"ЗАЛАТОЕ СЛОВА" СТАРАЖЫТНАЙ РУСІ

Амаль два стагоддзі назад у адным з рукапісаў, што захоўваліся ў Яраслаўлі ў Спаскім манастыры, вядомы аматар сівой даўніны граф А. I. Мусін-Пушкін знайшоў невядомы і незвычайны паводле свайго зместу і паэтычнасці твор на старажытнарускай мове—«Слова аб палку Ігаравым». Рукапіс загінуў у Маскве ў 1812 г., аднак помнік быў выратаваны, бо яшчэ ў пачатку 90-х гадоў XVIII ст. з гэтага спісу знялі копію для Кацярыны II, а ў 1800 г. тэкст паэмы апублікавалі асобнай кнігай.

Унікальнасць «Слова», незвычайнасць яго лёсу спараджала і спараджае дадатковыя цяжкасці для даследчыкаў, надае яму пэўную загадкавасць, жывячы багатую фантазію скептыкаў, якія сумняваліся ў яго арыгінальнасці як сапраўднага твора XII ст. Аднак яшчэ А. Пушкін і А. Міцкевіч тонкім чуццём вялікіх мастакоў слова адчулі ўсю непадробнасць, першародную свежасць і глыбокую самабытнасць гэтай мовы. Грунтоўныя даследаванні вучоных XIX—XX ст. цалкам пацвердзілі і ўсебакова абгрунтавалі папярэднія назіранні і вывады геніяльных славянскіх паэтаў.

«Слова аб палку Ігаравым» створана недзе ў канцы 1185 г., хутчэй за ўсё, у Кіеве. У яго аснову пакладзены сапраўдныя падзеі таго часу—няўдалы паход Ноўгарад-северскага князя Ігара на полаўцаў. Пад пяром сапраўднага мастака слова гэты расказ пра канкрэтную падзею перарос ва ўзнёслую ліра-эпічную песню пра ўсю Рускую зямлю, пра яе мінулае, сучаснае і будучае. Трывога за лес роднай зямлі, глыбокі роздум над яе гісторыяй далі магчымасць паэту-патрыёту закрануць вельмі надзённыя і балючыя пытанні грамадска-палітычнага становішча Русі і ўбачыць яе выратаванне ў павышэнні грамадзянскай адказнасці князёў перад радзімай, у згуртаванні сіл і ўмацаванні ваенна-палітычнага адзінства ўсходнеславянскіх зямель. Гнеўнае асуджэнне княскіх міжусобіц, і патрыятычны заклік да яднання перад пагрозай знешніх ворагаў вечавым звонам гучаць са старонак твора.

Глыбока народнае па духу, патрыятычнае паводле ідэйнай накіраванасці, «Слова» моцна звязана ўсёй сваёй мастацкай сістэмай з вусна-паэтычнымі традыцыямі ўсходніх славян, з народнымі язычніцкімі ўяўленнямі і эстэтычнымі ідэаламі. Ні з чым не параўнаныя багацце, мастацкая смеласць і паэтычнасць яго вобразаў. Цяжка знайсці ў еўрапейскай літаратуры эпохі сярэдневякоўя твор, роўны яму па пластычнай выразнасці, свежасці і самабытнасці вобразна-выяўленчай мовы, паэтычнай праўдзівасці расказа, непаўторнасці жанравай формы. Не толькі ўся паэма, але і асобныя яе яркія фрагменты (уступ пра Баяна, бітва на Нямізе, плач Яраслаўны і інш.) — сапраўдныя паэтычныя шэдэўры. «Слова аб палку Ігаравым» здзіўляе і сваёй незвычайнай змястоўнасцю, гістарычнай дакладнасцю ў апісанні падзей і прыроды, у ацэнцы герояў. Яно змяшчае агромністую і неацэнную інфармацыю пра свой гераічны час, пра ўсю Русь і справядліва лічыцца выдатнейшым помнікам усходнеславянскай літаратуры XII ст., гісторыі і культуры Старажытнай Русі, каштоўнай крыніцай пазнання жыцця нашых далёкіх продкаў.

Для беларускіх чытачоў «Слова» асабліва цікавае высокамастацкім і гістарычна праўдзівым адлюстраваннем асобных важных момантаў беларускага мінулага. Унікальныя яго звесткі пра барацьбу «грозных палачан» з літоўцамі, пра лёс невядомага па летапісах полацкага князя Ізяслава Васількавіча, які «пазваніў аб шаломы літоўскія сваім харалужным мечам» і па-геройску загінуў на ратным полі. Аўтар паэмы дапоўніў скупыя паведамленні старажытнарускіх летапісаў пра цяжкае становішча Полацкай зямлі ў XII ст. і паглыбіў наша разуменне прычын заняпаду яе ваенна-палітычнай магутнасці. Аслабелае ў выніку ўзмацнення феадальнай раздробленасці і няспынных княскіх міжусобіц Полацкае княства паўтарыла лёс усёй Кіеўскай дзяржавы.

«Слова аб палку Ігаравым» — адзіны твор, які захаваў нам жывы і каларытны вобраз легендарнага полацкага князя XI ст. Усяслава Чарадзея. Ён намаляваны аўтарам з глыбокай сімпатыяй, гістарычна праўдзіва і паўстае перад намі чалавекам складанага лёсу, героем незвычайных прыгод, мудрым і вешчым князем-чараўніком. Як паведамляе «Аповесць мінулых гадоў», Усяслава «роди мати от волхования», ён з'явіўся на свет у сарочцы. Памяць пра яркую гістарычную асобу гэтага полацкага князя доўга жыла ў народзе. Пра яго складаліся гістарычныя песні і паданні, ён стаў героем розных вусна-паэтычных і літаратурных твораў, у тым ліку асобных былін і «Слова аб палку Ігаравым».

У гэтай паэме літаральна ў некалькіх радках створана незвычайнай мастацкай сілы, напоўненая глыбокім болем карціна Нямігскай бітвы ля сцен разбуранага кіеўскімі князямі Менска:

На Нямізе галовы сцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыццё кладуць на таку злюцела,
веюць душу ад дела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косцьмі рускіх сыноў.
               (Пераклад Р. Барадуліна)

Увага, аддадзеная старажытнарускім песняром Полацку і яго князям,—сведчанне важнай ролі Полацкага княства ў гісторыі ўсёй Русі. Насычанае вобразамі славянскай язычніцкай міфалогіі, «Слова аб палку Ігаравым» не карысталася асаблівай папулярнасцю ў асяроддзі духавенства і збераглося толькі дудам. Аднак яго наяўнасць, яго ўплыў на развіццё літаратур усходнеславянскіх народаў адчуваецца на працягу многіх стагоддзяў. Ужо аўтар «Задоншчыны», вядомага гістарычна-літаратурнага твора XV ст. пра Кулікоўскую бітву, шырока выкарыстаў багатую вобразную сістэму «Слова», яркія мастацкія знаходкі геніяльнага паэта XII ст. 3 гэтым творам аддалена пераклікаецца і «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. 3 моманту ж першай публікацыі паэмы ў друку ў 1800 г. яна стала знамянальнай з'явай сусветнай паэзіі і фактарам літаратурнага прагрэсу.

«Слова» перакладзена на дзясяткі моў народаў свету, найчасцей перакладалася на рускую (амаль 70 разоў) і на ўкраінскую (амаль 30 разоў) мовы. Гэтаму помніку прысвечаны тысячы спецыяльных навуковых прац. 3 паэмы, быццам з чароўнай крыніцы, чэрпалі і чэрпаюць тэмы, сюжэты, вобразы пісьменнікі, мастакі, кампазітары славянскіх народаў. Адным з першых сур'ёзных даследчыкаў «Слова» быў беларус 3. Даленга-Хадакоўскі. Тонка і пранікнёна аналізаваў паэму ў сваіх лекцыях па славянскіх літаратурах наш славуты зямляк А. Міцкевіч. Гэтым творам захапляліся У. Сыракомля і М. Багдановіч, якія нават выказвалі думку пра яго беларускае паходжанне.

Першы поўны пераклад у прозе «Слова» на беларускую мову належыць Янку Купалу. Апублікаваны ў 1919 г., ён стаў і першым па часе савецкім перакладам славутай паэмы наогул. У 1921 г. народны паэт Беларус! пераклаў паэму вершам і зрабіў гэта творча, у свабоднай манеры, з сапраўдным паэтычным размахам, шырока выкарыстаўшы багатыя традыцыі вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа. Зроблены вялікім майстрам беларускага мастацкага слова, гэты пераклад—выдатная з'ява ў гісторыі перакладчыцкай справы ў Беларусі. Амаль адначасова з Купалаўскім паэтычным з'явіўся ў друку (у 1922 г.) і літаратурна дасканалы празаічны пераклад М. Гарэцкага. А зусім нядаўна паэтычна і дакладна пераклаў паэму Р. Барадулін. Яго пераклад грунтуецца на багатым вопыце савецкай школы перакладу і адлюстроўвае новы ўзровень навуковых ведаў пра гэты помнік. 800-гадовы юбілей з часу ўзнікнення гэтага сапраўды залатога слова славянскай літаратуры выліўся ў нашай краіне ў вялікае свята культуры братніх рускага, украінскага і беларускага народаў. Гэты помнік неўміручага ідэйна-мастацкага гучання і значэння і сёння патрэбны людзям як узор высокай паэзіі, як яркі прыклад гуманістычнага служэння паэта-патрыёта сваёй Радзіме.

В. НАВАГРАДСКІ.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1986. № 1.
С. 21—22 Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі