КРЫЧАЎСКІЯ ГАРМАТЧЫКІ

 

Нядаўна, працуючы ў Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве Украінскай ССР у Кіеве, у імянным фондзе Радзівіла я знайшоў, на мой погляд, вельмі цікавы дакумент, што датычыць адной з старонак нашай гісторыі. Дакумент гэты расказвае пра спрэчку крычаўскіх гарматчыкаў з шляхціцам, які наважыў адабраць у іх Бор Кругаваты, як у тыя далёкія часы называлася Крычаўска-Клімавіцкая пушча. Я перапісаў дакумент, захаваўшы мову і арфаграфію.

«Выпись с книг справ замку господарского Кричевского.

Лета от нарожения сына Божияго тысеча шестьсот двадцать девятого, месяца маія двадцать пятого дня на вряде гродском Кричевском передо мною, Матеем Веселовскимъ, подъстаростомъКричевскимъ приточилосе справа яко на року зложонымь земіаніна господарьского воеводства Мстиславского Родзиона Борисовича Орла с поддаными господарьскими волости Кричевское з разныхъ селъ за рекою Сожемъ мешкаючими, а меновате с подданными Дамамерскими, Дрещовскими, Михеевскими и подданными Лобжанскими за жалобою его из пушкарями Кричевскими о Бор Круговатыя, лежачий тут в державе Кричевской за рекою Добростью, который оный Орелъ, чинечи жалобу свою... жадного права не показал, на которую его Родиона Орла тут же очевисто ставши управа подданные с тыхъ сел вышъ мененыхъ и пушкари Кричевские, чинячи отпоръ, поведали ижь дей панове Орлове до Бору нашого Круговатого жадного уступу не мають и передъ тымъ не могли.

Эмблема крычаўскіх гарматчыкаў.

Кгдыжь мы уси селяне и пушкари з давних часов тот Боръ Круговатый при своихъ отчинахъ и покон веку спокойно уживаем...

Кгдыжь мы столь плыт платим и отчинахъ своихъ держеча тотъ Бор Крутоватый, всякую повинность до замку полним, а пушкаря с того службу пушкарскую служать и того уважають за привилеемъ короля егомости, и болей не мовечи, оныне пушкари положили привилей его млости славное памяти короля Стефана, писаны у Городне под датою року осьмдесят шестого, месяца марца двадцатого дня, ижь его королевская млость, при иншихъ отъчинахъ и тотъ Боръ Круговатый пушкаром дать рачилъ... А такъ и я.... водлугъ давного держания и уживания такъ тыхъ пушкаровъ яако и оных подданныхъ и тыхъ селъ вышмененыхъ чего они спокойне з давных часов держать и уживають того Бору Крутоватого при оныхъ ихъ отчинахъ и пулочахъ сеоихъ сидехъ, з тыхъ причинъ и теперь на вси привилеи вечными часы тотъ Боръ Круговатый тымъ подданымъ в тыхъ селахъ мешкаючимъ и тымъ пушкаром присужаю и при них зоставую...

А тую справу яакосе передо мною точили до книгъ замку господарьского Кричевского казалемъ записать...»

3 дакумента мы даведваемся, што ў Крычаве «покон веку», яшчэ да 1586 г., існавала «дзяржава гарматчыкаў» і гарматчыкі Крычава неслі дзяржаўную службу. У гэтым ім дапамагалі мясцовыя сяляне, таму гарматчыкі і сяляне мелі сумесныя ўладанні.

Як вынікае з дакумента, агульнай уласнасцю крычаўскіх гарматчыкаў і сялян Крычаўскага староства быў Бор Кругаваты — вялікі лясны масіў, які прасціраўся ад Крычава да Шумяч і ад Мсціслава да Хоцімска. Лес і карміў, і паіў, і апранаў людзей. Яшчэ і ў пазнейшыя часы (пасля таго, як Пацёмкіным былі высечаны крычаўскія карабельныя бары дзеля стварэння Чарнаморскага флоту) лясны промысел быў галоўным для жыхароў Усходняй Магілёўшчыны, пра што ў першай палове XIX ст. паведамлялі статыстычныя даведнікі Расійскай імперыі.

Паколькі ў гарматчыкаў, людзей вайсковых, якія неслі дзяржаўную службу, была агульная маёмасць з сялянамі, прыходзіць думка, што крычаўская «дзяржава гарматчыкаў» — гэта не проста раскватараваная на землях Крычаўскага староства вайсковая часць, а своеасаблівае таварыства людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі. Агульныя ж інтарэсы ў гарматчыкаў і сялян маглі ўзнікнуць тады, калі б, напрыклад, яны не толькі стралялі з гармат, але і разам іх выраблялі. Адным словам, як мне здаецца, менавіта такім чынам можна вытлумачыць супольнасць гарматчыкаў і сялян у Крычаўскім старостве.

Аднак ці мелі крычаўцы магчымасць вырабляць гарматы?

Мне думаецца, Крычаву з сівой даўніны вядома ліцейная справа. Ды і сама назва горада нагадвае пра развіццё жалезаруднага промыслу ў старажытнасці, бо «крыца» — гэта кавалак жалеза, выплаўлены ў домніцы крычным спосабам.

Цікава прыгадаць, што яшчэ ў 1772 г. у Магілёўскай губерні налічвалася 38 рудняў (ЦДВГА СССР, ф. ВУА, спр. 18358, арк. 1—79), а самымі буйнымі былі Лабжанская і Палёўская рудні Крычаўскага староства. Як паведамляе даследчык В. I. Мялешка, нават у XVIII ст. гэтыя рудні былі самымі буйнымі на Беларусі і мелі па 3 вадзяныя колы, па 2 горны, 3 мяхі і 2 молаты.

Жалеза выплаўлялі з балотнай руды, а руду, паводле сведчання А. Меера, дадзенага ім у «Апісанні Крычаўскага графства», шукалі «...острыми железными щупами, втыкая оные в болоты и узнавая ими из твердости земли те места, где им искать железную руду надлежит...» Нашы продкі, безумоўна, ведалі ліцейную справу.

На карысць таго, што крычаўскія гарматчыкі самі выраблялі гарматы, гаворыць і назва старажытнай вёскі Пушкары. Ля гэтай вёскі, як сведчаць мясцовыя легенды, з адвечнай даўніны былі ліцейныя ямы. Непадалёку ад вёскі ў 1973 г. трактарысты знайшлі на полі бронзавы адбітак эмблемы крычаўскіх гарматчыкаў, малюнак якой складаюць чатыры гарматы, глякі з порахам, ядры, барабаны, пікі, шашкі, сцягі, а ў цэнтры — на малым шчыце лук з нацягнутаю цецівой і праваслаўны княскі крыж. Пра тое, што беларускія гарматчыкі ведалі сакрэт вырабу гармат, расказвае яшчэ адна цікавая гісторыя.

У 1500 г., у бітве на рацэ Вёдраш, што на Дарагабужчыне, гарматчыкі Рэчы Паспалітай павярнулі гарматы супроць сваіх ваяводаў і здаліся ў палон рускім воінам, Вялікая група ваеннапалонных апынулася ў Ніжнім Ноўгарадзе. У 1505 г. Ніжні Ноўгарад аблажыла шасцідзесяцітысячная армія казанскага хана Мухамеда-Эміна, і, як пісаў летапісец, «...вялікі бо жах ахапіў усю нашу зямлю рускую. І токма ваяводы Маскоўскія, на краях зямлі стаяўшыя, па градам старажаху прыходу казанцаў, баязнію адзяржымы і не адважваюцца на іх выходзіць з градаў».

Вялікай сіле казанцаў процістаяў слабы гарнізон Ніжняга Ноўгарада на чале з ваяводам Хабарам Сімскім. Ніжагародскі летапісец так напісаў пра гэта: «...і мала з ім байцоў, токма народ градскі...»

I вось тады, калі, здавалася, ніякая сіла не стрымае хана Мухамеда-Эміна, ваеннапалонныя літвіны, як называлі беларусаў, прапанавалі ніжагародцам свае ўслуги і папрасілі сабраць у гараджан медныя рэчы, зняць са званіц некалькі званоў, каб адліць гарматы. Гарматы былі адлітыя. У дзень рашучага наступу беларускія гарматчыкі абстралялі казанцаў. Першым стрэлам быў забіты кагайскі мурза, які камандаваў авангардам. Нагайцы кінуліся назад, але іх затрымалі татары, і тады, як паведамляе казанскі летапісец, «...пачалася сеча нагаі з татары...» Ніжагародцы выйшлі з горада, уступілі ў бой з ханскім войскам і «...многіх людзей яго біша...»

Пра гэта сёння можна прачытаць у даведніку Горкаўскага крамля. Для нас тут цікава тое, што нашы продкі ўмелі вырабляць гарматы. Што ж датычыць іх ліцейнага майстэрства, дык пра яго сёння сведчыць адзін з экспанатаў Крычаўскага краязнаўчага музея. Гэта — вялікі звон, адліты ў Крычаве напярэдадні паўстання Васіля Вашчылы.

Пятро ШАЎЦОЎ, краязнаўца

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1979.
№ 1. С. 33--35. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі