СТВАРАЛЬНІК КРЫЛАТЫХ МАЛАНАК

 

Сярод стваральнікаў новай авіяцыйнай тэхнікі нашай краіны доктар тэхнічных навук, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, адзін са старэйшых авіяканструктараў краіны Павел Осіпавіч Сухі займае адметнае месца. 50 год жыцця ён аддаў развіццю айчыннай авіяцыі. За гэты час ім былі спраектаваны многія дзесяткі тыпаў самалётаў, якія атрымалі сусветную вядомасць.

П. О. Сухі нарадзіўся ў 1895 г. у г. Гпыбокае Віцебскай вобласці. Дзед Паўла Осіпавіча, прыгонны селянін, быў першым у родзе Сухіх адукаваным чалавекам. Перад смерцю ён даў наказ сыну: вучыцца. Осіп Андрэевіч Сухі скончыў сельскую школу, потым настаўніцкую семінарыю і стаў народным настаўнікам. У 1897 г. сям'я пераехала ў Гомель, калі Паўлу не было яшчэ і 2 год.

У 1905 г. Павел Сухі паступіў у Гомельскую гімназію. Там у яго праявілася цікавасць да дакладных навук. Асабліва ён любіў фізіку і матэматыку, але захапляўся і астраноміяй, механікай, рабіў самастойна розныя прыборы.

П. О. Сухі — навучэнец Гомельскай мужчынснай гімназіі. 1914 г.

Калі Паўлу споўнілася 14 год, ён упершыню ўбачыў самалёт, які ляцеў над Гомелем. Падзея ўсхвалявала падлетка, і з таго часу думка пра неба не пакідала яго. Гімназію Сухі скончыў з сярэбраным медалём і паступіў на фізіка-матэатычны факультзт Маскоўскага універсітэта, але па-ранейшаму марыў аб авіяцыі. Калі ён даведаўся, што ў Маскоўскім вышэйшым тэхнічным вучылішчы прафесар М. Я. Жукоўскі чытае лекцыі па гісторыі авіяцыі, пачаў іх наведваць.

Пасля першага курса Сухі пераводзіцца ў МВТВ. Але вучобу прыйшлося спыніць — мабілізавалі ў армію. Пасля вайны Павел Осіпавіч вяртаецца ў Гомель, працуе настаўнікам, але неўзабаве зноў едзе ў Маскву, у вышэйшае тэхнічнае вучылішча. Адначасова ён працуе чарцёжнікам у Цэнтральным аэрагідрадынамічным інстытуце. Настаўнікі Сухога, якія адчулі ў ім талент, раілі заняцца больш надзейнай справай, чым авіяцыя. Прафесар Шчогалеў, напрыклад, разглядаючы дыпломны праект паравога катла і даведаўшыся, што студэнт збіраецца стаць авіятарам, сказаў: «Шкада! Які добры кацельшчык гіне ў вас...»

Пасля абароны дыпломнага праекта П. О. Сухі быў накіраваны ў Цэнтральны аэрагідрадынамічны інстытут у якасці інжынера-канструктара. Тут ён пачаў працаваць пад кіраўніцтвам вопытнага савецкага авіяканструктара А. М. Тупалева. У хуткім часе Сухога прызначылі кіраўніком канструктарскай брыгады. Сусветную славу здабыў самалёт «АНТ-25», які распрацавала брыгада П. О. Сухога ў аддзеле А. М. Тупалева. Самалёт мог праляцець 15 000 км без пасадкі. На гэтай машыне В. П. Чкалаў, Г. Ф. Байдукоў і А. В. Белякоў здзейснілі пералёт з Масквы ў ЗША без пасадкі. За стварэнне «АНТ-25» П. О. Сухі быў узнагароджаны ордэнам.

АНТ - 25

У 1936 г. на самалёце «Радзіма», таксама сканструяваным брыгадай П. О. Сухога, лётчыцы В. С, Грызадубава, П. Д. Асіпенка і М. М. Раскова ўстанавілі сусветны жаночы рэкорд беспасадачнага пералёту па маршруту Масква — Далёкі Усход.

Яшчэ праз год пад кіраўніцтвам П. О. Сухога быў створапы бамбардзіроўшчык «СУ-2». Як адзначалася ў акце аб лётных выпрабаваннях, тэта была выдатная, хуткая, магутна ўзброеная машына. «СУ-2» быў на ўзбраенні авіяцыйных часцей, якія вынеслі выпрабаванні пачатковага перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

У гады барацьбы з фашызмам бюро, якім кіраваў П. О. Сухі, працавала над самалётамі «СУ-5», «СУ-6», «СУ-7», «СУ-8». У пасляваенны час генеральны канструктар працуе над стварэннем сучасных машын, якія патрабуюць новых рашэнняў у практыцы канструявання. У 1947 г. у час паветранага парада ў Тушыне нізка над зямлёй, імкліва, з нябачанай ў той час хуткасцю праляцеў рэактыўны самалёт. Мала хто тады ведаў, што гэта была машына П. О. Сухога.

Затым сям'я самалётаў «СУ» папоўнілася новымі выдатнымі баявымі машынамі, адметнай асаблівасцю якіх была хуткасць. На самалётах Сухога была перавышана мяжа 2 хуткасцей гуку. Створаны канструктарскім бюро пад кіраўніцтвам П. О. Сухога шэраг звышгукавых баявых самалётаў стаў значным укладам ва ўмацаванне абароназдольнасці нашай краіны.

Су - 7

Павел Осіпавіч быў нястомным наватарам. Канструкцыі яго самалётаў адрозніваюцца ўвядзеннем розных тэхнічных навінак, упершыню ўжытых у айчынным самалётабудаванні. Так, канструктарскае бюро Сухога першым у краіне распрацавала І начало ўжываць стартавыя паскаральнікі, тармазны пасадачны парашут, катапультнае крэсла, гідраўлічны ўзмацняльнік у сістэме кіравання і скідвання герметычнай кабіны. П. О. Сухі — стваральнік першага ў краіне самалёта са зменнай стралападобнасцга крыла.

Павел Осіпавіч Сухі.

На самалётах канструкцыі нашага земляка былі ўстаноўлены cусветныя рэкорды вышыні і хуткасці палёту. Напрыклад, 14 ліпеня 1959 г, заслужены лётчык-выпрабавальнік Герой Савецкага Саюза В. Ільюшын устанавіў на самалёце «Т-431», створаным П. О. Сухім, сусветны рэкорд вышыні — 28 852 м. У верасні 1962 г. на гэтай жа машыне была паказана рэкордная хуткасць — 2 337 км у гадзіну, Замежны друк так адгукнуўся на поспехі савецкага канструктара: «Сёння называюць прозвішча Сухога таму, што яно непасрэдна асацыіруецца з фантастычнымі дасягненнямі яго самалётаў «Т-405» і «Т- 431», з яго знішчальнікамі-бамбардзіроўшчыкамі, якія не маюць сабе роўных ва ўсім свеце»

Су - 27

За выдатныя заслугі перад Радзімай у развіцці савецкай авіяцыі П. О. Сухі быў двойчы ўдастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, звання лаўрэата Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій, узнагароджаны многімі ордэнамі і медалям! Савецкага Саюза. Гіавел Осіпавіч актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны, з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР шэрагу скліканняў.

У П. О. Сухога было яшчэ многа творчых задум. Але здзейсніць іх не давялося: 15 верасня 1975 г. ён раптоўна памёр. У Гомелі на адной з самых прыгожых вуліц — праспекце імя У. I. Леніна — устаноўлены бронзавы бюст двойчы Героя Сацыялістычнай Працы генеральнага авіяканструктара Паўла Осіпавіча Сухога.

М. С. ЦАРКОЎ, старшы навуковы супрацоўнік
Гомельскага абласнога краязнаўчага музея

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1979.
№ 4. С. 14—16. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі