МЕТРЫЧНАЯ СІСТЭМА НА БЕЛАРУСІ

 

Сістэма мер і вагі, якая існавала ў старажытнасці на Беларусі, пакуль што вывучана слаба.

Трэба меркаваць, што ў часы Кіеўскай дзяржавы на Беларусі ўжываліся тыя самыя меры, што і ў іншых мясцінах гэтай дзяржавы, пра што сведчаць аднолькавыя для Беларусі, Украіны і Расіі назвы метрычных адзінак (аршын, сажань, локаць, фунт, пуд, залатнік і інш.). Першы выяўлены ў помніках упамінак пра зацверджанне пэўнай меры на тэрыторыі Беларусі адносіцца да 1331 г. У адным з дагавораў Полацкага княства з Рыгаю полацкая адзінка вагі прыраўноўваецца да рыжскай: «...хочам мы, гараджане, ...перш за ўсё важыць воск на скалвах [вагах], і вам [рыжанам] рабіць гэтаксама, але [ваша вага цяжэй за] нашу Павінна быць] на паўпуда». У дагаворы ўпамінаецца беркавец — адзінка вагі на дзесяць пудоў. Сваю назву гэта адзінка атрымала таму, што яна ўжывалася ў г. Б'ёрке на востраве Меларэн (берковьскъ пудъ). У дагаворах, якія Полацк заключаў з Рыгаю пазней, таксама неаднаразова прыраўноўваліся адзінкі вагі: «...наш беркавец васковы большы за ваш беркавец на паўпуда рыжскай вагі, а сярэбраная вага рыжская большая за полацкую на паўзалатніка» (дагавор 1405 г.).

Вялікая ўвага аддавалася таму, каб гіры адпавядалі вагаваму эталону. Эталон захоўвалі ў царкве Багародзіцы.

Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага ладу (феадальнае землекарыстанне, слабы ўплыў велікакняскай улады, самастойнасць гарадоў) стваралі ўмовы на ўтварэнне мясцовых метрычных сістэм, якія розніліся назвамі і велічынёй. 3 гэтай прычыны неаднойчы ў помніках старажытнага пісьменства сустракаюцца ўдакладненні той ці іншай адзінкі мерання ці важання. Так, у адным дакуменце, датаваным 1502 г., удакладняецца гон — адзінка даўжыні: «...валока ад ракі Мухаўца цягнецца на гонаў сорак, а тыя гоны маюць аршынаў 30, а той аршын — вялікіх пярстоў або цаляў сто». Калі прыняць пад увагу, што цаль быў даўжынёй 2,7 см, то даўжыня аршына — 2,7 м, а гона — 81 м.

У прывілеях гарадам на Магдэбургскае права запісваліся тыя меры, якія павінны былі ўжывацца пры аптовым гандлі: воск прадаваўся штукай або па паўберкаўца (5 пудоў), собалі, куніцы, тхары — па сорак («по сороку»), вавёркі, гарнастаі, ласкі і норкі — па 250 («по полтретяста»), попел, смала, соль — лаштам (116 пудоў), нажы, сякеры — тахром або тузінам (12 штук), металы — цэтнаром (200 фунтаў), віно і піва нямецкае — бочкаю цэлаю (406 літраў).

Велікакняская ўлада спрабавала ўвесці дзеля патрэб усёй дзяржавы адзіныя меры. Так, на просьбу «ўсіх панят і княжат і ўсяго рыцарства» ўвесці пэўную меру на сыпкія рэчывы, бо мяшчане, гандлюючы, часта мяняюць гэтую меру сабе на карысць, Сігізмунд Аўгуст у 1547 г. адказаў, што «ад гэтага часу мае быць мера — паўбочак віленскі такой велічыні, каб месціў у сабе 2 бочкі, у якіх было б у абедзвюх 8 карцоў роўных.., якая панам ваяводам будзе вымерана і пад кляймом [цэхам] дадзена; а другая мера — каб было ў ёй чатыры карцы, а трэцяя — два карцы, а чацвёртая — адзін карэц». Гэтыя меры былі зацверджаны потым у Літоўскім статуце 1566 г. Там жа дадалі, што такія меры павінны быць ва ўсіх гарадах і гандлёвых месцах, а таксама «по стодолах и корчмах в дорозех».

Пазямельная мера была зацверджана ва «Уставе на валокі» 1557 г.— у адной валоцы 33 маргі.

У найбольш стройную сістэму адзінак меры і вагі былі прыведзены ў 1766 г., калі была прынята спецыяльная сеймавая пастанова. Меры былі аб'яднаны ў наступныя трупы: меры даўжыні; плошчы; меры на сыпкія і вадкія рэчывы; вага.

За асноўную адзінку даўжыні быў прыняты локаць, які на Беларусі ўжываўся ўжо з XIII ст. Яго даўжыня была зацверджана на 2 парыжскія стапы (0,649 м). Локаць складаўся з 24 цаляў (цаль прыблізна 2,7 см). Адзінкамі даўжыні пры пазямельных вымярэннях былі шнур на 75 локцяў, а таксама прут (дзесятая частка шнура) і прэнцік (1/10 прута). Адлегласць мералася на вёрсты (798 сажняў, прыблізна 1 554 м) і мілі (5 вёрст ч адной мілі). Сажань складаўся з 3 локцяў.

Адной з асноўных адзінак мерання плошчы была валока (21,3 га), якая складалася з 30 маргоў або 90 шнуроў, а кв. шнур — са 100 кв. прутоў або 10 тыс. кв. прэнцікаў.

Апрача гэтага, ужывалася шэсць тыпаў ланаў — ад 6 да 90 маргоў. Ланы падзяляліся на стаі, пруты, локці, загоны, шнуры.

Пры меранні сыпкіх рэчываў карысталіся такою сістэмай адзінак: бочка на 406,5 літра дзялілася на 4 чвэрці або 8 асмін, 16 шаснастак, 72 гарцы вялікія, 144 гарцы малыя. Гарнец малы быў роўны 2,82 літра. Як бачым, у метрычнай сістэме старажытны карэц быў заменены чвэрцю.

У замежным гандлі як мера сыпкіх рэчываў ужываўся лашт: кенігсбергскі — на 8 бочак 3 чвэрці, рыжскі — на 8 бочак і асміну.

За асноўныя адзінкі меры вадкасці былі прыняты малы гарнец і бочка такой самай велічыні, як і для сыпкіх рэчываў. Вадкасць мералі і вялікім гарцам — з 2 малых гарцаў, чашай — 6 вялікіх гарцаў, квартай — ]/2 малога гарца, паўквартай — 1/2 кварты, у асобных мясцінах — мядніцай з 7 малых гарцаў і вядром з 4 малых гарцаў.

Асноўнай адзінкай вагі лічыўся фунт — 374,82 г, а ў сістэму адзінак вагі ўваходзілі цэтнар або беркавец з 5 каменяў; камень складаўся з 40 фунтаў, а фунт — з 32 лотаў.

Пасля далучэння Беларусі да Расіі вялікі ўплыў на беларускія меры аказвае расійская метрычная сістэма. Аднак, як сведчыць А. Семянтоўскі, у канцы XIX ст. на Віцебшчыне ўжываліся шматлікія меры з беларускай метрычнай сістэмы: бочка, паўбочак, чвэрць, салянка, пура, гарнец, кварта, паўкварта, кватэрка, дзежка. Толькі меры даўжыні і вага былі прыведзены ў адпаведнасць з расійскімі (сажань — 7 футаў — 3 аршыны — 48 вяршкоў; пуд — 40 фунтаў, фунт — 32 лоты, лот — 3 залатнікі). У сістэме адзінак мерання плошчы ўжываліся валока і морг.

У наш час захаваліся толькі некаторыя старажытныя меры, бо ў практыцы шырока ўжываюцца адзінкі меры і вагі новай метрычнай сістэмы.

К. У. СКУРАТ, навуковы супрацоўнік
Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1971.
№ 3. С. 50—51. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі