«ПЕСНЯ ПРА НЕМАН»

АДАМА ШРОТЭРА 3 СІЛЕЗІІ

Інтэнсіўнае паглыбленне сувязей Вялікага княства Літоўскага з Заходняй Еўропай у эпоху Адраджэння выклікала цікавасць да эканомікі, прыродных умоў, жыцця і гісторыі Беларусі з боку многіх прагрэсіўных прадстаўнікоў заходняй культуры.

Сведчанне таму — напісаная на лацінскай мове Адамам Шротэрам з Сілезіі «Песня пра Нёман, які стаў суднаходным дзякуючы клопатам і намаганням высакароднага і знанага мужа Міколы Тарло» (Кракаў, 1553). Экзэмпляр гэтага надзвычай рэдкага выдання ўдалося адшукаць у аддзеле рукапісаў і рэдкіх кніг навуковай бібліятэкі АН Літоўскай ССР. Будучы вядомы еўрапейскі паэт-лацініст, увянчаны лаўравым вянком, вучоны і перакладчык, Адам Шротэр (1525— 1572) нарадзіўся ў Цытаве над Нісай у сям'і настаўніка кафедральнай школы. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Франкфурцкім, Пражскім, Падуанскім універсітэтах. У 1552 г. Шротэр іматрыкуляваўся ў адзін з буйнейшых па тым часе Кракаўскі універсітэт.

Са значных твораў паэта вядомы «Кніга элегій і эпіграм» (1552), «Праўдзівае апісанне Вяліцкіх капальняў солі» (1553), «Трон і імператар» (1558), пераклад на лацінскую мову трактата «Прэпараты і рэцэпты» славутага нямецкага гуманіста і хірурга Т. Парацэлюса.

У Кракаве Адам Шротэр стварыў у 1553 г. «Песню пра Нёман» (288 вершаваных радкоў), якая з прадмовай аўтара неўзабаве была выдадзена ў кракаўскай друкарні Лазара Андрысовіча.

Ні ў прадмове да паэмы, ні ў самой паэме канкрэтна не сказана, ці пабываў Шротэр на землях Беларусі і Літвы. Відаць, паэт пісаў свой мастацкі твор па гарачых слядах падзей, наслухаўшыся розных польскіх і беларускіх магнатаў і купцоў, а таксама студэнтаў «de Lituaniae» ў кракаўскай «альма матэр». Іх нямала, мяркуючы па матрыкулах універсітэта, вучылася тут разам з дваццаці сямігадовым Адамам Шротэрам, і яны не маглі не ведаць пра шырокую каланізацыю Нёмана. Апроч таго, неабходныя звесткі для кнігі аўтар мог атрымаць і ад самога героя будучага твора; не выпадкова ж ён у прадмове называе Тарло сваім «патронам», г. зн. апекуном.

Паэтычная спадчына Адама Шротэра з Сілезіі крыху вылучаецца сярод творчасці еўрапейскіх новалаціністаў пільнай увагай да «вытворчай» тэмы. Так, у «Праўдзівым апісанні Вяліцкіх капальняў солі» аб'ектам мастацкага адлюстравання сталі цяжкія ўмовы працы здабытчыкаў солі, практычная карысць солі для чалавека.

«Песня пра Нёман» — як бы ўзбагачаны працяг папярэдніх паэтычных здабыткаў паэта, дзе раскрываецца новая, важная сваёй праблематыкай тэма — як Нёман стаў суднаходнай ракой. Падкрэслім, перад намі не сачыненне кракаўскага шкаляра, а твор, напісаны спрактыкаванай рукой майстра, маладым чалавекам з рэнесансным паглядам на свет.

Паэма напісана лёгкім і роўным элегічным дысціхам. Яе галоўная ідэя — узвелічэнне энергічнага, дзейнага і цэласнага чалавека эпохі Адраджэння, паказ яго асабістай ролі ў справе цывілізацыі, уздыму краю і праслаўленне зямель, лясных багаццяў, рэк Беларусі і Літвы ў Заходняй Еўропе. У характэрнай для таго часу літаратурнай манеры захаплення антычнай міфалогіяй і панегірызмам Шротэр ўздымае на шчыт паэзіі культ зямнога чалавека, яго працоўны подзвіг і ўслаўляе нягучнай красы беларускую прыроду. Гэта важна і таму, што ў сярэднія вякі ўслаўленне прыроды ў творах уяўлялася справай небяспечнай і пустой, а праца лічылася, згодна з біблейскім ідэалам, прыніжэннем чалавека, скупленнем граха Адама.

«Песня пра Нёман» — раку «сармацкага краю» (некрытычнае наследаванне антычнай літаратурнай традыцыі прыводзіла да зблытвання гуманістамі славян з сарматамі, інда-іранскімі плямёнамі) — пачынаецца з разгорнутай інверсіі — параўнання Нёмана з Віслай.

...Крануў паэт струны кіфары, каб скласці сваю песню, але хор німфаў заглушыў голас музы, і яму, песнятворцу, нічога не заставалася, як пісаць музыку хваляў. Зазначыўшы, што «патрэбна было б ісці па першых слядах старажытных» (маецца на ўвазе апісанне Сарматыі, якая прасціралася ў антычнасці ад Віслы да Дона), Шротэр не адштурхоўваецца ад паказу Прынямоння грэкамі і рымлянамі. Ён малюе светлыя краявіды маляўнічых ваколіц Віслы і Кракава, і толькі тады думка паэта сягае ў глыбіню «марознага» беларускага краю, «які акружан з усіх бакоў дрымучымі лясамі» (тут і далей празаічны і вершаваны пераклад наш.— В. Д.).

Але раптам у глосы і падтэкст паэмы закрадваецца новая нотка, пачынае гучаць прыхаваны дакор палітычным і дзяржаўным дзеячам Вялікага княства Літоўскага: ваяводу трокскаму Мікалаю Радзівілу, слуцкім князям Георгію і Сямёну, кашталяну (урадніку замка) віленскаму Георгію Віршылу, ваяводу віцебскаму Станіславу Кішцы, кашталяну трокскаму Ераніму Хадкевічу і іншым — за тое, што ў рабоце па паглыбленні, расчыстцы ад камення берагоў і рэчышча Нёмана, у знішчэнні парогаў не адчувалася іх дастаткова шырокая падтрымка. Шаноўныя дастойнікі, дзяржаўныя мужы мусяць шчодра падзякаваць Тарло і яго героям, якія пры падтрымцы караля Сігізмунда Аўгуста здзейснілі гэты подзвіг. Тарло, сцвярджае Шротэр, непасрэдна прычыніўся да росквіту краю.

Зразумела, заслуга каланіста Тарло ў паляпшэнні ўмоў навігацыі на Нёмане і тым самым у развіцці гандлёвых зносін Літвы і Беларусі з Захадам моцна гіпербалізавана паэтам. Вялікіх вынікаў пры паляпшэнні фарватэра Нёмана дасягнуць тады з вельмі недасканалаю пад'ёмнаю тэхнікай было немагчыма. Тут важны сам па сабе акт услаўлення добрых намераў чалавека, які наважыў падпарадкаваць сілы прыроды людзям, грамадству.

Адам Шротэр шматфарбна малюе Нёман, хоць паасобныя радкі выклікаюць сумненне ў іх аб'ектыўнасці.

Па Нёмане здаўна пралягаў адзін са старажытных гандлёвых шляхоў беларускіх і літоўскіх купцоў у Скандынавію і Замор'е. У хроніцы Тэўтонскага ордэна паведамляецца пад 1253 г.: «Па рэчцы, якая ў простанароддзі называецца Нёман (Мемель), паганымі-нявернымі перавозяцца зброя, адзенне, соль і многае іншае, неабходнае для жыцця». У 1323 г. літоўскі князь Гедымін дазваляў купцам і грамадзянам свабодна перавозіць па Нёмане грузы з прычыны забалочанасці і лясістасці краю. Таму Шротэр не аб'ектыўны, калі сцвярджае, што да здзейсненага Тарло подзвігу рака была несуднаходная. Гэта пацвярджае недастатковую дасведчанасць сілезскага паэта ў гісторыі і геаграфіі Беларусі і Літвы.

Мікола Тарло — фігура гістарычная, аднак з дакументальных крыніц пра яго вядома нямногае. К. Нясецкі ў сваім гербарыі лейпцыгскага выдання 1842 г. паведамляў, што львоўскі харунжы Андрэй Тарло меў чатырох сыноў, адзін з іх быў Мікола.

3 герба, змешчанага на супервокладцы кнігі, можна даведацца, што Мікола Тарло нарадзіўся ў Шчакарчовічах, быў харунжым пярэмышльскім, рыцарам каралеўскага двара. «Ён паходзіў з вядомага роду, быў заўзятым энтузіястам, выхаванцам гуманістычнай школы, прыхільнікам мастацтва Палады, вывучаў густы многіх народаў, падарожнічаў па свеце, навучыўся размаўляць на чатырох мовах (польскай, лацінскай, нямецкай і рускай.— В. Д.)»,— такую характарыстыку Тарло дае сам паэт. Вядомы польскі пісьменнік Гурніцкі ў творы «Дваранін» (Кракаў, 1566) пісаў пра свайго сучасніка Тарло як пра «мужа вучонага, выдатнага красамоўцу, разумнага чалавека».

Гэтаму тыповаму рэнесанснаму герою ранне буржуазнага часу давялося весці барацьбу з «прыгожым і нескароным стварэннем прыроды». Нёман у паэме — гэта ўвасабленне беларускага і літоўскага краю. Не адна трупа смельчакоў спрабавала скарыць нёманскую хуткаплынь, вызваліць раку ад камення:

На чоўнах наплывалі герояў атрады, нібы ў атацы,
Кожны з іх на сабе адучуў груз цяжкае працы,
Здаўся ён ім непрыступным і непраходным —
Мог Нёман плаціць аддачай высакароднай...

Хто былі безыменныя энтузіясты першай «каланізацыі» ракі, Шротэр, нажаль, не паведамляе, але можна здагадацца, што нашы продкі. Паэт адзначае, што асіліць неўтаймаванасць стыхіі перашкодзілі войны, якія бушавалі на берегах Немана. Здзяйсненне высокіх задум людзей перакрэслівае вялікае зло — вайна.

Паэт дае чытачу адчуць, якіх духоўных і фізічных намаганняў, матэрыяльных сродкаў каштавала Міколу Тарло яго задума:

Пракаветную крэпасць прыроды ўзяць ён спрабуе
Працаю рупнай: яго хвалюе прыроды нязломная воля.
Думалі многія, план і гэты жджэ папярэднікаў доля.

I ўсё ж перамога, паводле сведчання паэта, была здабыта. Аўтар славіць у паэме чалавека, які паставіў сябе вышэй стыхійных сіл прыроды. Якія ж вывады робіць паэт? «Перамога Тарло дае столькі карысці сармацкаму царству, столькі дапамагае літвінам, колькі пажадаюць таго Дрыяды і Напаі (у антычнай міфалогіі багіні вады.— В. Д.), але ніхто з іх не зможа вылічыць гэтую карысць у канкрэтных лічбах», бо «нястрымнаю плынню нясе Нёман шматлікія судны, плыты, а разам безліч прадуктаў, тавараў, тканін для суседніх мясцін». У Прынямонні расцвітае культура, растуць вёскі: «Цудоўная рака ўзбагачае скарбамі сёлы і пану можа прынесці нямала карысці». I хоць згадкі аб існаванні прыгону няма ў паэме, чытач тут мог задумацца, чаму гэта матэрыяльныя багацці, прыгажосць зямлі беларускай толькі для паслуг паноў.

Адам Шротэр з Сілезіі вельмі высокай думкі аб Нёмане як важным водным гандлёвым шляху. Значэнне рэк для эканамічнага развіцця Беларусі станоўча ацэньвалі многія чужаземцы XVI ст., напрыклад, Сігізмунд Герберштэйн, аўстрыйскі пасол у Маскве, і Рэйнгольд Гейдэнштэйн, польскі каралеўскі гісторык. Апошні пісаў у «Запісках аб маскоўскай вайне (1578—1587)»: «Дабрабыт Полацка настолькі ўзрос дзякуючы вялікай карысці ад ракі Дзвіны, што багаццем ён пераўзышоў сталіцу Літвы Вільна». А намнога раней скандынаўская сага аб Хролі паведамляла: «Рака Дзвіна трэцяя ці чацвёртая з найвялікшых рэк на зямлі».

Адам Шротэр у сваёй паэме пісаў: «Што маюць Захад і Усход добрых купцоў, якія плённа служаць дзяржаве, вялікая заслуга ў гэтым свабоднага і раскутага Нёмана». Паэт заканчвае свой твор гімнам бяссмерця Тарло за яго добрыя справы, услаўленнем ракі:

Калі Вісла славіць палякаў шчаслівыя годы,
Нёман праславіць становішча мужных літвінаў.

Варта дадаць, што распачатую дружынай Міколы Тарло работу па расчыстцы Нёмана было даручана завяршыць у 1775 г. спецыяльнай камісіі на чале з прафесарам матэматыкі Віленскай акадэміі Францыскам Нарвайшам. Работа была зроблена немалая. А потым з часткі каменных глыб і скал майстры ўзнялі ў неба велічную піраміду, на якой высеклі павучальныя словы лацінскага верша:

Я скала, што стагоддзі ў рацэ праляжала,
Выштурхнуў мяне майстра наверх — бачу свет белы.
За што І высмеяна тут. Цяпер не нашкоджу нікому.
Вяслуй спакойна, матрос, на чале сваёй каравелы,
Скарбы багаццяў нясі народам і роднаму дому.
Памятей: няма неадольнага, калі жыве адзінае —
Любоў да старонкі радзімае.

«Песня пра Нёман» Адама Шротэра мае вартасць літаратурна-гістарычнага дакумента аб асваенні Нёмана, водныя рэсурсы якога былі пастаўлены на службу людзям яшчэ ў далёкім мінулым, аб характары таварна-грашовых адносін і эканамічных і культурных зносін Беларусі і Літвы з Заходняй Еўропай у XVI ст. Аўтар вобразна перадаў палітычны дух часу ў Польшчы і Беларусі напярэдадні Люблінскай уніі (1569), паказаў апазіцыю літоўскіх і беларускіх феадалаў і магнатаў да Польшчы.

У плане літаратурна-культурных сувязей паэма Шротэра таксама дае каштоўны матэрыял. 3 яе можна даведацца пра існаванне ў Кракаве прыдворнага гуртка паэтаў, пра тагачасную цікавую і спецыфічную мастацкую форму ўвасаблення ідэі — эмблематыку (апісанне гербаў, геральдыкі). Шротэр, у прыватнасці, апісвае герб Міколы Радзівіла. Такім чынам, паэма Шротэра ўзбагачае наша ўяўленне і аб агульнаеўрапейскім літаратурным працэсе эпохі Адраджэння, і аб сусветным рэзанансе лепшых твораў паэтаў-лаціністаў Беларусі XVI ст., грунтоўнае вывучэнне якіх сёння з'яўляецца надзённай задачай нашага літаратуразнаўства і гістарыяграфіі.

В. І. ДАРАШКЕВІЧ, навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1977. № 2.
С. 30—32. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі