АДМІРАЛЦЕЙСТВА Ў КРЫЧАВЕ

 

Ёсць у Рускім музеі ў Ленінградзе акварэльны малюнак М. Іванова: беларускі горад Крычаў 80-х гг. XVIII ст. На крутых узгорках правага берагу Сажа ўзвышаюцца сцены і вежы замка, цэрквы, касцёл, ратуша, прамысловыя будыніны. I, што самае дзіўнае, добра відаць галоўны будынак суднаверфі, на шпілі якога бялее ветразямі мадэль карабля. Перад верф'ю — яшчэ адзін будынак, вельмі падобны на Адміралцейства ў Пецярбургу. На шпілі — сцяг рускага ваенна-марскога флоту. Гэта — філіял Херсонскага адміралцейства, якое кіравала будаўніцтвам флоту на Чорным моры.

Так, у канцы XVIII ст. у Беларусі было адміралцейства — тут будавалі судны, ткалі ветразі, выраблялі карабельныя канаты.

У канцы XVIII ст. Расіі спатрэбіўся выхад да Чорнага мора — найважнага гандлёвага шляху ў краіны Блізкага Усходу і Міжземнамор'я. Руская армія вызваліла паўночныя берагі Чорнага мора ад турэцкіх захопнікаў. Неабходна было пабудаваць магутны ваенны і гандлёвы флот, але неставала будаўнічага матэрыялу, і борзды на ўсякую гаспадарча-адміністрацыйную ініцыятыву «найсветлы князь» Р. А. Пацёмкін вырашыў скарыстаць прыродныя багацці: свайго» Крычаўскага староства і ўвогуле ўсходняй Магілёўшчыны.

I адразу па ўсім старостве, ад Хоцімска і Касцюковіч да Крычава, Камаровіч і Ушакоў, у бяскрайніх лясах загрукалі сякеры — прыгонныя сяляне секлі гонкія, выносістыя сосны. У 1786 г. у Херсонскае адміралцейства былі прададзены 62 мачты на 9 300 руб. Кожная мачта была роўная, што струна, і мела вышыню ад 24 да 36 метраў. У 1735 г. з Крычава ў Херсон па Сажы і Дняпры было сплаўлена ветразяў на 40 тыс. руб., канатаў на 117 тыс., бярвення І дошак на 25 тыс., байдакоў (вялікіх лодак) на 4 тыс. руб. Якраз у Крычаве былі пабудаваны тыя 12 прыгажуняў яхт, пад белымі ветразямі якіх у 1787 г. плыла Кацярына са сваёю світаю па Дняпры ад Кіева да Краменчуга. I яшчэ 12 ластавых (вёсельных) суднаў, якія суправаджалі картэж імператрыцы. У 1787 г. уся гэта флатылія ўвайшла ў склад Чарнаморскага флоту.

Канатны завод у Крычаве быў адным з буйнейшых у Беларусі таго часу. У двух хлявах-цэхах працавалі 24 колы — круцілі канаты. Былі яшчэ печы, дзе варылі смалу, Каля 4 тыс. пудоў канату штомесяц даваў завод.

На 172 ткацкіх станах парусінавай мануфактуры мясцовыя жыхары, прыгонныя сяляне, якія сталі ткачамі, выраблялі каля 400 кавалкаў парусіны ў месяц. Тысячы сялян Магілёўшчыны вырошчвалі лён, пралі пражу. У горадзе працавалі сукнавальня і цагельня.

Варта адзначыць высокую якасць крычаўскай цэглы. Трываласць цагліны вызначалі, кідаючы яе з вышыні чалавечага росту на другую цагліну. Крычаўская не білася. У Крычаве і старостве існаваў яшчэ і рудны промысел. Сяляне знаходзілі балотную і жалезную руду, выплаўлялі жалеза, з якога рабілі сашнікі, сякеры, цвікі. Такое жалеза называлі «крычным», а кавалёў — «крычнікамі».

У 1786 г. наш край вывучаў галандскі вучоны А. Меер, і тады ж ён напісаў кнігу «Апісанне Крычаўскага графства, альбо былога староства», Кніга пісалася з даручэння «самога» Пацёмкіна, і цяжка западозрыць такога аўтара ў асаблівай любові да народу. Але і Меер піша, што людзі ў старостве жывуць бедна, часта ядуць хлеб з мякіны, ды нават і такога хлеба не заўсёды хапае да вясны.

Макет Крычаўскага адміралцейства.

3 будынкаў XVIII ст. у Крычаве захаваўся толькі палац Пацёмкіна. У палацы 60 пакояў. Пабудаваны ён у выглядзе манаграмы з дзвюх літар: «П» «Е» (ініцыялы «найсветлага» і царыцы). Цяпер тут школа-інтэрнат.

М. Ф. МЕЯЬНІКАЎ, дырэктар Крычаўскага краязнаўчага музея.
Фота аўтара.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1973.
№ 3. С. 29—30. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі