Фларыян Станіслаў Міладоўскі (1819—1889) быў адным з яскравых і пладавітых беларускіх кампазітараў XІX ст. Ён выявіў сябе амаль ва ўсіх жанрах свецкай і рэлігійнай музыкі. Ягоныя здольнасці можна параўнаць хіба што з талентам славутага дзеяча беларускай культуры — Ст. Манюшкі. Разам — яны дзеці аднаго з самых крытычных перыядаў гісторыі нашае краіны, у які бальшыня творчай інтэлігенцыі з аб'ектыўных прычынаў мусіла працаваць у эміграцыі (што ўрэшце здарылася і з імі), у выніку чаго ў сферы музычнага мастацтва Беларусі XІХ ст. утварыўся своеасаблівы вакуум. У сувязі з гэтым міжволі прыходзяць на думку трапныя словы Ал. Валіцкага «[Ст. Манюшка і Ф.Міладоўскі] былі да сённяшняга часу ў Літве як дзве пальмы ў вялізнай пустыні, пад ценем якіх музыка магла захавацца, бо навокал бясплодныя пяскі».

У выніку пошукавай працы ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы (Варшава) намі выяўлены рукапіс «Жыццяпісу Ф.Міладоўскага», які пралівае святло на жыццё й творчую дзейнасць кампазітара. Гэты дакумент неаднарозава ўпамінаўся ў літаратуры, але ніколі не друкаваўся і не быў прадметам навуковага аналізу.

«Жыццяпіс Ф.Міладоўскага» — невычэрпная дакументальная крыніца, якая адкрывае новыя перспектывы для разумення і вывучэння не толькі асобы кампазітара, яго творчасці, але і ў цэлым музычнай культуры Беларусі. Акрамя гэтага, ён разам з іншымі крыніцамі, дазваляе скласці агульны спіс твораў з улікам храналагічнай паслядоўнасці (раней не ўяўлялася магчымым), што вельмі важна пры вывучэнні творчасці кожнага аўтара. У сучасным музыказнаўстве існуе стэрэатып, у якім Ф.Міладоўскі — кампазітар свецкай музыкі, аднак падчас працы над спадчынай кампазітара высветлілася, што рэлігійная музыка, як і свецкая, займае значнае месца ў ягонай творчасці.

Прапануем чытачам пазнаёміцца з перакладам «Жыццяпісу Ф.Міладоўскага», у якім мы пастараліся захаваць стыль пісьма аўтара.

 

 

ЖЫЦЦЯПІС ФЛАРЫЯНА МІЛАДОЎСКАГА,
СКЛАДЗЕНЫ АЙЦУ ЯК МАТЭРЫЯЛ
(АЛЯКСАНДРУ ВАЛІЦКАМУ)

 

I

Фларыян Станіслаў Міладоўскі нарадзіўся ў губернскім горадзе Мінску 4 мая 1819 года. Ягоныя бацькі паходзілі з наваградскай шляхты, калісьці заможнай, пасля збяднелай у выніку падзелу нешчаслівай Польшчы. Айцец Фларыяна Фабіян зарабляў на жыццё тым, што даваў урокі музыкі на фартэпіяна, скрыпцы й гітары. Ён не быў вялікім музыкантам, але дасканала вывучаў найперш класічныя творы; з замілаваннем працаваў над поспехамі вучняў і зарабіў рэпутацыю сумленнага і вельмі карыснага настаўніка. Менавіта яму Фларыян абавязаны сваімі пачатковымі заняткамі па музыцы. Поспехі Фларыяна былі лёгкімі і хуткімі. Усё ішло паводле старой прыказкі як па маслу. Айцец і сын бавіліся на лекцыях. І гэтая забава, якая для Фларыяна ў восем гадоў пачалася са знаёмства з першымі літарамі музычнага алфавіту, стала для яго праз два гады, у 10 гадоў, гульнёй у віртуоза. Так што ў дзень яго нараджэння ў 1829, Флорка, ужо знакамітага Флорка, можна было публічна паслухаць у вялікай Ратушавай зале ў горадзе Вільна, дзе ён адыграў з каласальным поспехам 7-мы канцэрт Штэйбельта (Steibelta). Даніэль Штэйбельт (1765—1825) — нямецкі кампазітар,
піяніст і дырыжор. Творчая дзейнасць звязана
з Парыжам і Лонданам; доўгі час быў капельмайстрам
прыдворнай Французскай оперы ў Пецярбургу
У ягоным выкананні не было следу працы: падскокваючы падбег да фартэпіяна; кінуў вокам на слухачоў з упэўненасцю, што паміж імі не знойдзецца ніводнага, які б жадаў з ім спаборнічаць; пасля падаў знак аркестру да ўступу і пайшоў у скокі па клавіятуры. І о дзіва! Адразу пасля некалькіх тактаў постаць Флорка непрыкметна страціла дзіцячы характар, яшчэ некалькі хвілінаў — і на тым самым крэсле можна было ўбачыць альбо ўявіць сабе артыста, які папераменна замілоўваў, здзіўляў, чараваў моцай як бы ўжо саспелага таленту. Ілюзія доўжылася аж да апошняга акорда, пасля якога пад гучныя воплескі Флорэк-падлетак фіглярным паклонам у суправаджэнні падскоку падзякаваў публіцы за прызначаныя яму пахвальныя авацыі. Але публіка не спынілася на апладысментах, віртуоза знайшлі па-за эстрадай, схапілі на рукі і панеслі ў залу, дзе дамы абсыпалі яго пяшчотамі й цукеркамі. Шчаслівая, надзвычай шчаслівая эпоха жыцця, у якую чалавек — гаспадар, ён яшчэ не выгнаны з раю, бо не дасягнуў забароненага плоду пазнання добрага і злога... Шкада, што тая эпоха з'яўляецца толькі кароткім сном для беднага выгнанніка.

ІІ

Юнацкія гады Фларыяна прабеглі з той жа хуткасцю і пакорай. Рознага кшталту ўрокі былі для яго забавай. Небагатыя бацькі адмаўлялі сабе ў патрэбным, не шкадуючы нічога, што датычыла выхавання любага ім адзінага сына. Утрымлівалі ў доме гувернанта. Дорага плацілі настаўнікам, якія прыходзілі, прасілі іх пра стараннае, наколькі магчыма, навучанне ў розных найважнейшых прадметах даверанага ім Бенжаміна Бенжамін, тое самае што і Веньямін —
біблейскі персанаж, малодшы сын Іакава.
Ужываецца ў тэксце хутчэй для параўнання,
метафары, каб паказаць любоў да сына
.

Аднак не было рашучага плану. Таксама шмат акалічнасцяў перашкаджала сістэматычнаму выхаванню. Да 1842 г. віленскай моладзі можна было ўсе курсы слухаць на польскай мове. Таксама і наш Фларыян здаў іспыт пасля трох першых павятовых класаў у вялебных айцоў базылянаў Супольнасць манахаў, якія жылі паводле правілаў,
распрацаваных у IV ст. св. Васілём (Базылём).
З XVII ст. базыляне пераўтварыліся ўва уніяцкі ордэн,
скасаваны ў 1839 г.
і атрымаў ад іх пахвальны дыплом, які сведчыў аб усебаковай адукаванасці Фларыяна. Але ў выніку Найвышэйшага ўказу імператара Мікалая віленскай моладзі трэба было вучыцца школьным прадметам на расейскай мове. Гэта занепакоіла бацькоў маладога віртуоза. Яны баяліся абцяжарваць яго падвойнай працай, бо бачылі, што іх сын мае надта далікатнае здароўе. Хоць дзякуючы лёсу Фларыян з перамогай выйшаў з некалькіх цяжкіх і вельмі небяспечных хваробаў, бацькі жадалі, каб ён працягваў далейшае хатняе навучанне на польскай мове.

Фларыян для сваіх гадоў досыць далёка ішоў наперадзе ў гісторыі, матэматыцы, літаратуры, французскай і нямецкай мовах; апрача гэтага, развіваў свой музычны талент. Знакаміты ў свой час у Вільні Мэтр Цібэ (Ciebe) Фэрдынанд Цібэ — знакаміты ў свае часы педагог-піяніст даваў Фларыяну ўрокі ігры на фартэпіяна. У выніку тых лекцыяў палепшыліся тэхніка, элегантнасць і дакладнасць у выкананні, апрача таго, у маладога артыста развіўся густ да кампазіцыі, які выявіўся яшчэ ў маленстве.

Кампазіцыі Фларыяна былі невялікай вартасці, у іх на кожным кроку заўважаліся недахопы, паколькі яны не абапіраліся на тэарэтычныя веды. Але сустракаліся кавалкі смелай гармоніі, інстыктыўна правільнай; праявы фантазіі хоць і дзіцячай, але пазначанай арыгінальнасцю. Усё гэта прадказвала, што калісьці, пасля атрымання грунтоўнага навучання, Фларыян можа стаць сапраўдным Маэстра.

Ягоныя творы былі простымі. Пачаў ён з танцаў і бадай першым творам, надрукаваным у Вільні, быў кантрданс, прысвечаны Цібэ. Адначасова з танцамі складаў санаты, канцэрты, розныя ўрыўкі для аркестра, але пры гэтым не меў уяўлення аб інструментоўцы. Партытуры Фларыян не бачыў нават у снах. Нідзе з ёй не сустрэўшыся, ён запаў на наіўную думку разлажыць па ўсім сваім пакоі аркестровыя галасы, якія будуць суправаджаць адзін з яго фартэпіянных канцэртаў, і бегаў ад аднаго голасу да другога, сочачы, у якім ключы і ў якім дыяпазоне трэба пісаць на тым ці іншым інструменце; дзе змяшчаюцца акорды, дзе спеў і таму падобнае. У плане навучання гэта быў цяжкі і мала карысны спосаб, асабліва калі бракавала часу: наш юнак штодзённа браў ад 4 да 5 гадзін класічных урокаў, да якіх яшчэ трэба было падрыхтавацца. Дадам, што Фларыян усяму вучыўся старанна, без прымусу.

Бацькі здаўна мелі звычай засяродзіць пільнасць Фларыяна і ўзнагароджвалі хлопца наведваннем тэатра, які той горача любіў. Гэтая ўзнагарода яшчэ больш павялічыла праграму ягоных асабістых заняткаў і скончылася тым, што Фларыян хадзіў на ўсе тэатральныя пастаноўкі. Вельмі ўражлівы, Фларыян не мог супрацівіцца жаданню быць драматургам. Ён укладаў камедыі, драмы, перакладаў сцэнічныя творы з французскай на польскую, і, можа, гэты ненармальны лад жыцця, недахоп руху і паветра, перанапружванне разумовай працай пры пастаянным сядзенні справакавалі шэраг цяжкіх хваробаў, якія ўсё больш паслаблялі сілы Фларыяна. Пра гэтую небяспеку медыкі і перасцерагалі бацькоў. Насамрэч Фларыян зрабіў некалькі падарожжаў у Мінск, Слуцк, дзе даў канцэрты для папаўнення выдаткаў айца, патрачаных на ягонае выхаванне. Калі вярнуўся ў Вільню, зноў распачаў маларухомы лад жыцця, які толькі зрэдзь перамяжоўваўся выездам на колькі тыдняў да кагосьці са знаёмых у вёску, што вельмі яго падбадзёрвала. У 1834 г. Фларыян даў апошні канцэрт на сваю карысць у Вільні, пасля публічна яго больш не чулі, толькі хіба на канцэртах, што даваліся іншымі артыстамі, дзе ён браў удзел як аматар.

Не было ніводнай знакамітай асобы, што наведвалі Вільню, якая б абышлася без Фларыяна. Замежныя віртуозы запрашалі яго ці да выканання сола, ці да музыкі ансамблевай: дуэтаў, тэрцэтаў; ці да акампанементу на фартэпіяна. Знакаміты еўрапейскі скрыпач Ляфонт Шарль Філіп Ляфонт (1781—1839) — французскі
скрыпач і кампазітар. У перыяд з 1808 па 1814 гг.
быў прыдворным салістам цара Аляксандра I у Пецярбургу,
а з 1815 г. тыя самыя абавязкі выконваў пры двары
Людвіка ХVIII у Парыжы. Маючы добры і прыгожы голас,
у маладосці ён даваў канцэрты як выканаўца рамансаў
і песень. Пазней як скрыпач-віртуоз выступаў
з канцэртамі ў Бельгіі, Францыі, Нямеччыне, Галандыі,
Ангельшчыне і інш.
(Lafont) адыграў з Фларыянам адзін за адным 5 канцэртаў. Яму Фларыян абавязаны развіццём да найвышэйшай ступені якасцяў акампаніятара.

Талент гэта няўдзячны і часта недаацэнены, але вельмі карысны для салістаў. Нарэшце дайшло да таго, што папрасілі Фларыяна выкладаць ігру на фартэпіяна. Юнак прыняў тую прапанову з задавальненнем, жадаючы хоць часткова аддзячыць бацькам за панесеныя для яго праз доўгі час выдаткі. У 14 гадоў пачаў выконваць ужо абавязкі настаўніка ў першых дамах з узнагародай, якую давалі лепшым Мэтрам у Вільні. Праз два гады Фларыян быў пакліканы выкладаць фартэпіяна дочкам ягамосьці Бэнядыкта Тышкевіча Тышкевічы — гэта шляхоцкі род герба Ляліва. Паходзіць
ад К.Мішковіча, якому вялікі князь ВКЛ Свідрыгайла
ў 1437 г. падараваў сёлы ў Жытомірскім і Оўруцкім паветах
і маёнтак Чарталесы, дзе пазней Тышкевічы
і пабудавалі горад Бярдзічаў. Бегам часу колькасць
уласных маёнткаў павялічылася, у тым ліку і ў Беларусі.
Галоўная рэзідэнцыя Тышкевічаў — лагойская.
ў яго чароўную рэзідэнцыю Чырвоны Двор. Бацькі Фларыяна доўга вагаліся, ці пагаджацца на расстанне з сынам, але перамагла думка, што вясковае паветра, а таксама тое, што толькі дзве гадзіны ў дзень сын будзе заняты лекцыямі, прынясе добры вынік ягонаму здароўю.

На пачатку верасня 1836 г. Фларыян першы раз пакінуў родны дом...

III

Задумаўшыся над асаблівасцямі юнацтва нашага артыста, нельга не прызнаць, што былі прычыны хвалявацца за будучыню. Разнароднасць у выхаванні і занятках, недахоп імкнення да аднае мэты, а таксама тое, што Фларыян амаль ва ўсім мусіў абапірацца на ўласныя сілы, без сумневу, пагражалі яму застацца ў межах пасрэднасці. Пяшчоты бацькоў, дарэчы, слушныя; пахвалы, часта перабольшаныя, якімі за свой талент Фларыян быў абсыпаны, маглі яго сапсаваць. Нарэшце, занадта ранняя педагагічная практыка магла загубіць прыроджаны талент і перашкодзіць развіццю. На шчасце, характар Фларыяна валодаў незвычайнай якасцю прадчування гэтай небяспекі і ўменнем знаходзіць выйсце. Фларыяну не да густу было ягонае становішча, пэўны час нават нудзіла музыка, а чаму, не мог зразумець; шукаў, але не ведаў чаго, інстыктыўна разумеў, што не шмат што ўмее, і прасіў бацькоў, каб аддалі яго ў войска альбо змясцілі на які-небудзь факультэт універсітэта, але ўжо позна брацца за нешта новае. Трэба было застацца пры старым, хоць і без жадання. На гэтай дарозе малады чалавек зрэдку не ўпадзе. Стомлены ўнутраным канфліктам, вайной з найменшым уплывам дрэннага сяброўства, кідаецца на першы лепшы спосаб адурэння, які яму падвернецца. Хоць бацькі сцераглі Фларыяна ад дрэннага сяброўства, не ўдалося б ім зберагчы доўга сына, калі б ён не быў надзелены прыроднай схільнасцю: нейкая таямнічая сіла цягнула яго да добрага і адварочвала ад дрэннага. Фларыян не меў схільнасці да простанародных весяленняў і да вульгарнага, грубага сяброўства. Народжаны пад убогай страхой, ён меў прагу да вышэйшага свету. Надзвычай прывабным для вачэй Фларыяна было знаходзіцца час ад часу ў магнацкіх дамах, дзе панавалі далікатныя размовы і абыходжанне, а таксама атмасфера добрага тону, якой дыхае арыстакратычны салон. Хоць і быў там не смелы, аднак адчуваў сябе як быццам у сябе дома. Таму тое, што Фларыяна паклікалі ў сядзібу Тышкевіча, падзейнічала на яго дадатна: адразу вывела яго з паўмеланхалічнага стану, у якім знаходзіўся, даючы яму ўнутры пачуць залатыя словы надзеі: «будзе табе там лепей, убачыш новы свет і атрымаеш тое, з-за чаго так доўга дарэмна сумуеш».

IV

Чырвоны Двор за мілю ад Коўна месціўся на высокай гары паміж дзвюма рэкамі, Нёманам і Нявяжаю, і быў адной з самых прыгожых рэзідэнцыяў. Гэтая сядзіба, дзе жыла высакародная і высокаадукаваная сям'я Тышкевічаў у атачэнні шматлікай світы, што складала графскі двор, была для Фларыяна сапраўдным раем. Вучаніцы яго, выдатна выхаваныя і кемлівыя паненкі, замест стомы прыносілі задавальненне. Новае жыццё паўстала перад Фларыянам. Матэрыяльныя выгоды, якіх да гэтага часу ён не ведаў, а таксама захапляльныя забавы ўсміхаліся Фларыяну і, як з рога багацця, сыпаліся яму пад ногі. Акрамя дзвюх гадзінаў музычных заняткаў, цэлыя дні меў ён для сябе вольнымі. З энтузіязмам пералятаў з кветкі на кветку, высмоктваючы салодкі мёд. Паляванне стала адной з забаваў Фларыяна, ён палка палюбіў яго. Вечарамі з вялікай ахвотай гуляў у шахматы, шашкі і іншыя розныя гульні, таксама не адмаўляўся ад віста й прэферансіка. Быццам пасля доўгай працы трэба яму было ўздыхнуць на поўныя грудзі і набраць сілаў для новага мерапрыемства. Здароўе Фларыяна таксама вельмі хутка палепшылася, палепшыўся і колер твару, дадалося весялосці. Праз некалькі месяцаў яго ўжо нельга было пазнаць. Ведаючы тую сардэчнасць, з якой Фларыян хінуўся да ўсяго, можна было баяцца, каб цалкам не разленаваўся і не забыў, што ў яго гады трэба пачынаць, а не сканчваць, набываць, а не здабываць. На шчасце, Чырвоны Двор меў дастаткова жывых стыхіяў, каб разбудзіць напаўзаснулага летаргічным сном Фларыяна.

Тышкевіч утрымліваў у сядзібе аркестр, прызначэннем якога было граць у святочныя дні ў касцёле, а ўвечары бавіць гасцей у салоне. Аркестр той, хоць і не надта шматлікі (смычковы квартэт, флейта, кларнет, 2 валторны), складаўся са здольных артыстаў, пераважна салістаў, меў адметную праграму твораў і прыносіў вялікае задавальненне сапраўдным аматарам музыкі. Час ад часу склад аркестра пэўным чынам мадыфікаваўся, прычым у бок павелічэння. Прыйшло нарэшце да таго, што з'явіліся спевакі-салісты: сапрана, альт, тэнар і бас. Гэта значна ўзбагаціла касцельную музыку, а таксама болей пашырыла сродкі салонавай музыкі, дзе разам з чыста інструментальнымі творамі можна было пачуць выдатныя вакальна-драматычныя творы. Аркестр для Фларыяна быў той цацкай, дзеля якой можна было адкласці іншыя. Нанава ахоплены творчым духам, Фларыян працаваў усе ночы навылёт: напісаў фаліянты і вялікую колькасць кампазіцыяў рознага стылю, характару й вартасці. Былі там месы, песні, скерца, мазуркі, канцэрты, танцы і шмат п'есаў для фартэпіяна з суправаджэннем аркестра. Дасканалае то было практыкаванне, бо апіралася на праверку таго, што добра, а што дрэнна, адразу на гарачую руку (па гарачых слядох). Пад кіраўніцтвам Фларыяна — што яго вельмі бавіла і чым ганарыўся — усё ішло ідэальна. Маючы такія сродкі, Фларыян задумаў пашырыць поле сваёй дзейнасці. Папрасіў Б. Тышкевіча арганізаваць малы тэатр, дзе спачатку наладзіў паказы малога маштабу, але досыць хутка дайшоў да большага. Камедыі, вадэвілі, аперэткі, пераважна з музыкай самога Фларыяна, прыемна бавілі сяброўства Чырвонага Двора. На вялікія святы, імяніны альбо іншыя нагоды, з'язджаліся суседзі, нават жыхары горада Коўна.

Нястомны Фларыян напісаў нарэшце ўласнае лібрэта да аднаактовай камічнай оперы і стварыў да яго музыку, эмацыйна напружаную, з драматычнымі эфектамі. Назва оперы была «Тавэрна пад капуснай галавой»). Гэтая п'еса, заснаваная на рамане паміж двума чуллівымі сэрцамі, рамане, што развіваўся, як звычайна, са шматлікімі перашкодамі, якія ў канцы былі пераможаны. Партыю каханка спяваў Фларыян, прымадоннай была пані Аўгустына П., францужанка паходжаннем, яна выконвала абавязкі настаўніцы пры дочках Тышкевіча. Відавочна, што героі оперы артыстычна адчулі нават самыя тонкія нюансы, бо выкананне кульмінацыйных момантаў пераўзышло ўсе чаканні. Публіка не шкадавала апладысментаў.

У наступным 1840 годзе 1 кастрычніка Фларыян з паннай Аўгустынай паўтарылі перад алтаром прысягі, калісьці дадзеныя ў музычнай пастаноўцы.

V

Жаніцьба Фларыяна, як найчасцей здараецца, магла б стаць апошняй старонкай у кніжцы аповесці аб яго артыстычнай прафесіі. Жыццё ўдваіх, а асабліва там, дзе кіруе каханне, а не разлік, звычайна паглынае ўсе памкненні ранейшага жыцця халасцяка. Калі яшчэ і ёсць мары, то хіба пра гняздзечка. Пегас стаіць прывязаны, а таму, хто на яго сядаў, мінала ўсялякая ахвота пускацца ў фантастычныя падарожжы. Фларыян мог застацца тым, чым быў, — пасрэдным, не сфарміраваным музыкантам-артыстам, але, як кажуць, недарма нарадзіўся. Што для іншага было б труною, то для яго было калыскай. Жонка Фларыяна, несумненна, вартая асоба: моцная выхаваннем і сэрцам, дасканалы музыкант, бо й добра іграла на фартэпіяна і цудоўна спявала, мала таго, што пакахала свайго мужа, яшчэ і зразумела ўсе таямніцы ягонае душы. Адчуўшы ў Фларыяна вялікія здольнасці да кампазіцыі, якім не хапала грунтоўных тэхнічных ведаў, інстынктыўна зразумела — што ўласціва вышэйшым кабетам — яго тугу па тым, чаго яму не хапала, і першая прапанавала мужу, каб паехаў за мяжу ў артыстычных мэтах. Доўга працівіўся Фларыян гэтаму праекту, прывязаны, не маючы сэрца расстацца з жонкай, але яе ўмелая настойлівасць у выніку перамагла. Пасля роздуму, у якую краіну мае адбыцца паездка, выбар паў на Германію, дзе музыка дасягнула найвышэйшай ступені.

Праз год пасля шлюбу Фларыян выехаў у Берлін.

VI

Арыгінальны намер — ужо жанатым, зноў сесці на студэнцкую лаўку. Раздзяліць два моцныя пачуцці: каханне жанатага чалавека і любоў да мастацтва, сумаваць з-за аддаленай асобы і вымушаць сябе амаль забыць пра яе. Побыт Фларыяна ў Германіі быў цяжкай барацьбой, якую ён не раз жадаў спыніць і вярнуцца на радзіму. З іншага боку, уласнае каханне моцна гэтаму супрацівілася. Трэба было задаволіць абедзве патрэбы. Не было іншага выйсця, як толькі вучыцца карысна і хутка. Для рэалізацыі намеру Фларыян адразу сказаў сабе, што на публічныя курсы хадзіць не будзе, а хутчэй возьме прыватныя ўрокі ў дасведчаных настаўнікаў. Розуму, інтэлігентнасці і добрай волі яму хапала. Фларыян прачытаў у Чырвоным Двары ўжо нямала грунтоўных тэарэтычных трактатаў пра Музыку, вывучыў шмат класічных партытураў. Таму цяпер трэба было аб'яднаць тэорыю з практыкай і атрымаць тлумачэнні ў некаторых няпэўных выпадках, у якіх цяжка самому разабрацца без дасведчанага кіраўніка.

Па прыездзе ў Берлін Фларыян адразу выкарыстаў стасункі, якія яму забяспечылі рэкамендацыйныя лісты. Ён быў дапушчаны прысутнічаць на канцэртах у Акадэміі спеваў, што даваліся некалькі разоў на тыдзень пад кіраўніцтвам славутага прафесара Рунгенхагена (Rungenhagen). Карл Фрыдрых Рунгенхаген (1778—1851) — кампазітар
і педагог, прафесар музычнага шстытуту ў Берліне
і адзін з настаўнікаў Ст. Манюшкі. З 1833 г. ён змяніў
свайго настаўніка Цэльцера на пасадзе дырэктара
Берлінскай пеўчай акадэміі.
Канцэртная праграма прыводзіла Фларыяна ў захапленне, бо складалася з першакласных шэдэўраў Майстроў у ідэальным выкананні. Тут жа здаралася яму пачуць самых знакамітых еўрапейскіх Віртуозаў, сярод іншых Францішка Ліста, які даў адзін за адным некалькі канцэртаў. Ягоная тэхніка падалася Фларыяну такой надзвычайнай, што ён расчараваўся ў сваім выканаўчым таленце на фартэпіяна. Сказаў сабе: «навошта працаваць дзень і ноч, хоць бы і вельмі цяжка, мучыць свае пальцы гамамі і эцюдамі, усё роўна іграць так, як Ліст, — сапраўдная утопія». Фларыян таксама з асалодай дапамагаў на паказах вялікай берлінскай оперы, дзе пазнаёміўся з самымі знакамітымі драматычнымі творамі ва ўсёй іх прывабнасці. Потым, як прачытаў артыкулы кампетэнтных крытыкаў, якія датычыліся сцэны і канцэртаў, вучыўся справядліва ацэньваць вартасці кампазіцыі і яе выканання, гэтым дапамагаў сабе прапрацоўкай партытураў, што знаходзіліся пад рукой. У такіх разнастайных занятках Фларыян не заўважыў, як прайшло некалькі месяцаў, а ён яшчэ і не думаў браць лекцыі, дзеля якіх прыехаў. Аднойчы, быццам нечакана абуджаны са сну, з жахам усклікнуў: «пракляты Берлін, замест навукі аддаў тут час на забавы, кіну яго і паеду ў Вену, дзе, замкнуўшыся паміж чатырма мурамі, пачну нарэшце сур'ёзна працаваць».

Аднак побыт Фларыяна ў Берліне не быў страчаным часам. Можна сказаць, што палова яго музычнай адукацыі была ўжо скончана. Стасункі са знакамітасцямі гэтага гораду былі для Фларыяна вельмі карысныя, а найважнейшым выпадкам, які паўплываў на ўсю яго будучыню, было знаёмства Фларыяна з несмяротным Майстрам Феліксам Мендэльсонам-Бартольдзі, меркаванні і рады якога малады артыст прыняў з рэлігійным ушанаваннем і ўдзячнасцю. Таксама немагчыма дастаткова ўхваліць добразычлівыя дачыненні і тую прастату, з якой Бартольдзі прыняў нясмелага Фларыяна: ён даў дазвол Фларыяну бываць як найчасцей у сябе; гадзінамі праслухваў кампазіцыі, якія той яму граў; хваліў, што было варта; паказваў памылкі з усёй шчырасцю і зацікаўленасцю чалавека, высокага выхаваннем і душой. Шматлікія, пазначаныя геніяльнасцю размовы з Феліксам узбагацілі погляды Фларыяна эфектыўней, чым доўгія заняткі. Споведзь вучня пра ўсё яго артыстычнае жыццё, учыненая перад шаноўным Патрыярхам мастацтва, пазначыла шляхі, якім мусіў назаўсёды застацца верным. Фелікс забараніў Фларыяну забывацца пра выканальніцтва на фартэпіяна, тлумачыў, што належала захаваць ужо добра развіты талент, і раіў безадкладна прайсці курс гармоніі, кантрапункта і вышэйшай кампазіцыі пад кіраўніцтвам добрых настаўнікаў. А калі Фларыян паведаміў яму пра сваё жаданне адбыць гэтыя курсы ў Вене, даў рэкамендацыйныя лісты да аднаго з прафесараў венскай кансерваторыі, Юзафа Фішхофа (Fischhoff), Юзаф Фішхоф (1804—1857) — піяніст, кампазітар
і калекцыянер музычных кніг і рукапісаў.
З 1833 па 1856 гг. Ю.Фішхоф быў прафесарам фартэпіяна
ў кансерваторыі Таварыства сяброў музыкі ў Вене і
спецыялізаваўся на выкананні твораў ГС.Баха, Л.Бетховена,
Ф.Шапэна, Ф.Мендэльсона-Бартольдзі.
якому сардэчна й горача рэкамендаваў Фларыяна, і даў самыя дробныя дэталі адносна яго таленту і праграмы, якую лічыў стасоўнейшай для карыснага правядзення часу ў абранай ім рэзідэнцыі.

Распламянёны і поўны надзеі, Фларыян чулліва падзякаваў свайму пратэктару і развітаўся з ім. Ён не прадчуваў, што ўжо болей не ўбачыць свайго настаўніка Фелікса Мендэльсона-Бартольдзі і што вельмі хутка пасля гэтага музычны свет пакрые жалоба з-за дачаснай страты векапомнага незабыўнага мужа.

VII

У той час мала дзе была чыгунка, і таму, прабыўшы 10 дзён у Дрэздэне, Фларыян выехаў у Прагу дыліжансам. У Празе адпачыў некалькі дзён, пабачыў, што было знакамітым, і зноў сеў у дыліжанс, які яго на пачатку студзеня 1842 г. прывёз у сталіцу Аўстрыі. Гэтым жа вечарам, па супадзенню, было прадстаўленне ў Венскай оперы «Гвельфаў і гібелінаў» («Гугенотаў») Маербера. Змучаны падарожжам, Фларыян не мог працівіцца жаданню паслухаць гэтую выдатную музыку, якую да гэтага ведаў толькі па партытуры. Назаўтра раніцай зрабіў візіт прафесару Фішхофу і ўручыў яму лісты Мендэльсона. Фішхоф прыняў Фларыяна вельмі ветліва і адразу задаволіў яго пажаданні, прапануючы наступны расклад заняткаў: асабіста абяцаў даваць Фларыяну ўрокі па фартэпіяна. Па гармоніі і вышэйшай кампазіцыі рэкамендаваў прафесара Антонія Хёльтцля (Holtzl), Юзаф Xаўзэр (1828—1903) — спявак (барытон), сын
Франца Xаўзэра — дырэктара Мюнхенскай кансерваторыі
(1846—1864), сябра Ф.Мендэльсона-Бартольдзі і
Р.Шумана, аўтар досыць папулярнага падручніка
«Gesanglehse fur Lehrende und Lerhende» (Лейпцыг, 1866),
а таксама «Мастацтва спеваў для настаўнікаў і вучняў»
па спевах — славутага ў тыя часы настаўніка спеваў Юзафа Хаўзэра (Hauser). Мэтай урокаў спеваў не было зрабіць з Фларыяна спевака, але хутчэй пазнаёміць яго з тым важным інструментам, якім з'яўляецца чалавечы голас. Грунтоўнае знаёмства з чалавечым голасам патрэбна для драматычных (оперных) кампазітараў. Xаўзэр гэтую прынцыповую галіну вакальнай музыкі па-майстэрску трактаваў тэарэтычна і практычна. Ягоныя ўрокі былі нязмерна цікавыя, тым больш што раз на тыдзень ён збіраў у сябе сваіх вучняў і прапаноўваў пад сваім кіраўніцтвам выконваць з ліста класічныя хоры з касцельных і драматычных твораў.

Як мінула дзве гадзіны заняткаў на фартэпіяна, Фішхоф заявіў Фларыяну, што лічыць сваё кіраўніцтва не патрэбным і што ён сам можа працаваць над далейшым развіццём тэхнікі, бо метад ігры Фларыяна не патрабуе далейшага кіраўніцтва. З Xёльтцлем урокі спачатку ішлі вельмі сур'ёзна. Пакуль праходзілі асновы гармоніі, Фларыян працаваў старанна і спакойна, калі займаліся кантрапунктам — пачаў праяўляць нецярплівасць, потым, незадаволены трактоўкай гэтых праблемаў, пытаўся пра тое, што яму прыйшло ў галаву і з кожнай гадзінай выхопліваў у настаўніка дагэтуль таямнічыя для яго падрабязнасці. Гэта былі ўжо не лекцыі, а музычныя кансультацыі, дзе выклад быў не сістэматычна-паслядоўны, а дамінавала грунтоўная размова па асобных, выпадкова абраных тэмах.

Фларыян колькі мог наведваў канцэрты, якія даваліся ў кансерваторыі, дзе сімфоніі Моцарта і Бетховена выконваліся з каласальнай дакладнасцю, што было для яго падмацаваннем і невыказальнай раскошай. Чым болей умеў, тым болей прагнуў засвоіць тое, чаго яшчэ не хапала, тым хутчэй стараўся навучыцца таму, чаго яшчэ не ўмеў. Той ліхаманкавы запал Фларыяна можна было параўнаць з апетытам хворага на сухоты, даследчае вока медыка лёгка здагадалася б, што зародкам тае хваробы была настальгія па далёкай каханай жонцы. Артыст адчуваў, што на даўжэйшую ахвяру сілы ў яго не хопіць. Бадай, перад мецэнатамі мастацтва, да якіх ставіўся з надзвычайнай пакорай і шанаваннем, прыдумаў нейкі лжывы повад да паспешлівага ад'езду. І пасля няпоўнага году знаходжання ў Германіі бедны наш Фларыян імчаўся дахаты сіламі пары коней, якія далёка не адпавядалі намаганням ягонага сэрца, бо былі занадта марудныя.

VІІІ

Тут заканчваюцца найбольш цікавыя біяграфічныя звесткі пра Міладоўскага. Вярнуўся ён да краю такім, якім застаўся назаўсёды — артыстам, поўным прыроджаных здольнасцяў, легалізаваных грунтоўным, хоць і нядоўгім вывучэннем правілаў мастацтва. Творы Міладоўскага вызначаюцца яснасцю стылю і каларыту. У іх няма следу пустаслоўя, і, хутчэй, яны ёсць адлюстраваннем паслядоўнасці філасофскіх думак. Арыгінальнасць, асабліва ў мадуляцыі, паўсюль старанная гармонія, аб'яднаная з эстэтычным густам, выключная, без перабольшання вобразнасць, заўсёды цікавая фактура — вось галоўныя прыкметы стылю кампазітара. Не накладае ён на свае творы маскі, каб спадабацца большай колькасці слухачоў коштам адмаўлення ад уласных перакананняў, не робіць стаўку на эмацыйны эфект паводле сённяшняй сістэмы, але, хутчэй, па-апостальску імкнецца вярнуць у атручанае паветра здаровыя прынцыпы, прызначэнне якіх — будаваць, а не нішчыць. Шкада! Ягоны голас — часцей за ўсё голас гукаючага ў пустэльні.

Увогуле больш ўдалыя эскізы ягонага смелага пэндзля, чым скончаныя і шырока развітыя палотны.

Міладоўскі застаўся ў Чырвоным Двары да верасня 1851 г. і пісаў там па- ранейшаму творы розных памераў і стыляў. Некаторыя ягоныя паланезы для аркестра, дзякуючы народнаму характару і арыгінальнай інструментоўцы, былі выдатнымі, надзвычайнымі. Шкада, што Аўтар, як здаецца, не захаваў ніводнай з гэтых кампазіцыяў. У той перыяд з друку выйшлі 2 накцюрны, выдадзеныя ў Вільні; саната Es-dur на 4 рукі, выдадзеная ў Вене ва ўдавы Мехеці (Mechetti). Гэта назва аўстрыйскай фірмы музычных выдаўцоў
у Вене (існавала з 1798 па 1855 г.), якая паходзіць
ад імя выдаўца Мехеці. Weimann A. Mechetti
Выехаўшы з Чырвонага Двара, Міладоўскі асеў у Вільні, дзе даваў урокі ігры на фартэпіяна. У 1853 г. зрабіў 6-месячную падарожжа ў Парыж. Адтуль прывёз выдадзеныя Рышо (Richault) Рышо быў адзін з выдаўцоў французскага
выдавецтва «Simon Richault», якое дзейнічала
ў перыяд з 1816 па 1898 гг. Macnutt R. Richault
4 мазуркі, прысвечаныя імператрыцы Яўгеніі Яўгенія (1826—1920), дачка знакамітага іспанскага
вельможы графа де Манціха, ў студзені 1853 года
стала жонкай Банапарта ІІІ і імператрыцай Францыі.
і паланез B-dur, друкаваны ў таго самага выдаўца. Тыя 2 творы мала распаўсюдзіліся з тае прычыны, што вымагалі дасканалай выканаўчай тэхнікі. Крыху пазней коштам «Музычнага руху» Часопіс «Музычны рух» выходзіў у Варшаве з
1857 па 1862 г. пад рэдакцыяй Ю.Сікорскага
выйшлі 3 мазуркі, ахвяраваныя Манюшку, таксама цяжкія. «Музычны альбом», які ў тыя часы друкаваўся ў Вільні, выдаў некалькі асобных кампазіцыяў, між якімі найбольш значнай была «Уверцюра, напісаная для «Успамінаў Сатаны», перакладзеная з аркестровай партытуры для фартэпіяна ў 4 рукі. Прапускаем усе меншыя творы, выдадзеныя ў розных гарадах. У 1854 г. Міладоўскі сачыніў 4-галосую месу E-dur, словы да якой спецыяльна напісаў на польскай мове славуты паэт Ул. Сыракомля. Гэтая меса была выканана першы раз з вялікім поспехам у дзень св. Цэцыліі пад кіраўніцтвам Ст. Манюшкі ў касцёле св. Духу ў Вільні.

У 1855 г. Міладоўскія, шмат разоў сутыкнуўшыся з пакутнай стратай дзяцей, з антыпатыяй да гарадскога жыцця пакінулі Вільню і пераехалі жыць да набытага ва ўласнасць маёнтка, які знаходзіўся паблізу губернскага гораду Менск. Жонка Фларыяна была вялікай прыхільніцай вёскі. Фларыян ахвотна праводзіў малую частку года на свежым вясковым паветры, любіў прыгожую прыроду, дзе палка паляваў нават і ў слотныя восеньскія і зімовыя дні, але аграном з яго быў дрэнны. Займаўся столькі альбо можа і не зусім столькі, колькі было неабходна, каб ўтрымліваць гаспадарку ў парадку; давяраў гэта жонцы, а сам не пакідаў разлінаванай для музыкі паперы, якую заўсёды трымаў на першым месцы на стале ў кабінеце. У часе побыту на вёсцы напісаў між іншым 50-псалом Давіда для хору і сольных галасоў з аркестрам на польскай і французскай мовах; «Ойча наш» па-польску для вялікага змешанага хору, які быў прызначаны да выканання ў Познані; таксама шмат мес, літаніяў і кантатаў. У той час выйшаў у перыядычным выданні «das Pianoforte», рэдагаваным Ф.Лістам, ягоны «Экспромт»; выйшаў збор польскіх спеваў, выдадзеных А.Валіцкім Аляксандр Валіцкі (1826—1893) — беларускі музычны
выдавец, уладальнік менскай кнігарні, музычна
крытык і спявак. Сябра Ст.Манюшкі і добры выканаўца
ягоных песняў, а таксама першы біёграф (кніжка пад
назвай «Stanislaw Moniuszko». Wilno, 1873).
А.Валіцкі прымаў удзел у паўстанні 60-х гг., за што
быў высланы ў Тамбоў. Пасля ссылкі пасяліўся ў
Варшаве, дзе працаваў карэктарам у друкарні В.Аншына.
у Мінску, а таксама ўрыўкі з камічнай оперы да лібрэтта М.Лапіцкага «Канкурэнты», таксама друкаваныя ў Валіцкага. Аперэтку адыгралі адзін за другім 3 разы ў Мінску пад кіраўніцтвам кампазітара.

Не было прызначэннем Фларыяна, як кажуць, асталёўвацца на адным месцы. Пасля сямі гадоў, праведзеных у Мацках (назва маёнтка Фларыяна), ягоны сын цяжка захварэў, а калі амаль цудам быў вылечаны, дзеля забеспячэння ягонай будучыні Міладоўскім параілі вывезці яго на доўгі час у цёплы клімат. Бацькі палічылі, што Францыя найлепш адпавядае гэтай мэце, і выехалі з намерам зноў вярнуцца ў Мацкі.

Нешчаслівыя выпадкі, якія здарыліся ў Польшчы, а апрача іх хутка прагрэсіруючая катаракта на абодва вокі ў Фларыяна не дазволілі Міладоўскім вярнуцца на радзіму. Фларыян увесь час працаваў на артыстычным полі, пакуль яго не наведала тая бязлітасная хвароба.

У Страсбургу напісаў кантату рэлігійнага зместу для падвойнага мужчынскага хору без акампанементу, якая там жа была выканана знакамітым Харальным таварыствам пад кіраўніцтвам П.Лібе (Liebe) Эдвард Луі Лібе (1819—1856) — піяніст і кампазітар.
Э.Л.Лібе выконваў абавязкі дырэктара музыкі ў Кодленце
(з 1844), дырыжора музычнага таварыства ў Вормсе (1846),
прафесара фартэпіяна ў Страсбургу (1850—1856).
. У тым жа горадзе напісаў чатырохгалосую месу B-dur з суправаджэннем аргану. Яго ўлюбёным заняткам было іграць ансамблем у сябе альбо ў знаёмых. Фларыян не адмаўляў у лекцыях па гармоніі асобам, якія былі накіраваныя да яго. Пяць гадоў Фларыян быў прафесарам фартэпіяна ў вышэйшым калегіуме св. Клемента ў Метц. На пачатку 1870 г. зусім аслеп, і важнейшыя ваенныя здарэнні Гаворка ідзе пра вайну паміж Францыяй і Прусіяй
1870—1871 гг. з падтрымкай дзяржаваў звязу Паўночнай
і Паўднёвай Нямеччыны за ўсталяванне кантролю
ў Еўропе. У гэтай вайне Прусія імкнулася скончыць
яднанне Германіі пад сваёй эгідай і паслабіць Францыю і
ейны ўплыў. У выніку ваенных дзеянняў паўстала
Германская імперыя
заспелі яго ўжо сляпым. Ён часта прасіў сына, каб той праводзіў яго за горад, і прыслухоўваўся да дзікай музыкі гармат і куляў, якая штодзённа гучала навокал блакаванай фартэцыі. Ужо сляпым Фларыян склаў 12 дуэтаў для віяланчэлі з фартэпіяна, якім даў назву «Альбом сляпога». Дачка Фларыяна пад дыктоўку запісала гэтыя дуэты, і такім спосабам нешчаслівы калека іграў іх пасля з сынам. Гэтая забава аблягчала смутны стан Артыста. Трэба прызнаць, што ўсю сваю спакутаваную душу ён выліў у размову паміж двума інструментамі. У кожным нумары кампазітар паказваў асобны вобраз, адзін лепшы за другі, прычым кожны раз іншы. У гэтай элегічнай вялікай паэме гучалі смутак папераменна з надзеяй, вясёлыя ўспаміны мінулага, сур'ёзныя паэтычныя мары, чуллівыя песні каханкаў і ўзнёслая малітва чалавека- пілігрыма. Славуты альбом быў бы ўжо даўно выдадзены, калі б не загніванне, стагнацыя ва ўсіх прадпрыемствах, якая пануе ў Францыі ад часоў, калі ўвесь край пакрыла жалоба. 8 нумароў з прапанаванага збору Фларыян прысвяціў знакамітаму віяланчэлісту Антонію (прозвішча не чытаецца. — С. Ш.) Знакаміты вучань Ерне (Jerne) даў пазнаёміцца публіцы з «Альбомам сляпога», і ў справаздачах газет градам сыпаліся ўхвальныя выразы, у якіх з энтузіязмам ацэньваўся талент кампазітара.

Пасля капітуляцыі Меца ў пачатку лістапада Фларыяну зрабілі аперацыю на левае вока, пасля якой з невыказным шчасцем ён зноў убачыў Божы свет і дарагіх яму асобаў. Пасля некалькіх месяцаў клопатаў і намаганняў узяў у рукі пяро і спрабаваў ім кіраваць. Аднак парады лекара і ўласны розум назаўсёды забараняюць яму доступ да пастаянных і занадта стамляючых заняткаў. Мінулае вучыць клапаціцца пра будучыню. На харугве воіна вышыта вялікімі літарамі слова «памяркоўна».

З месяца ліпеня 1871 г. Міладоўскі пасяліўся ў Нансі. Шматлікія пакуты, праз якія прайшоў, паўплывалі на змену яго настрою: прабілася ў ім меланхолія, аб'яднаная з мізантропіяй і часам ён як быццам бы ўздыхае па лепшым свеце, наракае на астылыя людскія сэрцы, на недахоп шанавання рэлігіі і маральнасці, на ўпадак літаратуры і мастацтваў. Аднак увесь час у хатнім коле альбо таксама ў кампаніі сімпатычных яму асобаў здольны яшчэ праясніць лоб і з замілаваннем разважаць пра мінулае, паўтараючы: «Ці не праўда? Даўней лепей было!»

ІХ

Гэтыя некалькі радкоў напісаныя больш за год таму. Фларыян забыў пра ўмеркаванасць і на працягу 1872 года стварыў два вялікія трыо для фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі, а таксама некалькі твораў меншага памеру. Гэта моцна сапсавала зрок артыста, ён быў вылечаны ад слепаты сапраўды з вялікай цяжкасцю, але бадай па-ранейшаму працаваць не зможа. Божая воля няхай гэта развяжа. Творчая спадчына яго, магчыма, застанецца невядомая і не ацэненая ў Францыі; нічога дзіўнага: на гэтым, вартым жалю, свеце такі лёс на кожным кроку дастаецца і талентам больш знакамітым, чым у Фларыяна, а часта і геніям.

Канец.

Публікацыя й пераклад з польскае мовы Святланы ШЭЙПЫ

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Спадчына", 2003. № 2-3.
Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі