РАЗМОВА ПАЛЯКА 3 ЛІТВІНАМ

Ужо з сярэдзіны XVI ст. беларускае кнігадрукаванне стала з'явай даволі масавай. Друкарні адкрываюцца пры цэрквах і малітоўных дамах розных рэлігійных напрамкаў, а таксама прыватнымі асобамі. Адпаведна расла колькасць друкаванай кнігі, і не толькі рэлігійнага, але і свецкага зместу.

Сярод першых кніг свецкага характару, выдадзеных у Беларусі, быў і невялічкі ананімны твор, надрукаваны ў 1564 г. у Брэсце пад назвай «Размова паляка з літвінам пра тое, што ёсць права, вольнасць, або свабода, і пра унію кароны Польскай з княствам Літоўскім».

Арыгінал «Размовы» — вялікая бібліяграфічная рэдкасць, але пазнаёміцца са зместам кніжкі мы можам дзякуючы таму, што ў 1890 г. яна была перавыдадзена Ю. Кажанёўскім. Твор дзеліцца на дзве размовы-гутаркі паляка з літвінам. Паміж першай і другой «размовамі» — верш «Да палякаў і літвінаў». Мяркуючы па ініцыялах А. В., верш належыць пяру вядомага ў свой час прагрэсіўнага мысліцеля Андрэя Валана.

Пад імем літвіна — галоўнай дзейнай асобы «Размовы» — выступае не літовец нацыянальнай прыналежнасцю, а жыхар Вялікага княства Літоўскага, літвін у дзяржаўным разуменні тэрміну. Ананімны аўтар не ізалюе сябе ад «рускай» часткі насельніцтва княства — беларусаў і ўкраінцаў. Асудзіўшы барацьбу польскага караля Баляслава Смелага супроць кіяўлян, якія паўсталі, аўтар называе яго «фанабэрыстым» і «шалёным». А «народ Русь», што ўваходзіць у склад Вялікага княства, ён лічыць высакародным і смелым. Аўтар усяляк падкрэслівае і тую дадатную ролю, якую адыграў «народ Русь» у гісторыі і культуры Вялікага княства Літоўскага (стар. 68). Усё гэта наводзіць на думку, ці не быў аўтар «Размовы» беларусам або ўкраінцам.

Выхад «Размовы паляка з літвінам» быў непасрэдна звязаны з падзеямі пярэдадня Люблінскай уніі 1569 г. Феадальныя кругі Польшчы імкнуліся выкарыстаць цяжкае знешнепалітычнае становішча княства, каб пазбавіць яго самастойнасці, далучыць да Польшчы на правах правінцыі, а насельніцтва паланізаваць. Супроць уніі нічога не мелі і беларуска-літоўска-ўкраінскія феадалы, але з ўмоваю, што яна, усталяваўшы адзінства знешняй і ваеннай палітыкі, не закране дзяржаўнага ладу і адзінства тэрыторыі кожнага з бакоў. Такім чынам, пры агульным імкненні да уніі польскія і літоўскія колы разумелі яе па-рознаму. I распачалася зацятая і зацяжная палеміка ў розных формах і на розных узроўнях. Часам гэтая дыскусія перакідвалася з канкрэтнай палітыкі на тэорыю дзяржавы і грамадскіх адносін. У прыватнасці, спробу тэарэтычна абгрунтаваць палітычныя намеры польскіх феадалаў у 1564 г. зрабіў С. Ажахоўскі. У сваім творы «Квінцукс» ён даводзіў «гістарычныя правы» Польшчы на інкарпарацыю Вялікага княства Літоўскага. Адказам «літоўскага» боку на тэарэтычныя выкладкі Ажахоўскага і была менавіта «Размова паляка з літвінам», якая стала, такім чынам, важным помнікам і дакументам сацыялагічнай думкі ў тагачаснай Беларусі.

Аўтар «Размовы» і польскі шляхецкі ідэолаг Ажахоўскі па-рознаму разумелі свабоду чалавечай асобы, сутнасць дзяржавы і грамадства, і ў гэтым — галоўная супярэчнасць паміж імі.

Свабода чалавечай асобы — лозунг перадавой гуманістычнай думкі тых часоў. Аднак ім спрабавалі спекуляваць і некаторыя дзеячы рэакцыйнага напрамку, у прыватнасці С. Ажахоўскі, які шмат гаварыў пра свабоду асобы, але меў на ўвазе толькі свабоду шляхціца, а гараджан і сялян лічыў грамадзянамі, «ніжэйшымі» рангам, «слугамі дзяржавы», і толькі.

Інтарэсы польскай кансерватыўнай шляхты Ажахоўскі абараняў і ў поглядах на дзяржаву. Прынамсі, дзеля таго, каб абгрунтаваць яе анексійныя планы ў адносінах да Вялікага княства, Ажахоўскі сцвярджаў, быццам княства — ніжэйшая ў параўнанні з каралеўствам форма дзяржаўнасці. Неадымныя рысы княства, на думку Ажахоўскага,— спадчынная і абсалютная ўлада князя і пана, і таму грамадства не ведае тут свабоды. Наадварот, у каралеўствах, сцвярджаў Ажахоўскі, грамадства карыстаецца ўсімі перавагамі свабоды, бо кароль карануецца духавенствам, у выбарах яго прымаюць удзел падданыя, і гэта, маўляў, гарантуе грамадства ад свавольства і тыраніі караля. Як на ўзор Ажахоўскі спасылаецца на прынцыпы дзяржаўнага кіравання ў каралеўстве Польскім. I ўсё з адзінай мэтаю — каб даказаць, што вялікі князь літоўскі (Сігізмунд Аўгуст, ён жа і кароль Польшчы) мае права распараджацца лёсам княства, можа нават падараваць яго Польшчы, як ён, Ажахоўскі, мае права падараваць свой фальварак Журавіцы. Па сутнасці, гэта быў заклік да караля аднаасобна вырашыць пытанне аб уніі, незалежна, згодны з ёю рада і сейм Вялікага княства ці не.

Аўтар «Размовы» добра разумеў экспансіянісцкую сутнасць разваг Ажахоўскага, а таму прыклаў усе намаганні, каб іх абвергнуць. Крытыку ён вёў у асноўным з прагрэсіўных на той час пазіцый. Прагрэсіўнае было перш-наперш тое, што ў сваёй палітычнай палеміцы ананімны аўтар даволі шырока апіраўся не на рэлігійныя крыніцы, а на матэрыял гістарычны: на факты і прыклады з гісторыі антычных дзяржаў, краін Заходняй Еўропы, а таксама Польшчы і Вялікага княства Літоўскага.

Прагрэсіўная была і сацыяльная пазіцыя аўтара. У процілегласць Ажахоўскаму, які абараняў правы і свабоды толькі шляхты, аўтар «Размовы» падтрымліваў ідэю роўнасці перад законам усіх людзей, незалежна ад іх саслоўнай прыналежнасці. I зыходзіў ён з прынцыпаў натуральнага права, прычым у форме, вельмі падобнай на форму, якую раней набылі аналагічныя ідэі Скарыны. «Людзі паміж сабой ад нараджэння аднолькавыя»,— гаворыць аўтар «Размовы» вуснамі літвіна. «А калі чалавек,— працягвае ён далей,— чалавека без віны крыўдзіць, б'е, забівае, дык гэта супроць права натуры, падобна да таго, як бы сам сабе шкодзіў, чыніў зло, сам сябе забіў, атруціў, спаліў» (стар. 13).

Аўтар «Размовы» адхіляе тэзіс Ажахоўскага, нібыта свабода чалавека можа знайсці сваё ўвасабленне толькі ў каралеўствах. На гістарычных прыкладах ён даказвае, што не існуе проста прычыннай сувязі паміж формай дзяржаўнасці і наяўнасцю (або ненаяўнасцю) там свабоды. Сцвярджаючы, што няма істотнай розніцы ў формах праўлення паміж каралеўствам і княствам (тут адчуваецца бясспрэчны ўплыў Арыстоцеля і Цыцэрона), ананімны аўтар робіць правільны вывад, што каралеўства і княства — праўленні аднолькавай формы, бо агульная іх рыса — улада аднаго (манархія).

Уплыў ідэй Арыстоцеля і Цыцэрона на погляды аўтара «Размовы» і ў тым, што галоўную мэту грамадства ён бачыў у імкненні да агульнай карысці.

Аўтар «Размовы» быў першы мысліцель Беларусі, які выступіў у абарону абсалютнай манархіі. Вядома, што К. Маркс лічыў падобныя выступленні за абсалютызм у часы сярэдневякоўя з'явай прагрэсіўнай, скіраванай супроць феадальнага сепаратызму і анархіі. «Няхай кіруе кароль, а каралём няхай ніхто не кіруе, толькі бог і права»,— вось асноўнае патрабаванне ананімнага аўтара {стар. 50). Як правільна заўважыў польскі гісторык А. Рамбоўскі, аўтар «Размовы» высока ацэньвае абсалютную манархію толькі таму, што лічыць, быццам яна лепш за шляхецкі сейм абароніць агульнаграмадскія інтарэсы. Кароль, аднак, не можа правіць дзяржавай адвольна. Прынцыпы свайго кіравання ён павінен прыводзіць у адпаведнасць з нормамі права. Таму, выступаючы за абсалютную манархію і безумоўнае падпарадкаванне падданых уладзе, ананімны аўтар у той жа час не адмаўляе права падданых супраціўляцца тыраніі ў тых выпадках, калі князі і каралі парушаюць законы краіны. Калі б у Вялікім княстве Літоўскім улада была ў руках тырана, то, на думку аўтара, «такога б Літва не цярпела» (стар. 66).

Са зместу «Размовы» відаць, што аўтар абараняе ідэалы сацыяльнага міру паміж класамі і саслоўямі тагачаснага грамадства. 3 аднаго боку, ён прапагандуе любоў і павагу простых людзей да дзяржавы і манарха, а з другога — асуджае жорсткі прыгнёт феадаламі сваіх падданых, якіх яны, са слоў літвіна, «за людзей лічыць не хочуць» (стар. 54). Рэзка крытыкуе аўтар «Размовы» дзяржаўны і сацыяльны лад сучаснай яму Польшчы, тую «польскую свабоду», якую на ўсе застаўкі расхвальваў С. Ажахоўскі. Шляхецкая распуста і сквапнасць, анархія і беззаконнасць у дзяржаве — вось, паводле нашага аўтара, сутнасць гэтай «свабоды» (стар. 40—49). I, вядома, нічога супольнага з сапраўды гуманістычным разуменнем свабоды яна не мела. Не намнога лепшыя, лічыў ананімны аўтар, былі грамадскія адносіны ў княстве Літоўскім — тая ж шляхецкая «распуста, якую вы свабодай называеце, пашырылася і там» (стар. 34).

Рэалістычна глядзеў аўтар «Размовы» і на частыя ў эпоху сярэдневякоўя войны. Ён падзяляў іх на справядлівыя і несправядлівыя. Першыя, на яго думку, вядуцца «за радзіму, свабоду, маёмасць, жонак і дзяцей»; другія «больш да смаку панам, чым рыцарам» (стар. 15). Аўтар адмаўляе палітыку войнаў, ён выступае з ідэяй братэрства і адзінства ўсіх народаў (стар. 77).

Звяртаюць увагу і адносіны аўтара да чалавечай асобы: яго ідэал — натура дзейная, працавітая, інтэлектуальна актыўная (стар. 55—56). У «Размове паляка з літвінам» праявіліся некаторыя рысы светапогляду сацыяльных груп — папярэднікаў буржуазіі. Менавіта іх ідэалам і былі моцная ўлада і дзейная чалавечая асоба. «Размова» — каштоўны помнік сацыялагічнай і палітычнай думкі Беларусі XVI ст., яе гісторыі і культуры наогул.

С. Ф. СОКАЛ, аспірант Інстытута філасофіі і права АН БССР.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1972. № 1.
С. 29—31. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі