых радах наперад ідуць беларусы, следам літоўцы... Бітва кіпіць... Нават нябёсы ўчарнелі ад смертаносных стрэл...»

Яшчэ далей Ян з Вісліцы паказвае, як ваенны лёс на нейкі час пакідае аб'яднаныя войскі Вітаўта (іменна тады ён хутчэй за «ўсходні вецер» кінуўся да польскага караля), але «воінаў смеласць расце», і «Вітаўт насядае на ворагаў, б'е левым крылом, татарскую конніцу кліча», і «пахіснуліся варожыя сілы», і «сціснуліся ад страху грудзі крыжаносца», «са страху германец коней панукае, каб дзе як схавацца», але няма ні сховішча, ні ратунку «акружанаму войскамі палякаў, Літвы, беларусаў» тэўтонскаму рабаўніку і забойцу. Гіне вялікі магістр ордэна Ульрых фон Юнгінген...

3 паэмы «Пруская вайна» мы дазнаёмся, што здабытыя ў баі сцягі і трафеі, а таксама адрэзаныя бароды крыжакоў пераможцы вывесілі на купалах храмаў Вільні і Кракава. Заканчваецца другая, «грунвальдская» частка паэмы гімнам у гонар воінаў, што «зведалі шчасце перамогі» над «пыхлівым германцам»...

Значэнне «Прускай вайны» Яна з Вісліцы не толькі ў тым, што яна ўзнаўляе надзвычай драматычную старонку гісторыі славянскіх народаў, іх самаахвярнага змагання супроць нямецкай экспансіі. Важна і тое, што ў інтэрпрэтацыі паэта Грунвальдская бітва — сапраўды народнае змаганне, а не толькі бітва каралёў, князёў, і менавіта таму можна сказаць, што паэма «Пруская вайна» стаіць ля вытокаў жанру эпапеі ў новалацінскай паэзіі Польшчы і Беларусі пачатку XVI ст., а яе аўтар — заснавальнік традыцыі, якая пазней знойдзе сваё класічнае развіццё ў геніяльным эпасе А. Міцкевіча і ў «Порах года» К. Данялайціса.

Адрасаваная шырокаму еўрапейскаму чытачу, паэма Яна з Вісліцы адкрывала свету Усходнюю Еўропу, беларускі і літоўскі край, паказвала яго свабадалюбныя, мужныя і працавітыя народы.

В. I. ДАРАШКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1975. № 3.
С. 55—59. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі