МІКАЛАЙ МІНСКІ

Яшчэ ў мінулым стагоддзі Мінск быў горадам, да назвы якога рускія літаратары часта рабілі спасылкі, мяркуючы, што не кожны ведае, дзе ён знаходзіцца. Аднымі з першых «адкрывальнікаў» Мінска можна лічыць Д, Фанвізіна і Г. Дзяржавіна, якія падарожнічалі па Беларусі. У Мінску служылі Д. Давыдаў, будучыя дзекабрысты М. Мураўёў, А. Бястужаў і іншыя. I, нарэшце, Мікалай Максімавіч Віленкін у самым пачатку свайго творчага шляху бярэ псеўданім «Мінскі».

Цікавы і разам з тым трагічны лёс гэтага вядомага рускага паэта другой паловы мінулага стагоддзя. М. Віленкін нарадзіўся ў 1855 г., у Мінску скончыў гімназію з залатым медалём, вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага універсітэта, Будучы студэнтам, сябраваў з вядомымі нарадавольцамі, пазнаёміўся з Г. В. Пляханавым і выконваў асобныя яго даручэнні. У 1879 г. Віленкін атрымаў ступень кандыдата праў. У час працы прысяжным павераным Санкт-Пецярбургскай судовай палаты ён пачаў спрабаваць свае творчыя сілы як журналіст, затым хутка набыў вядомасць паэта народніцкага кірунку, друкаваўся ў перыядычных выданнях Пецярбурга, Масквы, Мінска, Вільні, галоўным чынам у «Новом времени», «Вестнике Европы», «Отечественных записках», быў сябрам сям'і М. Я. Салтыкова-Шчадрына. У адным з першых надрукаваных вершаў, «Наша гора», М. Мінскі пісаў:

Не в ярко блещущем уборе
И не на холеном коне
Гуляет, скачет наше горе
По нашей серой стороне.

У канцы 1878 г. паэт наведаў родны беларускі край, і хутка ў «Отечественных записках» з'яўляецца яшчэ адзін верш, «У вёсцы», у якім чуюцца тыя ж грамадзянскія матывы:

Я вижу вновь тебя, таинственный народ,
О ком так горячо в столице мы шумели.
Как прежде жизнь твоя — увы — полна невзгод.
И нищеты ярмо без ропота и цели.

«Вестник Европы» друкуе яго новую паэму «На радзіме», прысвечаную балгарам і сербам, што знаходзіліся пад прыгнётам туркаў. Наступныя значныя творы — гістарычная паэма «Асада Тульчына» і «Белыя ночы» — выдаваліся па некалькі разоў.

У 1879 г. М. Мінскі стварае сваю «Серанаду», якая стала вядомай песняй пасля таго, як твор гэты паклаў на музыку А. Рубінштэйн. Хутка «Серанада» ператварылася ў гімн рэвалюцыянераў-народнікаў.

Праз 8 год чытачы Пецярбурга атрымалі зборнік вершаў паэта. М. Мінскі становіцца прафесійным літаратарам. Яго паэзія прыцягвае ўсё больш прыхільнікаў. Ён перакладае вершы П.-Б. Шэлі, робіць новы і найбольш поўны пераклад «Іліяды», якім мы карыстаемся і цяпер. Якраз у гэты час адбыўся душэўны надлом таленавітага літаратара. Ён адмаўляецца ад грамадзянскай тэматыкі, далучаецца да дэкадэнтаў і нарэшце арганізоўвае рэлігійна-філасофскі гурток.

У 1888 г. памёр адзін з таленавітых пісьменнікаў другой паловы XIX ст. У. М. Гаршын. Па даручэнню літаратурнага таварыства Пецярбурга над магілай Гаршына выступіў Мікалай Мінскі і прачытаў верш, прысвечаны пісьменніку. Верш гэты крануў А. М. Горкага.

Але падобных уздымаў у творчасці паэта было ўсё менш, і яго ўсё мацней зацягвала багна сімвалізму.

Непакоячыся за таленавітага маладога чалавека, які нямала зрабіў для нарадавольніцкага руху ў Расіі, Г. В, Пляханаў намагаўся вярнуць яго «на круги своя». У працы «Пра так званыя рэлігійныя шуканні ў Расіі» Г. В. Пляханаў заклікаў М. Мінскага зрабіць крок назад, да сябе самога, вярнуцца ў народную плынь паэзіі. У сваю чаргу бальшавікі зрабілі крок насустрач М. Мінскаму. Даведаўшыся, што паэт мае афіцыйны дазвол на выданне газеты, яны, у надзеі выратаваць ад дэкадэнцтва М. Мінскага, запрасілі яго (зыходзячы з цэнзурных меркаванняў) стаць выдаўцом і фармальным рэдактарам газеты «Новая жизнь».

У гэты перыяд у жыцці і творчасці паэта пачынаецца новы ўздым. Ён піша пра рэвалюцыянераў, якія гінуць за справу народа, рыхтуе да выдання поўны збор твораў у чатырох тамах, які ўбачыць свет у 1907 г., калі аўтар будзе ўжо далёка за межамі радзімы...

Пачалося з таго, што М. Мінскі, як толькі ўбачыў спад рэвалюцыі 1905 г., пачаў барацьбу з бальшавіцкім ядром рэдакцыі газеты «Новая жизнь» — С. М. Альмінскім, А. В. Луначарскім, I. I. Скварцовым-Сцяпанавым, У. Д. Бонч-Бруевічам. Перагаворы, якія праходзілі пры пасрэдніцтве А. М. Горкага, нічога не далі. Паэта зноў адолелі індывідуалізм і песімізм. Хутка газета была зачынена, а рэдактар і выдавец арыштаваны. Бальшавікі прыклалі максімум намаганняў, каб не пакінуць Мінскага ў бядзе, і паэт быў вызвалены пад заклад. Разам з некаторымі рэвалюцыйнымі пісьменнікамі і журналістамі ён эмігруе за мяжу. Пазней Мінскі вяртаецца на радзіму, але ў падрыхтоўцы і правядзенні Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі не ўдзельнічае. Толькі зрэдку асобныя падзеі нібыта ўзрушваюць яго. Так адбылося ў дні смерці і пахавання Г. В. Пляханава, з якім ён быў асабіста знаёмы і якога вельмі паважаў. Мінскі прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі пахавання Г. В. Пляханава, выступіў над магілай з палымянай прамовай адразу пасля У. I. Леніна. На помніку Г. В. Пляханаву па прапанове паэта былі высечаны словы П.-Б. Шэлі: «Он слился с природой», перакладзеныя на рускую мову М. Мінскім.

У пачатку 20-х гадоў паэт трапляе пад уплыў I. Буніна і разам з ім эмігруе за мяжу, дзе зблізіўся з Бальмантам, Гіпіус, Чорным, Цвятаевай, якія групаваліся вакол газеты «Возрождение». 3 пазіцый белаэмігрантаў ён рабіў нападкі на ўсё, што было звязана з маладой рэспублікай Саветаў.

Савецкі ўрад, памятаючы грамадзянскія матывы ў творчасці М. Мінскага і яго паслугі пры выданні газеты «Новая жизнь», раіў падумаць пра вяртанне на радзіму. А калі М. Мінскі адмовіўся, яму прапанавалі работу ў савецкім пасольстве ў Лондане. Гэта было зроблена з пэўнай мэтай: вырваць паэта з рэакцыйнага парыжскага балота белаэмігрантаў, даць магчымасць апамятацца.

Мікалай Мінскі прыняў прапанову прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў і працаваў у савецкім пасольстве ў Лондане да 1927 г.

Апошнія гады Мікалай Мінскі пражыў у беднаце і невядомасці.

Найбольш каштоўнымі ў мастацкіх адносінах аказаліся раннія творы М. Мінскага. Усе вершы гэтага часу ўвайшлі ў «Бібліятэку сусветнай літаратуры», выданне якой нядаўна было закончана ў нашай краіне. Акрамя таго, у выдавецтве «Советский писатель» у 1972 г. выдадзены двухтомнік «Паэты 1880 --1890 гг.», у якім змешчаны вершы М. Мінскага.

Памёр Мікалай Максімавіч Віленкін (Мінскі) у 1937 г. і пахаваны на могілках каля Парыжа.

В. Д. БАБРОВІЧ, журналіст

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1979. № 4.
С. 14—16.

 

... да пачатку старонкі