МІНСКІ ДВАРАНІН КАЗІМІР ЧАРНОЎСКІ

 

Ён быў арыштаваны красавіцкім днём 1829 г. і адразу ж, у суправаджэнні жандараў IIІ аддзялення, дастаўлены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Дзяжурны камендант зрабіў запіс у рэгістрацыйнай кнізе: дзяржаўны злачынца, мінскі дваранін Казімір Чарноўскі.

I толькі праз 100 год пасля арышту, калі архівы Петрапаўлаўскай і Шлісельбургскай крэпасцей сталі адкрытыя для гісторыкаў і даследчыкаў, удалося даведацца пра лёс зняволенага.

Праз 2 месяцы пасля арышту Чарноўскі напісаў ліст цару Мікалаю I. Ён паведамляў, што з 1825 г. напружана і плённа працаваў над праектам падводнай лодкі, і цяпер прапаноўваў зрабіць такое падводнае судна, якое б магло быць карысным у ваенных і гаспадарчых мэтах. Чарноўскі пісаў, што падводная лодка зможа ўзрываць варожыя караблі, высаджваць дэсант на тэрыторыі варожых краін, збіраць жэмчуг на дне мора. Ён не прасіў у цара ні грошай, ні вызвалення з крэпасці. Ён быў цалкам захоплены сваёй ідэяй і марыў аб яе здзяйсненні. Яшчэ раней, калі Чарноўскі быў у Францыі, ён чуў, што там складалі праект падводнага судна, і нават бачыў малюнкі з гэтага праекта. I хоць па адукацыі ён не быў інжынерам, але зразумеў недахопы судна. Па-першае, яму не падабалася, што карабель рабілі з дрэва. Узнікла думка зрабіць яго суцэльнаметалічным. Па-другое, не задавальнялі канструкцыя і прыстасаванні для пагружэння пад ваду — занадта прымітыўныя.

Цар ведаў, што за мяжой вучоныя складаюць праекты падводнага судна. Мо таму ён дазволіў Чарноўскаму напісаць тлумачальную запіску да свайго праекта. Чарноўскі хутка склаў запіску, якую адразу перадалі генералу корпуса інжынераў шляхоў зносін Базену, чалавеку адукаванаму і таленавітаму. Базен не ведаў, што запіску склаў зняволены, і, азнаёміўшыся з ёю, напісаў: «...падводная лодка не задавальняе ўсіх жаданых умоў, аднак вынаходства яе робіць гонар аўтару, і трэба думаць, што яго старане і практычныя веды маглі б быць карыснымі пры далейшых даследаваннях для ўвядзення і ўдасканалення падводнага суднаходства ў Расійскай імперыі».

У камеру Чарноўскаму прынеслі паперу, алоўкі, чарніла. Ён з натхненнем пачаў працаваць над праектам падводнага судна. Гэта была не лёгкая праца. Усе кнігі і даведнікі забралі жандары ў час вобыску на кватэры. Пра тое, каб атрымаць іх у крэпасці, не магло быць І гаворкі. I. Чарноўскі спадзяваўся толькі на памяць. Ён аднаўляў чарцёж за чарцяжом, і цяпер можна з упэўненасцю сказаць, што лодка Чарноўскага была першым сапраўдным праектам, ад якога ў далейшым ішлі вынаходцы рускіх падводных лодак. Судна Чарноўскага перш за ўсё было механічным. Даўжыня яго — каля 10 м, шырыня — 3 м. Судна павінна было рухацца пры дапамозе вёслаў вельмі арыгінальнай канструкцыі, якія пры руху складваліся і раскрываліся, як парасоны. Усярэдзіне лодкі размяшчаліся скураныя мяхі — своеасаблівыя баластныя цыстэрны і балоны са сціснутым паветрам для ачышчэння атмасферы. Кіраванне пагружэннем і ўсплыццём ажыццяўлялася з дапамогаю рубкі, якая высоўвалася, мела ілюмінатары для назірання за паверхняй мора і ўваходны люк.

Узброіць падводную лодку вынаходца прапаноўваў мінай, якая мела моцны выбуховы зарад. Чарноўскі ўпершыню тэарэтычна распрацаваў пабудову перыскопа, які ў нашы дні ёсць на кожнай падводнай лодцы...

Добры водгук Базена павінен быў, здавалася, дапамагчы вынаходцу. Атрымалася наадварот. У кастрычніку 1829 г. Чарноўскага перавялі з Петрапаўлаўскай крэпасці ў Шлісельбургскую. Камендант крэпасці забраў у яго ўсе чарцяжы і запіскі, сурова выконваючы інструкцыі ўтрымання зняволеных. Прайшло 10 месяцаў, і Чарноўскему прапанавалі прадставіць свае меркаванні па крытычных заўвагах Базена. У камеру зноў прынеслі паперу і чарцёжныя прылады.

А далей Чарноўскага напаткаў лёс усіх зняволеных: пра яго забыліся, Мінула 2 гады. У маі 1832 г. ваенны міністр пацікавіўся, у якім стане праца Чарноўскага. Камендант адказаў, што на першым часе зняволены ўзяўся за работу з вялікай ахвотай і зрабіў 12 чарнавых планаў. Потым «паказаў сябе не такім старанным» і нават зрабіў замах на сваё жыццё, нанёсшы сабе нажом рану ў шыю. 9 месяцу Чарноўскі ' праляжаў у ложку' і затым, як паказвае камендант, сам папрасіў забраць ад яго чарцёжныя прылады.

Але зноў прыйшла папера з Пецярбурга ад ваеннага міністра. Тады камендант крэпасці папрасіў у Мікалая I дазволу выдаць Чарноўскаму чарцёжныя прылады. Цар дазволіў, толькі папярэдзіў, што адказнасць будзе несці сам камендант. Зразумела, што той палічыў найлепшым для сябе не ствараць Чарноўскаму ўмоў для працы.

У верасні 1832 г. камендант зноў адказаў ваеннаму міністру, што зняволенаму ён ніякіх прылад не даў, але ўгаворваў яго працаваць. Аднак Чарноўскі, па словах каменданта, працуе з вялікай лянотай і за ўвесь час зрабіў толькі план, дадаўшы да яго апісанне.

Зусім не цяжка зразумець, чаму вынаходцу апанавала апатыя. Умовы ў крэпасці былі найцяжэйшыя. Гадамі зняволеныя не чулі чалавечага голасу, не дыхалі свежым паветрам. У камерах было холадна, сыра і цёмна. Маленькая газоўка не давала святла. Тры разы на дзень у камеру ўваходзіў салдат, наліваў у міску пахлёбку і моўчкі выходзіў. Размаўляць са зняволенымі салдатам не дазвалялася.

Прайшло яшчэ 2 гады. У 1834 г. у журнале крэпасці быў зроблены запіс аб тым, што зняволены, мінскі дробнапамесны дваранін Казімір Чарноўскі, выбыў у Архангельскую губерню. Так быў пахаваны праект стварэння першай металічнай падводнай лодкі ў Расіі. На доўгі час засталіся невядомымі не толькі далейшы лёс Чарноўскага, але і прычына, па якой быў арыштаваны вынаходца. У крэпасці не засталося ніякіх звестак аб яго жыцці.

3 таго часу мінула звыш 100 год.

I вось у архівах Мінска былі знойдзены цікавыя дакументы. На вокладцы папкі значыцца: Чарноўскі Казімір. Пажоўклыя ад часу паперкі. падпісаныя дваранскім сходам, датаваны 1818 г. Некаторыя з іх на польскай мове. Крок за крокам высвятляем біяграфію гэтага чалавека. Нарадзіўся ён у маёнтку Карытніца Ігуменскага павета. Пасля вайны 1812 г. нейкі час жыў у Францыі, дзе пачуў пра французскіх вынаходцаў, якія стваралі праект падводнага судна. У 1824 г. пераехаў у Пецярбург і паступіў у медыка-хірургічную акадэмію. Быў арыштаваны па даносе за прыналежнасць да тайнай арганізацыі, якая ставіла мэтай барацьбу з самадзяржаўем. Гэтай арганізацыяй, відаць, быў нейкі гурток, у які ўваходзіла моладзь з Царства Польскага. Вядома стала і тое, што Чарноўскага дапытваў сам Бенкендорф. Затым доўгія гады зняволення і высылка ў Архангельскую губерню.

Які ж лес напаткаў Чарноўскага ў Архангельску? Там захаваліся архівы, і адтуль паведамілі, што Чарноўскі Казімір Гаўрылавіч жыў непадалёку ад марскога шпіталя. Знойдзеныя дакументы сведчаць, што Чарноўскі быў здольным чалавекам. За час жыцця ў Архангельску ён склаў некалькі праектаў жылых будынкаў і хутка быў прызначаны на пасаду намесніка архітэктара горада. Губернатар, задаволены ім, запытаў у Пецярбургу дазволу на прысваенне Чарноўскаму звання калежскага асэсара, але адтуль прыйшоў вельмі дыпламатычны адказ: Чарноўскі не мае закончанай адукацыі. Толькі па хадайніцтву губернатара гэтае званне было прысвоена Чарноўскаму праз год.

У 1839 г. Чарноўскі пазнаёміўся з двума палякамі, высланымі ў Архангельск за ўдзел у паўстанні 1831 г. у Польшчы. Ён запрасіў іх да сябе на кватэру, і там, відаць, адбылася размова пра лёс палякаў, якія адбывалі пакаранне. Чарноўскі прапанаваў смелы план уцёкаў з Архангельска і арганізацыі ўзброенага паўстання.

Архіўныя дакументы расказваюць, што знаёмыя Чарноўскага выдалі яго план мясцоваму генерал-губернатару. У Пецярбург была тэрмінова накіравана дэпеша. Адказ прыйшоў хутка. Чарноўскага загадалі арыштаваць, а затым вывез ці на пасяленне ў аддаленыя месцы Вяцкай губерні пад строгі нагляд паліцыі. У красавіку 1839 г. арыштанцкі вазок імчаў Чарноўскага ў далёкую ссылку.

Як склалася жыццё мінскага двараніна Казіміра Чарноўскага ў Вятцы, ці вярнуўся ён да свайго праекта падводнай лодкі — пакуль што невядома. У экспазіцыі Дзяржаўнага музея БССР выстаўлены экспанат, каля якога затрымліваюцца наведнікі. Яны з цікавасцю разглядаюць макет падводнага судна, зробленага па малюнках і чарцяжах нашага земляка Казіміра Чарноўскага.

І.С. ЦЯЦЕРЫН.

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1977.
№ 4. С. 27—28. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі