СА СПАДЧЫНЫ АНДРЭЯ РЫМШЫ

Імя Андрэя Рымшы, аднаго з вядучых прадстаўнікоў старажытнай беларускай паэзіі другой паловы XVI — пачатку XVII ст., вядома сёння нямногім, хаця ён пакінуў значны след у гісторыі літаратуры і культуры. Біяграфічныя звесткі пра Рымшу вельмі бедныя: нарадзіўся каля 1550 г. у вёсцы Пяньчына Баранавіцкага раёна, з 1572 г. служыў у Радзівілаў — спачатку ў Мікалая Рудога, затым у Крыштофа Перуна, прымаў удзел у вайне паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай 1579 — 1582 гг.

Другая палова XVI ст. была ў Вялікім княстве Літоўскім азнаменавана ўздымам грамадска-палітычнай думкі. Барацьба паміж дзеячамі Рэфармацыі і флагманскім атрадам каталіцызму, ордэнам езуітаў, дасягнула свайго апагею. Прадстаўнікі найбольш радыкальнага, рэвалюцыйнага напрамку рэфармацыйнага руху, паслядоўнікі вучэння Арыя, антытрынітарыі, вялі барацьбу за сцвярджэнне гуманістычных ідэй. Складаныя гістарычныя ўмовы прымушалі паэтаў, філосафаў, увогуле ўсіх грамадска-палітычных дзеячаў ствараць нешта накшталт сённяшніх творчых саюзаў, каб узгоднена адстойваць свае погляды. На Беларусі таксама ўзніклі літаратурныя аб'яднанні, адным з якіх быў гурток у Нясвіжы, створаны ў 80-я гады пад апекай магнатаў Радзівілаў. У яго саставе побач з дзеячамі польскай культуры Францішкам Градоўскім і Мацеем Стрыйкоўскім былі беларусы—Ян Радван, Гальяш Пельгрымоўскі, Ян Казак і Андрэй Рымша. Кожны з іх з'яўляецца асобай, якая заслугоўвае ўвагі і гістарычнай ацэнкі з боку нашчадкаў.

Значную ролю ў дзейнасці літаратурнага гуртка адыгрываў А. Рымша. Вядомы яго творы на старажытнабеларускай, польскай і лацінскай мовах. На старажытнабеларускай мове напісаны так званыя «эпікграммы» — вершы ў гонар знакамітых асоб або на магнацкія гербы. Тут аўтар дасягнуў пэўных мастацкіх вяршынь. Асаблівай дасканаласцю вылучаюцца «эпікграммы» «На герб Льва Сапегі» і «На герб Тэадора Скуміна», у якіх строга вытрыманы нормы эмблематычнай паэзіі. У структурна-кампазіцыйным плане гэтыя вершы складаюцца з чатырох абавязковых элементаў: уступ-зачын, зварот да памяці продкаў, тлумачэнне знакаў — «клейнот» герба, і заканчэнне-пажаданне. Кожны з элементаў верша выконваў сваю мастацка-эстэтычную функцыю. Уступ-зачын — гэта агульнае апісанне, часцей за ўсё бязмежных нябесных прастораў ды нечага іншага, што нельга «оком лацно обачити» і «должыню и шырокость позначити». Напамін аб продках, на думку аўтара, павінен быў нагадаць гаспадару герба пра неўміручую гісторыю яго мужнага роду. Асабліва багатую творчую фантазію ўкладваў Рымша ў тлумачэнні гербавых знакаў, сярод якіх «стрэлы», «ліліі», «крыж», «карона», «коннік», «хмары», «зоркі», «рэкі» і г. д. Так, зоркі над яркім месяцам у акружэнні хмары азначаюць, што славу Скумінаў нельга засланіць ніякімі перашкодамі, а карона ў самым версе герба сведчыць пра дабрадзейнасць і мужнасць старажытнага роду. Заключныя радкі «эпіграмы» — гэта аўтарскае пажаданне доўгіх гадоў жыцця, справядлівасці ва ўсіх справах і вечнай славы. Як вядома, розныя паэтычныя прысвячэнні і празаічныя прадмовы выконвалі ў тагачасных выданнях не толькі літаратурна-мастацкія функцыі. У іх нярэдка выказвалася ўдзячнасць за матэрыяльную падтрымку, усхваляліся дабрачыннасці мецэната, што садзейнічала зберажэнню кнігі ад знішчэння яе ідэалагічнымі ворагамі.

Прыхільнасць А. Рымшы да грыгарыянскага календара з'явілася для яго падставай для напісання паэтычнага твора «Храналогія», які быў выдадзены ў Астрожскай друкарні ў І581 г. Экзэмпляр гэтага выдання захоўваецца ў Ленінградзе ў бібліятэцы імя М. Я. Салтыкова Шчадрына (шыфр 1.2 № 3). Рымша пераклаў з лацінскай мовы на польскую твор паломніка ў Іерусалім Анзэльма Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі». Ён быў надрукаваны ў 1595 г. у Вільні ў друкарні Яна Карцана.

Асаблівае месца ў літаратурнай спадчыне Рымшы займае гістарычная паэма-хроніка на польскай мове «Дэкетэрос Акроама, або Дзесяцігадовая аповесць ваенных спраў... Крыштафа Радзівіла». Намі атрымана копія унікальнага экзэмпляра, які захоўваецца ў Гданьскай бібліятэцы Польскай АН. Паэма была напісана ў 1583 г. і выдадзена праз два гады ў Вільні ў друкарні Данілы Ланчыцкага на сродкі аўтара.

У выданні Рымшы строга вытрыманы тагачасны літаратурны этыкет: непасрэдна перад тэкстам ідуць разнастайныя прадмовы і прысвячэнні. На адвароце тытульнага ліста змешчана выява герба Радзівілаў з аўтарскім надпісам і эпіграмай на лацінскай мове, якія ў трыадзінстве ўтвараюць эмблему. Затым ідзе панегірык, таксама на лацінскай мове, напісаны акравершам. Пачатковыя літары кожнага радка зверху ўніз складаюць: «Крыштаф Радзівіл Валадар Віленскі». Невялікі верш на польскай мове «Пабудка да ўдзячнасці славы людзей рыцарскіх» напісаны невядомым аўтарам: унізе пад ім стаіць нерасшыфраваны і сёння крыптонім «М. I.». На першых старонках кнігі змешчаны таксама верш «Да аўтара добры прыяцель». Ён падпісаны «X К.» — хутчэй за ўсё «Ян Казак».

У празаічнай прадмове да паэмы Рымша тлумачыць, чаму ён звярнуўся да гістарычнай тэмы. Галоўнай прычынай з'явілася яго ўпэўненасць у тым, што подзвігі знакамітых людзей павінны знаходзіць адлюстраванне ў мастацкім творы. Акрамя таго, было вялікае жаданне падзяліцца з чытачом сваімі жыццёвымі назіраннямі і ўражаннямі. Тут аўтар падкрэслівае гістарычную значнасць сваёй дзейнасці, абгрунтоўвае неабходнасць літаратурнай працы. Ён адзначае, што піша пра мінулае не дзеля ўслаўлення свайго імя, а выключна з мэтай захаваць факты гісторыі для нашчадкаў. Пачынаючы вялікую працу, ён лічыць неабходным звярнуцца да вопыту вялікіх паэтаў мінулага, а таксама заручыцца падтрымкай алімпійскіх багоў.

Паэма Рымшы падзелена на 25 частак, якія складаюць каля 2200 радкоў. Яна ахоплівае падзеі за 10 гадоў, што і вызначае яе назву.

Падзеі падаюцца ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. У першых трох песнях паведамляецца пра гісторыка-палітычнае становішча ў Рэчы Паспалітай з 1572 па 1579 г., апісваецца час жорсткай барацьбы за каралеўскі трон пасля смерці Сігізмунда II Аўгуста. Як вядома, гэты перыяд быў выключна складаны. Пасля таго, як часова не было караля, ім стаў брат французскага караля Карла IX і сын Кацярыны Медзічы Генрых Анжуйскі. Але праз нейкі час ён, атрымаўшы ад маці паведамленне пра смерць брата, пакінуў Рэч Паспалітую і вярнуўся на радзіму. Узнікла рэальная магчымасць аб'яднання трох вялікіх краін: Вялікага княства Літоўскага, Польскага каралеўства і Маскоўскай дзяржавы пад адзінай уладай рускага цара Івана IV Грознага. Але неаднаразовыя ўзаемныя пасольствы не мелі поспеху, і ў 1576 г. каралём Рэчы Паспалітай становіцца Стэфан Баторый.

Галоўная частка паэмы-хронікі прысвечана апісанню вайны 1579-— 1582 гг. паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай. Чацвёртая і пятая песні адлюстроўваюць падзеі першага паходу Стэфана Баторыя, захоп яго войскам некалькіх замкаў восенню 1579 г. У шостай, сёмай і восьмай песнях перадаецца другі паход 1580 г., які завяршыўся пакарэннем Вялікіх Лук. Асноўны змест паэмы-хронікі, з дзевятай па дваццаць трэцюю песні, прысвечаны падзеям трэцяга паходу каралеўскіх войск пад Пскоў у 1581 г. Галоўная ўвага тут сканцэнтравана на дзеяннях корпуса Крыштафа Радзівіла, які ваяваў ля вытокаў Волгі.

Адметна, што непасрэдна ў тэксце або ў спасылках на палях Рымша адзначае канкрэтныя даты важнейших падзей, апісаных у паэме. Асабліва дакладна прасочваюцца другі і трэці паходы, у якіх аўтар прымаў удзел. Шмат месца ў паэме займаюць сцэны баёў. Згодна з паведамленнямі Рымшы корпус Радзівіла прымаў удзел у акружэнні і захопе Полацкага замка (восенню 1579 г.), Усвят (14—16 жніўня 1580 г.), Вялікіх Лук (27 — 29 жніўня 1580 г.), Старой Русы (1581 г.) і іншых гарадоў. Імкнучыся быць дакладным, аўтар у шматлікіх выпадках піша пра колькасць загінуўшых воінаў з аднаго і другога боку. Ён паказвае, якія разбурэнні і смерць нясе вайна, як у вогнішчах ваенных пажараў знікаюць каштоўнейшыя помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры. 3 фактаграфічнай падрабязнасцю Рымша паведамляе пра цяжкасці паходаў, начныя маршы, раннія пад'ёмы, пераправы і г. д. Не абыходзіць ён сваёй увагай армейскія рытуалы і звычаі. У характарыстыцы ворагаў паэт не бянтэжыцца перад ужываннем розных зняважлівых слоў: «халопы», «старызнікі», «праклятыя» і інш. Але ж адсутнасць канкрэтных звестак пра ворагаў прымушала яго нярэдка звяртацца да мастацкага вымыслу. Так, прыдуманым у паэме з'яўляецца плач тарапчан, што сведчыць пра жаданне аўтара пранікнуць ва ўнутраны свет жыхароў акружанага горада, перадаць іх патаемныя думкі, хваляванні, гора і смутак. Нагадаем некалькі радкоў гэтага плачу ў літаральным перакладзе:

Бяда, бяда нам бедным, перад тым Радзівілам,
Вазьмі нас, добры божа, з жыццём нашым мілым,
Каб не бачыць нам смерці мілых дзетак і жон,
Заплюшчы нам вочы ці знішчы агонь.

Таксама плодам аўтарскай фантазіі з'яўляецца маналог маскоўскага цара Івана IV, які, звяртаючыся да баяр, скардзіцца на свой лёс, слёзна моліць бога аб літасці. Пры ўсіх станоўчых якасцях паэма-хроніка не пазбаўлена пэўнай тэндэнцыйнасці. Рымша настойліва сцвярджае думку, што перамогі дасягаліся не фактычнай перавагай сіл, а выключна дзякуючы ўдзелу ў баях гетмана Крыштафа Радзівіла, які натхняў воінаў словам і асабістым прыкладам. Радзівіл паказаны бязлітасным да сябе і патрабавальным да падначаленых. У баі ён таленавіты палкаводзец і мужны воін. Невыпадкова амаль кожная перамога прыносіла яму гонар і славу, а сучаснікі параўноўвалі яго з героямі Старажытнай Грэцыі і Рыма.

Цікава ў паэме падаюцца розныя з'явы і рэчы, якія аўтар назіраў у час вайны 1579 —1582 гг. Гэта і гістарычныя звесткі пра абарончую сістэму Віцебскага замка, і апісанні прыгранічнай царквы, пабудаванай некалі Вітаўтам, і паведамленне пра саляварні Старой Русы, і г. д. Ва ўсіх дэталях адчуваецца шырокая эрудыцыя і поўная дасведчанасць мастака.

Нават некалькі вядомых сёння твораў Андрэя Рымшы сведчаць пра яго вялікія літаратурныя здольнасці, незвычайны для свайго часу талент паэта і гісторыка.

І. САВЕРЧАНКА.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1988. № 1.
С. . Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі