АРТЫЛЕРЫЯ Ў ХІV-ХVІІ ст.

Агнястрэльная зброя была вынайдзена ў пачатку XIV ст. у паўднёвагерманскіх землях. К сярэдзіне таго ж стагоддзя агнястрэльную зброю ўжо мелі ўсе дзяржавы Заходняй, Цэнтральнай і Паўднёвай Еўропы, Гэта быў нейкі универсальны тып зброі, ад якой далей развіваліся артылерыя і ручное агнястрэльнае ўзбраенне. Некаторыя даследчыкі лічаць, што менавіта артылерыя з'явілася першай.

Усходнеславянскія народы пазнаёміліся з новай зброяй некалькі пазней. У Маскоўскім княстве першы стрэл гарматы прагучаў у 1382 г. Часам з'яўлення гармат у Вялікім княстве Літоўскім, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі трэба лічыць 60-я гг. XIV ст. Дакладна вядома, што ў 1382 г. вялікі князь Кейстут Гедымінавіч прымяніў артылерыю пры ўзяцці нямецкага замка Юрбарг. А каб са сродка абароны, якім былі першыя гарматы, стаць дзейсным сродкам нападу, артылерыя павінна была прайсці пэўны шлях удасканалення.

У 1382 г. пры ўзяцці Юрбаргскага замка беларуска-літоўскія войскі выкарысталі даволі магутныя гарматы, маючы іх, відаць, у дастатковай колькасці. Тэўтонцы і лівонцы, напрыклад, мелі гарматы яшчэ ў першай палове XIV ст., але для захопу замкаў Вялікага княства Літоўскага выкарысталі іх толькі ў 70-х гадах. Першай дакладнай звесткай аб прымяненні імі артылерыі на тэрыторыі Беларусі з'яўляецца паведамленне аб асадзе крыжацкімі войскам! аднаго з умацаванняў Полацкай зямлі ў 1377 г. Пра існаванне ж новай зброі тут было вядома яшчэ раней: у 1341 г. пры асадзе ордэнскага замка Баэрсбург быў забіты з ручніцы вялікі князь Гедымін. У выніку бясконцых ваенных дзеянняў паміж нямецкімі ордэнамі і Вялікім княствам Літоўскім беларускія воіны запазычылі артылерыю з Заходняй Еўропы, а менавіта яны складалі аснову войск Вялікага княства Літоўскага. У хуткім часе яны авалодалі яе вытворчасцю.

Першыя гарматы былі каваныя. Магчыма, што ў канцы XIV ст. у Вялікім княстве Літоўскім іх пачалі адліваць з медзі ці бронзы. За- хаваліся званы, адлітыя тут у 70-я гады. Каванне і ліццё, як два спосабы вытворчасці артылерыі, існавалі адначасова на працягу стагоддзяў. У XV ст. выраб гармат на Беларусі быў нестабільны, не меў дзяржаўнай асновы. У сярэдзіне ж наступнага стагоддзя стала вядомай каралеўская майстэрня па ліццю гармат у Вільні. Гарматы віленскай майстэрні нярэдка з'яўляліся ўзорам на галоўным гарматным двары ў Кракаве. Майстэрню ўзначальвалі заходнееўрапейскія спецыялісты, асноўнымі ж майстрамі былі мясцовыя жыхары. За 8 гадоў тут было зроблена 103 гарматы для замкаў княства, 60 — для інфлянскіх замкаў і шмат для самой Вільні. Віленская майстэрня існавала да XVIII ст.

Вельмі значнай лічылася нясвіжская майстэрня, заснаваная ў канцы XVI ст. Мікалаем Сіроткам Радзівілам. Таленавіты майстар Герман Мользер адліваў тут гарматы, якія здзіўлялі сучаснікаў сваёй якасцю і прыгажосцю і адпавядалі лепшым узорам гармат самых вядомых кракаўскіх, нямецкіх і італьянскіх умельцаў.

3 1616 г. славутая радзівілаўская майстэрня пачала хутка занепадаць.

Прыватнаўласніцкая майстэрня па вырабу гармат існавала ў Ляхавічах. Ляхавіцкі замак у XVII ст. быў адным з магутнейшых умацаванняў Рэчы Паспалітай. Палова гармат, што складалі яго ўзбраенне, мела герб Яна Хадкевіча, а некалькі — Льва Сапегі, які стаў гаспадаром Ляхавіч пасля Хадкевічаў. Заснаваная ў канцы ХVІ ст., гарматная майстэрня дзейнічала тут некалькі дзесяцігоддзяў.

Акрамя дзяржаўнай і прыватнаўласніцкай вытворчасці гармат, гэтай справай займаліся буйныя беларускія гарады, асабліва тыя, якія выконвалі функцыі крэпасцей. Малыя гарматы (гакаўніцы) выраблялі ў Полацку (у сярэдзіне ХVІ ст. тут было 34 двары гарматчыкаў), Віцебску і Гародне. У Магілёве існавала ліцейная вытворчасць уласнай артылерыі. У Жлобіне адлівалі даволі магутныя медныя гарматы. А ля Крычава ў XVI ст. працавала цэлая слабада гарматчыкаў. Кавальскі выраб гакаўніц мог існаваць і ў іншых буйных рамёсных цэнтрах сярэдневяковай Беларусі.

З'яўляючыся часткай матэрыяльнай культуры народа, беларуская артылерыя XIV—XVII ст. займала пачэснае месца ў развіцці ваеннай справы не толькі ўсходнеславянскіх зямель, але і ўсёй Еўропы.

Г. САГАНОВІЧ.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1984. № 3.
С. 30—31. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі