РАЧНОЕ СУДНАБУДАВАННЕ

Суднабудаванне Беларусі мае багатую гісторыю, даўнія традыцыі. Шмат вякоў, аж да вынаходства паравоза, асноўнымі і найбольш таннымі шляхамі транспарціроўкі грузаў на далёкія адлегласці былі рэкі. У вялізных лясных масівах было шмат выдатнага будаўнічага матэрыялу — векавых дубоў, соснаў, ялін. Згодна з дадзенымі археалагічных раскопах, суднабудаванне на тэрыторыі рэспублікі было вядомае ўжо ў эпоху неаліту: выдаўбаны са ствала дрэва човен знойдзены ў Плешчаніцкім раёне Віцебскай вобласці.

Лайбы на Заходняй Дзвіне.

Найстаражытнымі суднамі ва ўсходніх славян былі лодка, човен і струг, якія ўпамінаюцца ў летапісах і ў «Рускай праўдзе» ў IX—XI ст. ст. К сярэдзіне XIII ст. па Заходняй Дзвіне і Касплі хадзілі ўчаны, а ў пачатку XV ст. на Нёмане ўжо былі віціны. Павелічэнне грузавых перавозак у канцы XVI — пачатку XVII ст. абумовіла будаўніцтва рачных суднаў большага танажу — байдакаў, шкутаў, барак.

Аднак найвышэйшы росквіт рачнога суднабудавання як промыслу ў Беларусі адбыўся ў першай палове XIX ст. Больш дасканалая і зручная бярліна, якая з'явілася ў 50-х гг. XIX ст., пачала паступова выцясняць байдак і віціну, а вядомая з XVIII ст. на Заходняй Дзвіне лёгкая і трывалая лайба, павялічваючыся ў памерах, замяніла струг і шкут. Бярліны, лайбы і баркі плавалі на рэках Беларусі яшчэ ў пачатку XX ст. 3 распаўсюджваннем параходаў з канца XIX ст. шырока ўжываецца баржа. Для мясцовых перавозак грузаў і пасажыраў, у час лоўлі рыбы выкарыстоўваліся розныя лодкі: човен, камяга, абіянік, шугалея і да т. п. Спецыфічным грузапасажырскім суднам стаў паром (перавоз), вядомы з XV ст.

Доўбаная лодка.

Пры будаўніцтве суднаў майстры ўлічвалі асаблівасці мясцовых рэк (мелкаводдзе, парогі, водмелі). Таму беларускія судны вызначаліся лёгкасцю і невялікай асадкай. Будавалі іх звычайна на прыстанях або на берагах рэк. У канцы XVIII ст. верф была толькі ў крычаўскім маёнтку князя Пацёмкіна на Сажы, дзе, паводле сведчання А. Меера, будавалі баркі, а таксама рабілі такелаж для Чарнаморскага флоту. Народныя ўмельцы будавалі судны без чарцяжоў, па вопыту, які перадаваўся з пакалення ў пакаленне.

Тэхнічныя, канструкцыйныя прыёмы суднабудавання бяруць пачатак ў [X—XII ст.ст., калі, як вядома з летапісу, былі распрацаваны састаўныя часткі суднаў: днішча, барты, нос, карма, палуба, спосабы мацавання частак судна, канапачання, смалення, а таксама віды аснасткі. Першыя судны былі суцэльныя, з аднаго ствала дрэва, потым, каб павялічыць устойлівасць і -аб'ём, пачалі нашываць, набіваць дашчаныя барты. 3 XII ст. вядомыя цалкам дашчаныя судны, а з XVI ст. гэты тып стаў пануючым у водным транспарце. Далейшае развіццё ішло па лініі павелічэння памераў і відаў суднаў, больш стараннага аздаблення.

Лодка-дуб. XIX ст.

У XVIII—XIX ст.ст. беларускія рачныя судны, як і раней, будаваліся з дубу, сасны, елкі, асіны. Дно судна рабілі з тоўстых дубовых або сасновых дошак, па краях дна ставілі штэўні (стыры), а ўпоперак клалі сасновыя брусы. Змацоўвалі днішча і барты дубовымі, сасновымі, яловымі какорамі (крукамі, копанямі) — абчасаным бярвеннем з тоўстым, крывым карнявішчам, якое стварала рэбры судна. Бакі судна абшывалі сасновымі дошкамі. Часткі судна мацаваліся металічнымі і драўлянымі цвікамі (нагелямі). Так званый гнуткія мацаванні — вяроўкі з карэння і лазы — для сшывання бартоў у гэты перыяд ужо не ўжывалі. Застаўся толькі тэрмін — абшыўка судна. Пазы паміж дошкамі ў дне і бартах канапаціліся пакуллем, пянькой, мохам. Канапатку прыкрывалі вузкай дранкай (ластам), якая мацавалася да бартоў жалезнымі скобамі. Затым пазы, а часам і днішча з бартамі смалілі варанай смалой — пікам, варам.

Баркі на Заходняй Дзвіне.

Да XVII ст. дошкі рабілі з дапамогаю сякер. Барацьба з «сякернымі баркамі», пачатая дзеля захавання лесу і лепшага аздаблення суднаў, ішла да канца XVIII ст., пакуль, нарэшце, не пачалі ўжываць пілаваныя дошкі. Тым не менш «сякерныя судны» беларускія сяляне часам будавалі яшчэ і ў пачатку XIX ст. Так, у сваім рапарце генерал-губернатар Хаванскі ў 1828 г. адзначаў, што «сякерныя баркі» на віцебскай прыстані «робяцца здаўна па старажытным звычаі з-за адсутнасці лесапілак... і па зручнасці для сялян апрацоўваць з дрэва дошкі сякерай».

Любанскі раён, в. Шапілавічы. Човен.

Найбольш буйнымі цэнтрамі суднабудавання ў Беларусі ў XIX ст. былі ў басейне Дняпра і Прыпяці гарады Магілёў, Бабруйск, Гомель, Рэчыца, Пінск, Мазыр, Давыд-Гарадок, мястэчкі Дуброўна, Прапойск, Крычаў, Ветка, Лоеў, у басейне Нёмана — мястэчкі Стаўбцы, Новы Свержань, Любча, вёскі Ярэмічы, Дзяляцічы; на Заходняй Дзвіне — гарады Полацк, Віцебск, Веліж, Сураж, мястэчка Бешанковічы; на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах — Брэст, мястэчкі Целяханы, Гарадзец, Пагост, Быцень, вёскі Дубой, Кузялічына. Будавалі судны і ў іншых населеных пунктах Чэрыкаўскага, Рагачоўскага, Гомельскага паветаў Магілёўскай губерні, Мінскага, Навагрудскага, Мазырскага, Пінскага паветаў Мінскай губерні. Асаблівай вядомасцю карысталіся майстры, што жылі на Сажы. Іх бярліны па якасці лічыліся лепшымі. Здавён славіліся сваёй трываласцю віцебскія і веліжскія стругі.

Руль ад байдака (фрагмент). XIX ст.

Асноўнымі тыпамі рачных суднаў у Беларусі XIX ст. былі струг, віціна, байдак, шкут, лайба, барка, бярліна і іншыя. Некаторыя з іх мелі лакальнае значэнне. Напрыклад, стругі, шкуты і лайбы будаваліся на Заходняй Дзвіне, віціны — на Немане, байдакі, бярліны, лыжвы — у басейне Дняпра і Прыпяці, дубасы, баты, галяры — на Заходнім Бугу.

Традыцыйныя судны адрозніваліся адно ад аднаго канструкцыяй, аснасткай і памерамі. Яны падзяляліся на хадавыя (хадзілі ўніз і ўверх па рэках, служылі некалькі гадоў) і сплаўныя (будаваліся толькі на адзін рэйс, дзеля сплаву ўніз па цячэнні, і назад не вярталіся). Большасць суднаў, акрамя баркі, струга і люза, была хадавая.

Лайба.

Сярод суднаў пераважалі пласкадонныя; кругладоннымі былі толькі лыжва, дубас, лодка. Струг, байдак, віціна мелі нос і карму завостраныя, барка, лайба — закругленыя, бярліна — закруглены нос і вертыкальную карму. У байдака і баркі барты былі вертыкальныя або крыху нахіленыя, у іншых суднаў — разгорнутыя. Байдак, шкут, віціна, бярліна, лайба мелі мачту і ветразі. Двухсхільным дахам накрываліся струг, байдак, бярліна, барка, галяр; у віціны і лайбы даху не было. Акрамя таго, віціна і бярліна мелі палубу.

Памеры суднаў і грузападымальнасць былі розныя. Так, напрыклад, даўжыня байдака — 12—25 сажняў, шырыня — 2—4 сажні, грузападымальнасць — 5— 15 тыс. пудоў. А вось даўжыня барка — 20—25 сажняў, грузападымальнасць — ад 20 да 40—50 тыс. пудоў.

Уніз па рэках судны ішлі пры дапамозе вёслаў, шастоў, ветразяў, а супроць цячэння — дзякуючы людской цязе (ліне І завозу). Каб кіраваць суднам, на карме і носе ўстанаўліваліся рулявыя вёслы — велізарныя бярвёны даўжынёй 7—9 сажняў. Іх ніжні канец, апушчаны ў ваду, счэсваўся ў выглядзе лопасці, у верхняй частцы ён быў круглы, і ў яго ўбіваліся драўляныя палкі, рукаяткі, пры дапамозе якіх паварочвалі рулявое вясло. Кармавыя і насавыя рулявыя вёслы на барках мелі назву пацесь, на стругах і байдаках кармавая пацесь называлася сцярном, насавая пацесь на стругах — дрыгалка, на байдаках — трапло.

На рачных суднах з Беларусі вывозілі за мяжу праз балтыйскія і чарнаморскія парты лён, алей, сала, мёд, воск, паташ, смалу, футры, збожжа, лесаматэрыялы. Адтуль везлі соль, селядцы, прыправы, тытунь, віно, тканіны, металічныя і галантарэйныя вырабы. У 1848 г., напрыклад, па Заходняй Дзвіне прайшлі з грузам 1329 суднаў, а па Нёмане і іншых рэках Гродзенскай губерні ў 1852 г.— 2266.

Тэхнічныя прыёмы суднабудавання былі абумоўлены традыцыяй, дзякуючы чаму рабіліся зручныя і эканамічныя віды суднаў. 3 другога боку, прагрэс тэхнікі ў дарэвалюцыйны час стрымліваўся пануючым эксплуататарскім ладам. Тым не менш доўгая гісторыя рачнога суднабудавання як промыслу сведчыць аб багацці творчай думкі і высокім майстэрстве народных умельцаў Беларусі.

Н.I. БУРАКОЎСКАЯ, навуковы супрацоўнік ІМЭФ АН БССР

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1979. № 3.
С. 27—28. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі