МІНСКІ ЗАМАК

 

Мінску ўжо больш за 900 год, аднак выглядае ён зусім маладым: скрозь новыя дамы, вуліцы, цэлыя гарадскія раёны. Бурнае будаўніцтва Мінска перайначыла на нашых вачах не толькі аблічча горада, а і ягоны план. Для сённяшняга мінчаніна паняцце цэнтра асацыіруецца з Ленінскім праспектам, з плошчамі імя Леніна і Цэнтральнай. I ўжо мала хто ведае, што гістарычны цэнтр горада быў у іншым месцы.

Старыя жыхары Мінска памятаюць яшчэ Замчышча — невялікі ўзгорак, які не так даўно ўзвышаўся над Свіслаччу ў раёне плошчы 8-га сакавіка, там, дзе цяпер Дом фізкультуры. Іменна з Замчышчам звязвала народнае паданне пачатак Мінска.

У кнізе «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» вядомы этнограф I. П. Шпілеўскі адзначаў, што на гэтым месцы «стаяў замак, умацаваны шанцамі, валамі і каналам, які злучаў некалі Свіслач з Нямігаю». Адно з тапаграфічных апісанняў Мінска (1880) называе раён Замчышча «старадаўнім, авальным, даволі высокім умацаваннем» — замкам са слядамі вала.

У нашы дні пад словам «замак» разумеюць невялікую сярэдневяковую крэпасць альбо асобны будынак ці комплекс збудаванняў з характэрнымі элементамі абарончага прызначэння (высокія сцены двара, вежы, байніцы і г. д.). У старажытнарускай мове слова «замак» амаль не сустракаецца — умацаванае паселішча там называецца «градам». Ёсць усе падставы думаць, што ва ўсходнеславянскіх мовах слова «замак» стала ўжывацца параўнаўча нядаўна. Цікава, што ў дакументах пра Мінск канца ХУ ст. словы «замкавы» і «гарадскі» — сінонімы.

Мал. 1.

У дачыненні да Мінска пад «замкам» трэба разумець умацаванае паселішча, крэпасць. На гістарычных планах горада канца XVIII ст. пад назвай «Стары замак» паказаны вялікі раён, абкружаны земляным валам (мал. 1). Усярэдзіне яго — вуліцы і цэлыя кварталы. Галоўная вуліца называлася Замкавай. Яна перасякала Замак з захаду на ўсход. Тэрыторыя Замка складала прыблізна 3 га, працягласць — каля 300 м (мал. 2). «Старым» Замак быў названы не выпадкова — у XVIII ст. ён ужо страціў сваё абарончае значэнне.

Мал. 2.

Гістарычных звестак пра Мінскі замак няшмат. Самыя раннія з іх адносяцца да сярэдзіны XV ст. Вядома, напрыклад, што ў архіве мінскага намесніка князя Багдана Іванавіча Жаслаўскага, які правіў горадам з 1499 па 1525 гады, захоўвалася пасланне караля Казіміра на імя папярэдніка Багдана, намесніка Івана Васільевіча Жаслаўскага: кароль строга загадваў вярнуць («прывярнуць») Мінскаму замку колькі сямействаў, перададзеных за службу ў 1449, 1459—1461 гадах пісару Вялікага княства Літоўскага Васілю Любічу. Пасланне было напісана паміж 1489 (годам смерці пісара) і 1492 годам (годам смерці караля Казіміра). Значыць, у канцы 80 х — пачатку 90-х гадоў у Мінску быў Замак.

У прывілеі 1499 года, які даў Менску магдэбургскае права, згадваецца замкавы млын. 3 дакументаў пачатку XVI ст. відаць, што Мінскі замак — магутная крэпасць. У 1505 годзе сын перакопскага хана Махмет-Гірэй «сотворил невыразимое кровопролитие в земле Литовской, и в Полоцке, и в Витебске, и в Друцке, пожег и попленил чуть ли не всю землю», «стал кошем» каля Мінскага замка, спустошыў усё наваколле, але Замка ўзяць не змог.

У Замку жыў намеснік. Вядома, што ў пачатку XVI ст. тут быў двор кіеўскага мітрапаліта Іосіфа, меліся ўладанні князя Астрожскага. Рыхтуючыся да вайны з Маскоўскай дзяржавай, літоўская рада ў 1507 годзе запатрабавала ад мінскага намесніка прывесці ў Замку да прысягі «княжат і панят», «баяр тамашніх», мяшчан і «людзей простых». У Замку меўся гараднічы, які сачыў, каб умацаванні былі ў парадку. Будавалі замкавыя ўмацаванні жыхары Мінска і навакольных паселішчаў (Койданава, напрыклад). Насельніцтва павінна было пастаўляць бярвенне і гліну. Пазней быў уведзены спецыяльны падатак — «калодзіны» і «гліняныя пенязі».

У Замку размяшчаўся гарнізон («залога»), меліся правіянцкія магазіны. У бюджэт Замка ішлі прыбыткі ад млына, што стаяў насупраць, на левым беразе Свіслачы. Дакумент 1499 года гаворыць, што згодна з даўнім звычаем жыхары Мінска былі абавязаны сачыць за спраўнасцю млына, а таксама «грэблю сыпаці». Крыніцай значных прыбыткаў Замка былі судовыя пошліны. На Замак глядзелі як на каралеўскую ўласнасць, як на ягоны двор.

Ёсць звесткі — і паходзяць яны з першай паловы XVI ст., — што на тэрыторыі Замка размяшчалася адна з найстаражытных цэркваў Мінска — Нараджэння Багародзіцы, а таксама Мікалаеўская царква.

Пра самі ўмацаванні мы ведаем мала. Іх аснова — земляны вал. Ён меў, як паведамляе дакумент XVII ст., 14 сажняў у вышыню ад Свіслачы, «а па абодва бакі па 10 сажняў, а ўпоперак таксама». Даўжыня вала, які надаваў плану Замка авальную форму, у гістарычных крыніцах вызначаецца па-рознаму: 429 і 500 сажняў. На плане 1773 года паказаны два ўезды ў Замак — паўднёвы і паўночны. Пазней на паўночным баку паяўляецца яшчэ адзін уезд.

Паўзверх вала ішла драўляная сцяна. Яе ўпамінаюць Гваніні — аўтар цікавага апісання беларускіх гарадоў другой палавіны XVI ст.— і маскоўскі дзяк Трыфан Карабейнікаў, які ў 1593 годзе праездам наведаў Мінск. На жаль, пра канструкцыю крапасной сцяны мы амаль нічога не ведаем. У 1547 годзе горад згарэў. Напэўна, пацярпела і крэпасць. У сярэдзіне XVII ст. крэпасці ўжо фактычна не было. У час руска-польскай вайны 1654—1667 гадоў па загадзе маскоўскага цара была зроблена спроба адбудаваць абарончую сцяну. У Мінск былі пасланы дзве роты салдат на чале з капітанамі Мікітам і Цімошкам Жамчужнікавымі, якія дакладвалі цару: «На старым восыпу паставілі вежу, а на восыпу паставілі туры вялікія і насыпалі. Ды паставілі астрог паўтрэці сажані ўгару (2,5 сажані. — Э. 3.), а пасярод астрогу паставілі вежу трох сажняў». Туры (невялікія вежы) былі плеценыя і закладзены цэглай. Колькі іх было пастаўлена, не гаворыцца, аднак вядома, што ў XVI—XVII ст. іх звычайна ставілі па ўсім перыметры сцяны. Так, на малюнку Полацка XVI ст. «стары горад» у Заполацці меў 7—8 падобных вежаў.

Астрог, пра які пішуць Жамчужнікавы,— драўляны тын з вертыкальна ўкапаных завостраных бярвенняў. Фартыфікацыйныя работы ў Мінскай крэпасці Жамчужнікавы зрабілі нядбайна. Яны самі пісалі, што тын паставілі не па ўсім перыметры вала, а дрэва скарысталі старое. Неўзабаве мінскі ваявода Арсеньеў даносіў цару, што тын укапаны неглыбока і ўвесну разваліцца. Па сутнасці, робіць вывад ваявода, «в Менску астрогу нет ни ходова, ни доброва». Пра гэта ж пісалі цару і мінскія мяшчане, занепакоеныя чуткамі пра блізкую вайну са шведамі.

Калі ж была пабудавана Мінская крэпасць? У пісьмовых крыніцах мы не знаходзім адказу на гэта пытанне. Тое, што ёсць звесткі пра існаванне Замка ў Мінску ў сярэдзіне XV ст., яшчэ не азначае, што ён быў пабудаваны ў гэтую пару. Пра наяўнасць у Мінску ўмацаванага «града» нам вядома са старажытных часоў. Ужо самая першая летапісная згадка пра горад (1067) гаворыць пра крэпасць. У час вайны паміж полацкім і паўднё-варускімі князямі мінчане пры падыходзе Яраславічаў «затворились в граде». У 1105 годзе горад быў зноў абложаны войскамі кіеўскага ваяводы Пуцяты і князёў Яраслава Уладзіміра- віча і Алега Святаславіча. Як паведамляе летапісец, «нічога не дамогшыся», князі вярнуліся ні з чым. У 1116 годзе амаль два месяцы Мінск «штурмаваў» самы магутны ў той час рускі князь Уладзімір Манамах, але горада ўзяць не мог. У 1158 годзе пад сценамі Мінска 10 дзён марна пратаптаўся Рогвалад Полацкі. Вось якой непрыступнай крэпасцю быў старажытны Мінск!

На працягу 12 год пасля Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі мінскага Замчышча праводзіліся археалагічныя раскопкі. Былі знойдзены і вывучаны рэшткі старажытных умацаванняў. Раскопкі пацвердзілі, што старажытны вал, які абкружаў мінскі «град» XI—XIII ст., праходзіў якраз у тым месцы, дзе ён паказаны на планах горада XVIII ст. Нават больш. Удалося вызначыць, што вал XVIII ст. — уцалелы вал летапіснага Мінска. Мінскі «град» XI — XIII ст. і Мінскі замак XVII ст. займалі адну і тую ж тэрыторыю. Значыць, можна ўпэўнена сцвярджаць, што Мінскі замак — гэта новая назва старажытнага мінскага «града» — крэпасці, ад якой пайшоў наш горад.

Мал. 3.

Месца крэпасці, яе плошча і агульны план лёгка акрэсліваюцца па гістарычных планах горада XVIII ст., якія зафіксавалі трасу вала. У плане крэпасць мела паўкруглую форму І, магчыма, адзін уезд з паўднёвага боку, што характэрна для тагачасных старажытнарускіх крэпасцяў (мал. 3). Цікава, што «град» быў пабудаваны на адносна нізкім месцы і магутнасць яго грунтавалася не на прыродных фактарах, а на штучных умацаваннях — вале і крапасной сцяне.

Мал. 4.

Што да вышыні вала, дык пісьмовыя крыніцы, называючы 10 і нават 14 сажняў, відавочна, яе перабольшваюць. Мяркуючы па тым самым разрэзе, вышыня вала пасля таго, як яго пашырылі, мела ва ўсходняй частцы замка крыху больш за 6 метраў. Але калі прыняць пад увагу, што знешні схіл вала быў пазней падрэзаны, можна дапусціць, што вал быў вышэйшы. Ва ўсякім разе, яшчэ ў канцы 50-х гадоў нашага стагоддзя найвышэйшы пункт Замчышча — месца старажытнага вала ў паўночна-ўсходняй частцы гарадзішча — узнімаўся на 8 м над дарогай і на 11 м над узроўнем ракі. Каб вызначыць вышыню вала, можна спаслацца і на іншыя, ускосныя сведчанні. Замчышча — своеасаблівая катлавіна, абкружаная валам.

За 900 гадоў тут адклаўся культурны слой у 7—8 м. Паколькі на самым вале гэты слой, па сутнасці, не рос, то таўшчыня культурнага слою на Замчышчы, які да краёў запаўняў гэтую чашу, гаворыць аб вышыні вала. Можна, такім чынам, лічыць, што вышыня дасягала ў сярэднім 7—8 м.

Круцізну вала можна даволі лёгка вызначыць, у прыватнасці, па адным з яго агаленняў, на якім знешні схіл ствараў з асновай вугал у 50—52° (мал. 5). Прыблізна такую ж круцізну меў вал і на некаторых участках з унутранага боку. Так, унутраны схіл «малога» вала, як можна бачыць у профілі, меў 47°.

Мал. 5.

Дык вось, у нас ёсць, здаецца, усе магчымасці рэканструяваць профіль вала старажытнага Мінскага «града». За аснову трэба ўзяць разрэз ва ўсходняй частцы крэпасці, але «прыўзняць» вал да 7—8 м. Затым пазначым гарызантальную пляцоўку з крапаснымі сценамі. Прымем шырыню пляцоўкі за 3—3,5 м і ад яе пад вуглом да гарызонту ў 45—50° правядзём лінію, якая б адпавядала круцізне знешняга схілу. Такім чынам мы атрымаем рэканструяваны профіль вала (мал. 6).

Мал. 6.

Нічога, на жаль, не захавалася ад крапасных сцен, але можна ўпэўнена сказаць, што яны былі драўляныя. Аўтарытэтны спецыяліст па фартыфікацыі Старажытнай Русі П. А. Рапапорт лічыць, што асноўным тыпам наземных абарончых сцен як Кіеўшчыны, так і больш паўночных раёнаў Русі аж да XIII ст. былі сцены, што «складаліся з трохсценых зрубаў, якія шчыльна прылягалі адзін да аднаго. У верхніх частках сцен былі баявыя пляцоўкі з брустверам — забралы, якія, відаць, найчасцей выступалі перад плоскасцю ніжняй сцяны». Суадносіны паміж ніжняй і верхняй часткамі сцяны П. А. Рапапорт бярэ ў прапорцыях 2 : 1. Вышыня верхняй сцяны — чалавечы рост, ніжняй — два чалавечыя росты.

Мал. 7.

Дапусцім, што ў крапасной сцяне Мінска ніжняя частка адносілася да верхняй, як 3:2. Калі, прыкладна, верхнюю частку сцяны ўзяць вышынёй 2 м, а ніжнюю — 3 м, то агульная вышыня будзе 5 м. Разам з валам Мінская крэпасць павінна была мець у вышыню нешта каля 13 м паводле самых сціплых падлікаў (мал. 7).

Мінская крэпасць была цесна забудавана драўлянымі дамамі, мела складаную сістэму вузкіх вуліц. Тое, што добра захаваліся рэшткі драўляных збудаванняў, дазваляе дакладна рэканструяваць план забудовы, узнавіць аблічча ўсяго горада.

Старажытны Мінск.
(Рэканструкцыя па матэрыялах раскопак Замчышча).

Шкада, вядома, што раскопкі дазволілі вывучыць толькі ўсходнюю, меншую частку крэпасці. Астатняя яе частка пахавана пад асфальтам Паркавай магістралі і новымі дамамі на ёй. Але будзем спадзявацца, што археолагі яшчэ адкрыюць найбольш цікавы раён старажытнага Мінска з яго палацавымі ансамблямі і мураванымі храмам!.

Мінскі «град» быў калыскаю Мінска. Пасля таго, як ён страціў сваё значэнне эканамічнага, ваеннага і культурнага цэнтра, Замак пачынае паступова занепадаць. Ужо не было патрэбы захоўваць яго ансамблі і формы: Замак забудоўваецца грамадзянскімі мураванымі дамамі, адразаюцца рэшткі вала, і толькі малая частка яго — Замчышча — яшчэ доўга заставалася маўклівым сведкам «мінулай велічы» гэтага гарадскога раёна.

Э. М. ЗАГАРУЛЬСКІ, кандыдат гістарычных навук.

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1970.
№ 2. С. 22—27. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі