АРХІТЭКТУРА ТЭАТРАЎ

Разам з XVIII стагоддзем адышлі ў мінулае пышны быт і культура польскіх магнатаў і рускіх дваран. У прыватнасці, спынілі сваю дзейнасць прыгонныя тэатры ў «дваранскіх гнёздах». Тэатры перавандравалі ў гарады і ўжо ў першай палове XIX ст. становяцца важным фактарам культурнага жыцця Беларусі, сродкам ідэалагічнага ўздзеяння на грамадства.

Такія губернскія гарады, як Віцебск, Гродна, Мінск, Магілёў, мелі ўжо на гэты час свае, хоць і небагатыя, тэатральныя традыцыі. Айчынныя і замежныя трупы рэгулярна наведвалі гэтыя гарады. Але паколькі тут было мала тэатральных памяшканняў, то спектаклі альбо канцэрты даваліся ў грамадскіх будынках: у дваранскіх клубах, актавых залах гімназій, гарадскіх управах, а часам і ў прыватных дамах. Летам спектаклі ішлі ў гарадскіх садах у драўляных памяшканнях.

У Беларусі існавалі такія тыпы тэатральных будынкаў: 1) будынкі з усімі выгодамі як для гледачоў, так і для артыстаў; такія тэатры знаходзіліся на ўтрыманні гарадскіх магістратаў і ўпраў; 2) часова прыстасаваныя будынкі; 3) летнія драўляныя тэатры балаганнага тыпу; 4) народныя дамы.

Адзін са старэйшых тэатраў у Беларусі — збудаваны ў 80-х гг. XVIII ст. тэатр у Гродне. Будынак складаў частку комплекса дома Тызенгаўза. У 1851 г. архітэктар Міхаэліс склаў каштарыс на рамонт тэатра, які да таго часу нават і не абаграваўся (печаў не было). Сучаснікі гаварылі: такога прыгожага тэатра, як адноўлены ў 1860 г. гродзенскі тэатр, не мела і Варшава.

У 1885 г. дырэктар тэатра звярнуўся з просьбай да гарадскіх улад прыняць не- абходныя захады, бо памяшканне тэатра прыходзіць у аварыйны стан, а гледачам і артыстам пагражае сур'ёзная небяспека.

23 снежня 1845 г. адкрыўся тэатр у Віцебску (архітэктар М. Чарвінскі). 15 мая 1888 г. адбыўся першы аматарскі канцэрт у толькі што збудаваным паводле праекта архітэктара П. Камбурава магілёўскім тэатры. Праз два гады, 5 мая 1890 г., адчыніліся дзверы тэатра ў Мінску. Яго аўтарам быў К. Казлоўскі — выпускнік Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, які перад тым збудаваў тэатр у Любліне, а пазней будынак варшаўскай філармоніі (з выключнай, дарэчы, акустыкай) І тэатр у Коўне.

Гарадскі тэатр у Магілёве.

На гэты час тэатры ўжо былі (альбо будаваліся) у такіх гарадах, як Брэст, Пінск, Бабруйск, але параўнаць з губернскімі тэатрамі іх, вядома, нельга было. Вельмі старанна выбіраліся ўчасткі пад тэатральныя памяшканні. Тэатр павінен быў упрыгожыць цэнтральную частку горада. Так, для магілёўскага тэатра выбралі месца на плошчы ў цэнтры горада, побач з Мураўеўскім садам. У тэхнічных адносінах месца аказалася не надта зручным — некалі тут праходзіла паласа крапасных умацаванняў, і будаўнікі былі вымушаны класці падмурак на глыбіні да 10,6 м.

Мінскі тэатр збудавалі на пляцоўцы ў Аляксандраўскім скверы. У Віцебску будаўнікі пралічыліся, паставіўшы тэатр на Смаленскай гандлёвай плошчы,— суседства з рынкам перакрэслівала ўсю параднасць грамадска-культурнай будыніны.

Усе гэтыя будынкі належалі да тыпу т. зв, рангавага тэатра з плоскім партэрам, ярусамі ложаў і глыбокай сцэнай. Найбольш утульная і мастацка апрацаваная была тая частка памяшкання, якая абслугоўвала «знатную» публіку.

Тэатральныя будынкі складаліся з некалькіх аб'ёмаў, што групаваліся вакол асноўнага. Кожны аб'ём багата аздабляўся архітэктурнымі дэталямі, найчасцей стылізаванымі пад «барока» (узор — парыжская опера!). Галоўны аб'ём — зала для гледачоў, і архітэктурнаму яе вырашэнню аддавалася найбольш увагі.

Тэатральныя залы былі падковападобныя, авальныя і паўкруглыя. Трох'ярусную ў разрэзе, з амфітэатрам, падковападобную форму залы меў тэатр у Мінску (550 месцаў). Партэр, ложы першага ярусу І бельэтаж прызначаліся, як звычайна, для заможнай публікі. Балкон узнімаўся прыступкамі ўгору, каб лепей было відаць сцэну, і, вядома, асобных ложаў тут не было.

Калі ў гродзенскім, напрыклад, тэатры перакрыцці ложаў апіраліся на калоны (часцей чыгунныя), то ў Мінску яны трымаліся кансольна на рэйках, і гэта было на той час значнае канструкцыйна-тэхнічнае дасягненне. Галоўны цэнтральны праход ішоў уздоўж восі глядзельнай залы; былі і дадатковыя праходы паралельна бакавым сценам і два дадатковыя выхады па баках. Падлога ў зале магла падымацца дамкратамі да ўзроўню сцэны, і вялікая, даўжынёю 24,14 м, тэатральная зала рабілася месцам для баляў і маскарадаў.

Інтэр'ер гарадскога тэатра ў Мінску.

Магілёўскі тэатр (500 месцаў) меў залу прамавугольнай формы, але з авальна закругленай задняй сцяной. Праектанты былі вымушаны пайсці на гэтую форму з-за нізкіх тэхнічных якасцей цэглы — з яе нельга было ўзводзіць сцены па эліптычнай крывой ці па дузе акружнасці (узведзены ў 1885 г. будынак рэальнага вучылішча вельмі хутка прыйшоў у аварыйны стан).

Інтэр'ер тэатра ў Магілёве.

Тэатр у Віцебску меў паўкруглую форму залы. Гэтую форму стварала задняя драўляная сцяна ложаў. Столь над залай была плоская і апіралася на драўляныя бэлькі. Пры мастацкай апрацоўцы памяшкання найбольшая ўвага аддавалася партальнай арцы, сценам, плафону, ярусам і асабліва бакавым ложам спецыяльнага прызначэння. Ва ўсіх тэатрах былі яшчэ такія дапаможныя памяшканні, як касавая зала, вестыбюль, лесвіцы, калідоры, кулуары, фае, гасціныя, курыльныя пакоі, буфеты, а таксама памяшканні адміністрацыйныя І службовыя. Планы не прадугледжвалі асобных месцаў для гардэробаў, і гледачы пакідалі вопратку проста ў калідорах, якія размяшчаліся па перы- метры залы, на ўсіх ярусах. 3 калідора другога паверха траплялі ў шыкоўна аформленае фае, дзе быў буфет; у антрактах тут іграла музыка і публіка танцавала.

Тэатр у Баранавічах.

Сцэнічная пляцоўка адкрывалася вялі кім праёмам — партальнай аркай. Большая частка аркестра знаходзілася пад сцэнай, а ў залу выступала т. зв. аркестравая яма «сістэмы Вагнера». Лепшая сцэна была, мабыць, у мінскім тэатры — яе габарыты (глыбіня 10,6, шырыня 14,9, вышыня 17 м) дазвалялі падымаць дэкарацыі і заслону. Да сцэны прымыкаў двухпавярховы аб'ём з артыстычнымі пакоямі і пакоямі спецыяльнага прызначэння.

У большасці тэатраў палілі печы, а магілёўскі і мінскі мелі каларыфернае ацяпленне. У канцы XIX ст. газавыя лямпы паступова замяняліся электрычнымі. Акрамя спецыяльна тэатральных будынкаў, былі ў Беларусі яшчэ і будынкі, часова прыстасаваныя для спектакляў і розных тэатральных відовішчаў. У Гомелі і Бабруйску гэта былі будынкі пажарнай аховы: першы паверх — дэпо, другі — глядзельная зала; у Магілёве — будынак дваранскага сходу, у Брэсце — сходу ваеннага. Залы ў такіх тэатрах былі прамавугольныя. У залежнасці ад сацыяльнага «рангу» (чый будынак) зала мела адпаведныя планіроўку і мастацкае афармленне. Бедныя, што і казаць, тэатры, але дзякуючы ім не глухла культурнае жыццё і ў павятовых гарадах Беларусі.

Бабруйск. Будынак пажарнай аховы.
На другім паверсе была тэатральная зала.

Трэці тып тэатральных будынкаў — драўляныя тэатры пераважна ў гарадскіх садах і парках. Як правіла, гэта былі прыватныя тэатры, але сустракаліся і грамадскія. Сваёй планіроўкай гэтыя тэатры вельмі «стараліся» быць падобнымі на капітальныя гарадскія: цэнтральны аб'ём — зала са сцэнай, партэр з бенуарам, а часам і бельэтаж з ячэйкамі-ложамі. Былі і бакавыя ложы — для прывілеяваных асоб. Узор такога будынка — летні тэатр у віцебскім садзе «Еўропа».

Значную архітэктурна-гістарычную цікавасць мае распрацаваны ў 1906 г. чыгуначным інжынерам П. Гарбузавым праект летняга тэатра-цырка для Брэста. Гэты будынак меліся ўзвесці ў летнім садзе з ініцыятывы арандатаркі сада нейкай Шапавалавай. Архітэктурна- прасторавая кампазіцыя складалася з трох узаемазвязаных аб'ёмаў. Пад сцэнай — памяшканні для рэквізіту і адсекі для дрэсіраванай жывёлы. Крэслы гледачоў размяшчаліся амфітэатрам вакол цэнтральнай арэны, якая ў час тэатральных паказаў таксама запаўнялася радамі крэслаў, і ўтвараўся звычайны плоскі партэр, Сваім вонкавым выглядам спраектаваны будынак нагадваў не столькі тэатр, колькі вакзал 3-га класа.

Віцебскі гарадскі тэатр.

Перад намі, паўтараем, праект тэатра-цырка. Але куды больш было «чыстых» цыркаў. На шматлюднай плошчы рабіліся з драўляных шчытоў агароджы, рады для публікі, падсобныя памяшканні. Форма цырка ў плане — роўнабаковы многавугольнік з арэнаю ў цэнтры. На рамавай канструкцыі з драўляных брусоў трымаўся шатровы купал, які не прапускаў вады. 3 аднаго боку былі галоўны ўваход і каса, з другога — невялікае памяшканне для артыстаў, жывёлы і рэквізіту. Такія цыркі дэманціраваліся адразу пасля гастроляў.

Да чацвёртага тыпу тэатральных збудаванняў належаў народны тэатр (альбо народны дом). Прызначаліся такія тэатры для масавага, дэмакратычнага гледача. У павятовых гарадах «тэатрам» нярэдка станавілася чайная-сталовая, дзе праводзіліся народныя чытанні, выступалі народныя хоры і г. д. У 1898 г. у Сянно адкрылася народная чайная. «У вялікай зале зроблена даволі добрая тэатральная сцэна для пастаноўкі аматарскіх спектакляў і для праекцыйнага ліхтара пры народных чытаннях».

Рост народных тэатраў у канцы XIX ст. насцярожыў царскія ўлады, і ў адной сваёй прамове 1901 г. міністр фінансаў Вітэ падкрэсліў, што «зусім няма неабходнасці штучна абуджаць у народзе патрэбы ў відовішчах, а таксама неабходна вельмі асцярожна выбіраць п'есы для народнага тэатра...»

Але разам з тым улады не адмовіліся ад сваіх планаў «разумна накіраваць народны адпачынак», і шмат у якіх гарадах (Гродна, Магілёў, Слонім, Мсціслаў і г. д.) пачынаецца будаўніцтва т. зв. народных дамоў, дзе, акрамя тэатральнай залы, былі яшчэ памяшканні для розных гурткоў і бібліятэка.

У гродзенскім тэатры (збудаваны ў 1904) зала была разлічана на 350 чалавек і мела прамавугольную форму. Сцэна і зала аднолькавай вышыні. Налева і направа ад сцэны — асветленыя бакавыя «кішэні». Сцены з не атынкаванай жоўтай цэглы. Увогуле ўся архітэктура будынка мела сумна-аднастайны, казённы характар. I не выпадкова на праекце гродзенскага народнага тэатра (архітэктары Л. Лангада і М. Раманаў) можна прачытаць рэзалюцыю чыноўніка Міністэрства фінансаў: не надаваць народнаму дому архітэктурнага аблічча тэатра.

В. М. ЧАРНАТАУ, архітэктар.

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1973. № 1.
С. 28—31. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі