ВУЧОНЫ ШЫРОКАГА ДЫЯПАЗОНУ

 

На рубяжы мінулага і цяперашняга стагоддзяў на Уздзеншчыне, каля в. Пясочнае, там, дзе зліваюцца рэкі Уша, Лоша і Нёманец, якія даюць пачатак Нёману, у родавым маёнтку Над-Нёман жыў і працаваў таленавіты вучоны-прыродазнаўца, нашчадак нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі Якаў Наркевіч-Іодка. Нарадзіўся ён 27 снежня 1847 г. Атрымаўшы адукацыю ў Мінскай гімназіі (па некаторых звестках, вучыўся таксама ў Маскве і Парыжы), праявіў сябе здольным піяністам і выступаў у шэрагу краін Еўропы і Азіі, аднак потым вярнуўся ў Над-Нёман і цалкам заняўся навуковымі даследаваннямі.

Сціплыя архіўныя дадзеныя дазваляюць у асноўных рысах узнавіць уклад вучонага ў навуку. Свае даследаванні ён скіроўваў на вырашэнне прыкладных задач, на падставе эксперыментаў спрабаваў рабіць навуковыя абагульненні. Пачаў ён з таго, што авалодаў прыёмамі лячэння людзей, а таксама жывёл. Пры гэтым Наркевіч-Іодка ўжываў перадавыя па тым часе прыёмы, у прыватнасці, выкарыстоўваў вакцыны, сывараткі. Гэты напрамак яго дзейнасці неўзабаве завяршыўся стварэннем у маёнтку санаторыя «Над-Нёман».

Як землеўласніка Наркевіча-Іодку цікавілі прыродныя асаблівасці мясцовасці, магчымасці іх больш поўнага выкарыстання. У 1886 г. у маёнтку была створана сельскагаспадарчая метэаралагічная станцыя першага разраду, адзіная на поўначы Міншчыны. Станцыя мела шмат прыбораў, у тым ліку і прыборы для вымярэння патэнцыялаў атмасфернай электрычнасці. Атрыманыя на ёй звесткі паведамляліся шмат якім айчынным і зарубежным цэнтрам, у прыватнасці, Галоўнай фізічнай абсерваторыі, карэспандэнтам якой працаваў Наркевіч-Іодка.

Вучоны прапанаваў спосаб вымярэння хуткасці руху воблакаў пры дапамозе спецыяльнай камеры-абскуры. Ім жа вынайдзены лізіметр — прыбор для вызначэння вільготнасці глебы. На палях маёнтка шырока прымяняліся градаадводы (маланкаадводы). У «Метеорологическом вестнике», адным з заснавальнікаў якога ён быў, Наркевіч-Іодка на аснове абагульнення шматгадовых назіранняў даказваў, што маланкаадводы садзейнічалі ахове палёў ад выпадання граду. За заслугі ў галіне метэаралогіі ў 1890 г. вучонага ўзнагародзілі сярэбраным медалём Рускага геаграфічнага таварыства.

Кола праблем, што вывучаў Наркевіч-Іодка, было шырокае, але найбольшага поспеху ён дасягнуў у даследаванні ўплыву электрычнасці на жывыя арганізмы і раслінны свет. Вучоны зыходзіў з таго, што электрычнасць як аб'ектыўная рэчаіснасць з'яўляецца неадымным элементам навакольнага свету і, натуральна, не можа не аказваць самага непасрэднага ўздзеяння на жывую прыроду. Ён спрабаваў знайсці прымяненне гэтай з'яве ў сельскай гаспадарцы і медыцыне.

На палях маёнтка для павышэння ўраджайнасці раслін прымяняліся токі, што ўтвараліся паміж меднымі і цынкавымі пласцінамі, злучанымі праваднікамі. 3 гэтай жа мэтай выкарыстоўваліся токі, што збіраліся маланкаадводамі. Вучоны тлумачыў эфект павышэння ўраджайнасці тым, што ў час электрычных працэсаў, якія ўзнікаюць у глебе пры праходжанні току, хімічныя злучэнні набываюць прымальную для засваення раслінамі форму.

Наркевіч-Іодка, па сутнасці, упершыню распрацаваў практыку лячэння нервова хворых уздзеяннем электрычных токаў на арганізм, г. зн. ім фактычна былі закладзены асновы электратэрапіі. У пачатку 90-х гг. ён вывучыў і ўкараніў спосаб лячэння хворых электрычным масажам і індукцыйнымі токамі. Комплекс працэдур уключаў святло і кумысалячэнне, гімнастыку, масаж, знаходжанне на свежым паветры. Выкарыстоўваліся таксама адкрытыя на тэрыторыі маёнтка жалезістыя крыніцы. Пра свае метады лячэння Наркевіч-Іодка дакладваў вучоным таварыствам Італіі, Францыі і іншых краін. Паведамленні заўсёды ўспрымаліся прыхільна, выклікалі моцнае ўражанне. У Італіі прапанаваны спосаб электралячэння быў уведзены ў практыку пад назвай «сістэма Іодкі».

За вучоныя працы Якаў Отанавіч Наркевіч-Іодка ў 1890 г. зацвярджаецца членам-супрацоўнікам Інстытута эксперыментальнай медыцыны ў Пецярбургу, у якім працаваў праслаўлены вучоны I. П. Паўлаў, а ганаровымі членамі яго былі Л. Пастэр і Р. Вірхаў.

Дзеля вывучэння характару электрычных разрадаў Наркевіч-Іодка шырока прымяняў фатаграфаванне. У аснову была пакладзена адкрытая ім «фатаграфія без аб'ектыву», заснаваная на здольнасці высакавольтавых разрадаў пры праходжанні праз фотаадчувальную эмульсію пакідаць след, які пасля праяўлення дае вобразную карціну праходжання токаў. У 1893 г. вучоны дэманстраваў у Ніццы цыкл фотаздымкаў «электрычных іскраў і хвалепадобных ваганняў у розныя моманты праяўлення іх у прыродзе і чалавечым арганізме». Яму ўдалося заўважыць розніцу электрычных токаў у хворых і здаровых, стомленых і ўзбуджаных людзей, людзей, якія працуюць і якія спяць. У наступным годзе вучоныя Парыжа засведчылі поўны поспех электрафатаграфічных доследаў і нараджэнне новай навукі. У 1899 г. за электраграфічную экспазіцыю савет франка-рускай выстаўкі ў Пецярбургу прысудзіў Якаву Отанавічу залаты медаль. Усяго ім было зроблена больш за тысячу падобных здымкаў.

Цікавыя дадзеныя, згодна з якімі Наркевіч-Іодка ў 1890 г. рэгістраваў электрычныя навальнічныя разрады праз тэлефон і выкарыстоўваў гэты метад для прадказвання навальніцы. У 1892 г. ён дэманстраваў бесправадную перадачу на адлегласць электрычных сігналаў, якія генерыраваліся катушкай Румкорфа. Гэты эксперымент быў пацверджаны на пасяджэнні Французскага фізічнага таварыства ў Парыжы ў снежні 1898 г. Праўда, на ім было адзначана, што вучоны не даў тэарэтычнага абгрунтавання сваёй канструкцыі.

Паводле некаторых дадзеных, з работамі Наркевіча-Іодкі былі знаёмыя вучоныя з сусветнымі імёнамі: I. П. Паўлаў, Д. I. Мендзялееў, В. В. Дакучаеў. Але пры жыцці нашага земляка на радзіме недаацанілі, а пасля смерці забылі. Справа, відаць, была ў тым, што даследчую работу ён вёў адзін у сваім маёнтку, вынікі дэманстраваў галоўным чынам за мяжой, у краінах Заходняй Еўропы, куды штогод выязджаў зімой. Яго віталі вучоныя Прагі, Берліна, Вены, Рыма, Барселоны, Фларэнцыі, Ніццы і інш. Яго заслугі пацвярджаліся пратаколамі, адрасамі, а таксама прысуджэннем вучоных званняў, уручэннем узнагарод. Няма сумнення ў тым, што архівы замежных гарадоў дадуць больш поўныя звесткі пра гэтага вучонага, якога называлі электролагам, электратэрапеўтам, «электрычным чалавекам».

Вядома, што Наркевіч-Іодка быў ганаровым доктарам Венскага медыцынскага таварыства, ганаровым членам Італьянскага фізіка-матэматычнага таварыства Галілея і Таварыства італьянскай медыцыны і псіхалогіі. Членам Электратэрапеўтычнага таварыства пры Парыжскай акадэміі навук, ганаровым членам Французскага астранамічнага таварыства, меў дыплом прафесара электраграфіі і магнетызму.

У Расіі Якаў Отанавіч — з'яўляўся членам навуковых таварыстваў аховы народнага здароўя, даследчыкаў хіміі, фізікі, антрапалогіі, ганаровым членам Расійскага таварыства садаводаў. У 1900 г. па прадстаўленню Акадэміі навук за асаблівыя заслугі ў навуцы ён быў узнагароджаны ордэнам св. Iанны II ступені.

Наркевіч-Іодка нямала зрабіў для аховы народнага здароўя, для паляпшэння жыцця простых людзей. I ўсё ж перш за ўсё ён быў землеўласнікам, прадстаўніком пануючага класа. Дастаткова сказаць, што па яго загаду ў снежні 1903 г. выклікаліся войскі для падаўлення хваляванняў сялян в. Пясочнае.

Памёр Я. О. Наркевіч-Іодка ў Вене 6 лютага 1905 г. пад час чарговай паездкі з паведамленнямі аб навуковых доследах. Пахаваны ён у сваім маёнтку. У некралогу газета «Северо-Западный край» пісала: «Ён не любіў ні шуму славы, ні метафізічнай лухты... Ён быў далёкі ад эмпірычнага пазітывізму і містычных утопій... Шматлікія яго працы, якія ўсебакова асвятляюць розныя пытанні навукі, маюць важнае значэнне як параўнальна каштоўны ўклад у скарбніцу чалавечых ведаў».

Электраграфія рукі чалавека.

Сядзіба Наркевічаў-Іодкаў, пабудаваная ў XVII ст. у стылі ранняга барока, у пачатку XX ст. была перабудавана ў стылі псеўдакласіцызму. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў маёнтку летам размяшчаўся піянерскі лагер, а зімою — сельскагаспадарчае вучылішча механізатараў. У час Айчыннай вайны колішні маёнтак быў знішчаны, застаўся толькі стары парк з рэшткамі гаспадарчых пабудоў (навуковая лабараторыя і аранжарэя). Сядзібу наведвалі вядомы географ, прафесар А. I. Ваейкаў, Якуб Колас, Сыракомля (Кандратовіч).

Пасля смерці Наркевіча-Іодкі 26 пудоў кніг з яго бібліятэкі было прададзена Таварыству мінскіх урачоў. Лабараторнае абсталяванне таксама аддалі мінскім арганізацыям. Звесткі пра таленавітага вучонага, якія мне з дапамогаю многіх таварышаў удалося сабраць, гэта толькі малая частка матэрыялу, які захоўваецца ў архівах і навуковых бібліятэках шмат якіх краін. Становішча ўскладняецца яшчэ і тым, што Наркевіч-Іодка мала друкаваўся. Вядома толькі, што ён выдаў за мяжою лекцыі па электралячэнню, а таксама па электракультуры раслін і некалькі невялікіх артыкулаў у часопісах.

У. М. КІСЯЛЁЎ, інжынер

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1980.
№ 2. С. 22—24. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі