ФЛАРЫЯН МІЛАДОЎСКІ

Віднае месца ў гісторыі беларускай музычнай культуры XIX ст. належыць таленавітаму кампазітару, піяністу, дырыжору І музычнаму крытыку Фларыяну Міладоўскаму. Блізкі сябра Станіслава Манюшкі, ён належаў да той часткі мастацкай інтэлігенцыі, якая закладвала ў мінулым стагоддзі асновы беларускай музычнай культуры, спрыяла ўзнікненню і распаўсюджванню ў Беларусі высокага музычнага прафесіяналізму.

Фларыян Станіслаў Міладоўскі нарадзіўся 4 мая 1819 г. у Мінску. Бацька яго, Фабіян Міладоўскі, паходзіў са старога дваранскага роду, што валодаў некалі маёнткам Навадворкі ў Навагрудскім павеце.

З часам Міладоўскія збяднелі, пазбавіліся маёнтка і пераехалі ў Мінск, дзе Фабіян Міладоўскі пачаў даваць урокі музыкі. Паводле водгукаў сучаснікаў, ён быў «добрым музыкантам і сур'ёзна займаўся кампазіцыяй». У доме Міладоўскіх часта наладжваліся музычныя вечары, якія ахвотна наведвалі мінскія аматары музыкі.

У гэтай спрыяльнай атмасферы вельмі рана пачаў выспяваць музычны талент Фларыяна. Першыя ўрокі фартэпіяннай ігры і музычнай адукацыі даў яму бацька. Аднак неўзабаве хлапчуку спатрэбіўся больш кваліфікаваны педагог. Міладоўскія едуць у Вільню, і там Фларыян займаецца пад кіраўніцтвам вопытнага піяніста Ф. Цібэ — таленавітага выканаўцы і папулярнага кампазітара.

3 мая 1829 г. у Вільні адбыўся першы канцэрт 10-гадовага Фларыяна. Канцэрт прайшоў з вялікім поспехам.

Рана выявіліся і кампазітарскія здольнасці Фларыяна. Пад час свайго віленскага дэбюту ён ужо быў аўтарам шэрагу мазурак, вальсаў, паланезаў, англезаў. Мініяцюры малога кампазітара былі вельмі папулярныя сярод віленскай інтэлігенцыі.

Навучанне ў Цібэ дало многа карысці Фларыяну, аднак неўзабаве яму спатрэбіўся яшчэ больш вопытны педагог, Бацькі вырашылі вярнуцца ў Мінск і параіцца з вельмі аўтарытэтным педагогам Д. Стафановічам. Праслухаўшы юнага музыканта, Стафановіч згадзіўся займацца з ім. На яго ўроках Фларыян пазнаёміўся і зблізіўся са Станіславам Манюшкам, які стаў яго верным сябрам на ўсё жыццё. Музыка аднолькава моцна вабіла іх абодвух, яны разам хадзілі на заняткі да Стафановіча, і абодва марылі пра наступныя вялікія поспехі.

Неблагі музыкант, Д. Стафановіч меў і вялікі педагагічны талент. Ён не толькі паспяхова кіраваў музычным развіццём сваіх вучняў, але і змог выхаваць у іх сапраўдную любоў да сур'ёзнай музыкі. Лепшымі яго вучнямі былі Станіслаў Манюшка і Фларыян Міладоўскі.

Выканаўчае майстэрства Міладоўскага дасягае высокага артыстычнага ўзроўню. У пачатку 30-х гг. з вялікім поспехам адбываюцца яго сольныя выступленні ў Мінску, Слуцку, Вільні і іншых гарадах Паўночна-Заходняга краю. Імя Міладоўскага набыло вядомасць далёка за межамі Беларусі.

Вядомы ў свой час аматар музыкі і мецэнат граф Бенядзікт Тышкевіч у 1836 г. запрасіў Міладоўскага ў свой маёнтак Чырвоны Двор недалёка ад Коўна ў якасці настаўніка музыкі для сваіх дачок і адначасова прапанаваў пасаду дырыжора сімфанічнага аркестра. Пад кіраўніцтвам Міладоўскага аркестр у Чырвоным Двары за кароткі час ператварыўся ў адзін з лепшых прыватных аркестраў Еўропы. Тут Фларыян пазнаёміўся з настаўніцай французскай мовы Аўгусцінай Паро, якая праз некаторы час стала яго жонкай.

Плённая творчая дзейнасць Міладоўскага ў Чырвоным Двары доўжылася да восені 1841 г., калі па парадзе Манюшкі ён паехаў у Берлін, каб завяршыць сваю музычную адукацыю. Там Міладоўскі пазнаёміўся з выдатным нямецкім кампазітарам Феліксам Мендэльсонам-Бартольдзі, які аддаў яму шмат увагі і дапамагаў удасканальвацца ў галіне кампазіцыі. Пазней Мендэльсон вельмі цёпла гаварыў пра творы Міладоўскага.

Па рэкамендацыі Мендэльсона Міладоўскі працягвае музычныя заняткі ў Вене. У тыя ж гады ён пабываў і ў Францыі, дзе пазнаёміўся з буйнейшымі музыкантамі таго часу — Фрыдэрыкам Шапэнам і Ферэнцам Лістам.

Праз 2 гады Міладоўскі вяртаецца ў Чырвоны Двор. Тут, як і раней, ён кіруе сімфанічным аркестрам. Але пасля смерці ўладальніка Чырвонага Двара маёнтак прыйшоў у заняпад і аркестр давялося распусціць. У гэты цяжкі для Міладоўскага час прыемным сюрпрызам для яго было запрашэнне Манюшкі пераехаць у Вільню. Адбылося гэта ў 1851 г.

У 1855 г. Міладоўскі разам з сям'ёй пераязджае на сталае жыхарства ў Беларусь. Месцам яго прытулку сталі Мацкі — невялікая маляўнічая вёска на беразе Вячы, недалёка ад Мінска. Тут кампазітар шмат піша. У Мацках была створана яго цудоўная аперэта «Канкурэнты» на тэкст Лапіцкага і Сыракомлі. Прэм'ера «Канкурэнтаў», напісаных спецыяльна для таленавітай драматычнай актрысы і спявачкі М. Драздоўскай, якая працавала ў Мінскім тэатры ў 1847—1863 гг., адбылася 12 лютага 1861 г.

Аўтарытэт Міладоўскага сярод мінскіх аматараў музыкі быў вельмі высокі. Вядомы літаратар, кнігавыдавец і музычны дзеяч А. Валіцкі, які пакінуў шэраг найкаштоўных звестак пра шмат якіх дзеячаў беларускай музычнай культуры мінулага стагоддзя, пісаў пра Фларыяна Міладоўскага: «Ён і Манюшка да цяперашняга часу былі ў Літве (у мінулым—тэрыторыя Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губерняў.-—А. А.) дзвюма пальмамі ў выпаленай пустэльні, пад ценем якіх музыка магла знайсці сабе прытулак». Побач з кампазітарскай творчасцю ў Мацках Міладоўскі плённа займаўся і літаратурнай дзейнасцю. У 1857— 1860 гг. ён рэгулярна піша артыкулы для польскага музычнага часопіс. У некаторых яго артыкулах гаворка ідзе пра развіццё культавай музыкі, аднак большасць напісанага прысвечана праблемам развіцця музычнай культуры Беларусі, Літвы і Польшчы.

У канцы 50-х — пачатку 60-х гг. творчая дзейнасць Міладоўскага дасягнула свайго апагею: апроч «Канкурэнтаў», ён стварыў у гэты час «Польскія напевы»— цыкл песен на словы польскіх паэтаў Л. Прусіноўскага і У. Вольскага, напісаў шэраг фартэпіянных твораў — мазурак, паланезаў, накцюрнаў, экспромтаў. Сярод іх «Экспромт», змешчаны ў зборніку Ф. Ліста, 4 мазуркі і паланез, выдадзеныя ў Парыжы, паланез «Для Міхала і Ясі», выдадзены ў 1860 г. у Мінску Валіцкім, 3 мазуркі, прысвечаныя Манюшку, і шмат выдадзеных у Варшаве розных іншых вакальных і інструментальных твораў.

У 1862 г. Фларыян Міладоўскі эмігрыраваў у Францыю і пасяліўся ў Метцы. 5 гадоў ён выкладаў ігру на фартэпіяна ў вышэйшай музычнай школе ў Сан-Клеменце. Але ў 1870 г. адбылася трагедыя — Міладоўскі страціў зрок. Толькі творчасць у нейкай ступені змяншала пакуты кампазітара. У 1871 г. Міладоўскі скончыў цыкл з 12 дуэтаў для віяланчэлі і фартэпіяна. Назваў гэты цыкл аўтар «Альбом сляпога». Праўда, пасля ўдала зробленай аперацыі Міладоўскі праз некаторы час зноў пачаў бачыць. Апошнія гады жыцця ён правёў у Нансі, а потым у Бардо, дзе і памёр 8 ліпеня 1889 г.

А. В. АХВЕРДАВА, выкладчыца
Мінскага інстытута культуры

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1980. № 3.
С. 38—39.

 

... да пачатку старонкі