АПОСТАЛ НАВУКІ

 

У чылійскай сталіцы, г. Сант'яга, стаіць помнік I. Дамейку, на ім надпіс: Грандэ Эдукадор. У перакладзе гэта азначае вялікі асветнік. Такімі словамі чылійскі народ увекавечыў памяць аб нашым земляку.

Ігнат Іпалітавіч Дамейка нарадзіўся 3 ліпеня 1802 г. у маёнтку Нядзведка, непадалёк ад мястэчка Мір (цяпер Карэліцкі раён). Скончыў школу манахаў-піяраў у Шчучыне, у 1816 г. паступіў у Віленскі універсітэт. Слухаў лекцыі такіх вядомых вучоных, як Лялевель, Бароўскі, Франк... У тыя ж гады ва універсітэце вучыліся маладыя паэты Адам Міцкевіч, Томаш Зан, Ян Чачот і іншыя. Неўзабаве Адам Міцкевіч пазнаёміўся з I. Дамейкам і далучьіў яго да тайнага таварыства філаматаў пад канспіратыўным імем «Жэготы». Увосень 1823 г. I. Дамейка разам з іншымі гурткоўцамі быў арыштаваны і пасаджаны ў турму. Камеры I. Дамейкі і А. Міцкевіча аказаліся побач. Праз шмат гадоў Дамейка пісаў: «Удзень нас вадзілі ў суд, кожнага пад вартай двух салдат з карабінамі. Уначы мы падкупалі сядзельцаў, якія дазвалялі нам сыходзіцца. Поўнач была для нас узыходам сонца: мы збіраліся ў камеры Адама і да світання бавілі час у гутарцы ціхай, але не сумнай...»1. Усё гэта Адам Міцкевіч адлюстраваў пазней у паэме «Дзяды», дзе Дамейка паказаны ў вобразе аканома Жэготы.

Царскія ўлады саслалі А. Міцкевіча і яго сяброў. Ігнат Дамейка пад наглядам паліцыі аказаўся ў в. Заполле на Лідчыне, а потым у Жыбуртоўшчыне побліз Дзятлава. Яму назаўсёды было забаронена працаваць на дзяржаўнай службе. У маёнтку Заполле ён адкрыў школу, зменшыў сялянам падатак.

Палітыка нацыянальнага заняволення ў заходняй частцы Расійскай імперыі выклікала адпор з боку народаў прыгнечаных ускраін. Ліпеньская рэвалюцыя 1830 г. у Францыі паскорыла выбух паўстання ў Польшчы. У лістападаўскую ноч 1830 г. нападзеннем на Бельведэр пачала ўзброенае паўстанне варшаўская моладзь, Неўзабаве яно пашырылася на Літву і Беларусь. Ігнат Дамейка далучыўся да паўстанцаў. Аднак сяляне не падтрымалі гэты рух, таму што ён нічога не змяняў у іх становішчы.

Ігнат Дамейка.

Пасля паражэння паўстання Дамейка пакідае родны край. Па дарозе ў Парыж ён сустракаецца з А. Міцкевічам. Іх сяброўства ў выгнанні было сагрэтае асаблівай шчырасцю і цеплынёй. Дамейка слухае лекцыі ў Горнай школе, у Сарбонскім універсітэце, займаецца грамадскай і палітычнай дзейнасцю, выступае з прамовамі на мітынгах. Ахвотна памагае А. Міцкевічу перапісваць рукапісы паэмы «Пан Тадэвуш». У знак удзячнасці паэт падарыў яму экземпляр першага выдання паэмы. У 1837 г. пасля заканчэння Горнай школы ў Парыжы Ігнат Дамейка едзе ў чылійскі г. Какімба чытаць лекцыі па мінералогіі. Немалаважную ролю ў рашэнні паехаць у далёкую краіну адыграла тое, што ў Чылі к таму часу ўсталяваўся рэспубліканскі лад.

Гасцінна сустрэлі чылійцы маладога вучонага-славяніна. Навучэнцы Горнай школы ў Какімба ахвотна сталі памагаць Дамейку будаваць лабараторыю. У багатай на карысныя выкапні краіне адкрываліся новыя руднікі, шахты і для іх патрабаваліся кваліфікаваныя спецыялісты. Ігнат Дамейка ў вольны ад заняткаў час даследуе Анды, наведвае шахты. 3 болем і спагадай назірае .ён за жыццём шахцёраў, якім за мізэрную плату даводзілася працаваць у неймаверна цяжкіх умовах.

У час свайго падарожжа па Чылі I. Дамейка адкрыў шмат радовішчаў карысных выкапняў. Яму належыць права першаадкрывальніка чылійскай салетры, якая пасля заваявала сусветную славу. У Араўканіі, на поўдні краіны, ён сабраў багаты фальклорны матэрыял. Далей шлях ляжаў да вытокаў ракі Ларакеце. У час падарожжа Ігнат Іпалітавіч не раз у думках вяртаўся на радзіму. Лясы гэтых мясцін нагадвалі яму роднае Прынямонне.

3 1843 г. I. Дамейка стаў прафесарам хіміі і фізікі ў нацыянальным універсітэце Сант'яга. Аднак, як і раней, марыў аб радзіме. Ды вярнуцца не мог — у царскай Расіі чакала яго ссылка. На ўскраіне Сант'яга Ігнат Іпалітавіч пабудаваў сабе дамок. Тут збіраліся лепшыя людзі Чылі — вучоныя, дзяржаўныя дзеячы.

Удзячная чылійская грамадскасць абрала I. Дамейку рэктарам універсітэта ў Сант'яга. У 1884 г. у знак пратэсту супраць захопніцкай вайны Чылі з Перу вучоны адмовіўся ад гэтай пасады.

Творчая думка і энергія I. I. Дамейкі былі невычарпальныя. У Сант'яга ён узначаліў работы па водазабеспячэнню горада, увёў метрычную сістэму мер па мінералогіі і фізіцы. Ён арганізаваў службу метэаралогіі, стварыў мінералагічны і этнаграфічны музеі, хімічную і горную лабараторыі. 3 яго імем звязваецца распрацоўка навуковай асновы эксплуатацыі прыродных багаццяў Чылі. Ігнат Іпалітавіч апублікаваў 130 навуковых прац, якія перакладзены на многія мовы свету.

Урад краіны ў гонар нашага земляка выпусціў памятны медаль і прызначыў яму самую высокую ў краіне пенсію. У рэспубліцы шырока адзначаўся 30-гадовы юбілей работы «дона Ігнація», як з павагай называлі яго чылійцы. Яму было прысвоена званне ганаровага чылійца, яго імем названа фіялка віёла дамейкана, выкапнёвы слімак науцілус дамейкус, мінерал дамейкіт. А на геаграфічнай карце можна знайсці вулканічны горны ланцуг працягласцю каля 350 кіламетраў, які называецца Кардыльера Дамейкі.

Але ні павага, ні слава не прымусілі Дамейку забыць радзіму, сваіх сяброў. Да апошніх дзён жыцця Адама Міцкевіча Ігнат Іпалітавіч перапісваўся з паэтам. I не траціў надзеі, што калі-небудзь настане час новых змаганняў за свабоду... У адным з лістоў да

А. Міцкевіча ён пісаў: «Ты, Адам, калі ўбачыш, што трэба, каб вярнуўся да вас, напішы мне толькі такія словы: «Вяртайся хутчэй», без усякіх дабаўленняў, прычын або ўмоў».

У 1884 г., спадзеючыся, што царскія ўлады ўжо не будуць яго праследаваць, Ігнат Іпалітавіч вырашыў наведаць радзіму.

...Еўропа. У Парыжы яго ўрачыста вітаюць вучоныя Сарбоны. У Кракаве прысуджаюць вучоную ступень ганаровага доктара. На варшаўскім пероне яго сустракае сябар студэнцкіх гадоў, вядомы на той час паэт Антон Адынец. 3 Варшавы яны едуць у Беларусь. Царскія ўлады, не жадаючы пускаць Дамейку на радзіму, на чатыры месяцы затрымалі яго пашпарт у Гродне. Нарэшце — родныя мясціны. Мясцовая інтэлігенцыя, жыхары навакольных вёсак шчыра і гасцінна, народнымі песнямі, хлебам і соллю сустрэлі свайго земляка — чалавека з легендарным лёсам. Разам з Адынцом I. Дамейка наведаў Нядзведку, Мір, Навагрудак, Крошын і іншыя мясціны, дзе прайшлі маленства і юнацтва.

У Крошыне Ігнат Дамейка і Антон Адынец пасадзілі на памяць два дубкі, а мясцовы каваль Паўлюк Багрым высек вершаваны надпіс на камені.

Пад канец 1888 г. I. Дамейка вяртаецца ў Чылі.

23 студзеня 1889 г. перастала біцца сэрца вучонага. Дзень яго пахавання быў аб'яўлены днём нацыянальнай жалобы. «Пан Дамейка, — пісала афіцыйная чылійская газета,— быў больш чым прафесарам: ён быў апосталам навукі ў Чылі». На пахаванні з прамовай выступіў прэзідэнт. Урад абвясціў Дамейку нацыянальным героем рэспублікі. У Сант'яга быў устаноўлены абеліск.

М. БУЛАЙ.

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1984.
№ 4. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі