ПЕРАСЯЛЕННІ БУДНІКАЎ У ПАВОЛЖА

 

Паташны промысел — адна з даўнейшых галін вытворчасці ў Беларусі. Прадукцыя, якая выраблялася на будах, ужо ў XVI ст. мела вялікі попыт у Заходняй Еўропе. Буды беларускія феадалы стваралі звычайна ў сваіх маёнтках. Праца там была вельмі цяжкай, таму нярэдка буднікі ўцякалі адтуль у пошуках лепшай долі. Многія з іх шукалі прытулку ў Расіі, Так, у 1651 г. бранскі дваранін Ф. Безабразаў даносіў у Маскву, што выйшлі на царскае імя з-за рубяжа «литовския люди пана Жебровского будники шафар Сенка Щербин с товарищи...» Буднікі-перасяленцы забралі з сабой рабочую жывёлу (валоў) і іншую маёмасць феадала. У тым жа годзе буйнейшы рускі феадал Б. Марозаў паслаў 19 беларускіх буднікаў з сем'ямі ў сваю ніжагародскую вотчыну.

Войны, якія разгарнуліся на тэрыторыі Беларусі ў сярэдзіне і другой палове XVII ст., прыпынілі дзейнасць буд, а таксама абмежавалі знешні гандаль.

Расія ж у гэты час хутка развівала паташную вытворчасць, асабліва ў Паволжы, што выклікала вялікую патрэбу ў кваліфікаваных кадрах.

Беларускія буднікі пачалі перасяляцца ў Паволжа. Толькі ў арзамаскай вотчыне князя М. Чаркаскага пасялілася больш за 1600 беларусаў-пасяленцаў Многія з іх паўцякалі потым на будныя майданы іншых уладальнікаў.

У ніжагародскай вотчыне баярыні А. І. Марозавай на будных майданах в. Сяргач перапісчык (1667 г.) налічыў 85 «работных польских людей поливачев и будников», а разам з членамі сем'яў было іх 245 чалавек. Неўзабаве Сяргацкія майданы перайшлі ў вотчыну цара.

У 1680 г. на Арзамаскія буды перавялі буднікаў з двух Сяргацкіх будных станаў. Усяго, акрамя адміністрацыйнага персаналу і казакоў, на Арзамаскіх і Бармінскіх будных станах працавала каля 380 выхадцаў з Беларусі. Былі там палівачы, кавалі, бачкары, калеснікі, ваштары. Сярод буднікаў, якія пасяліліся ў 1681—1682 гг. у в. Неркушу, што належала князю В. Адоеўскаму, былі і буднікі з Аршанскага павета. Беларускія буднікі, жывучы ў Паволжы, перанасілі туды і сваю тэхналогію паташнай вытворчасці. Даследчыкі, параўноўваючы інструмент і абсталяванне беларускіх буд з апісаннем майданаў баярына Б. Марозава, зазначылі амаль поўную іх аналогію. Вядомы знаўца хімічных промыслаў Расіі П. М. Лук'янаў адзначаў, што «поташ делается из щелоков золяных... в России с польского манира поливанием на зажигаемые дубовые дрова...». Даследчык царскай вотчыны XVII ст. А. I. Заазерскі пісаў, што «за образец» арганізацыі паташнай вытворчасці на палацавых майданах была ўзята «организация поташного промысла в Западной Руси». Ён жа прыкмеціў, што з переходам у царскую вотчыну Сяргацкіх майданаў за аснову разліку на іх былі ўзяты «литовские меры». Баярын Я. Чаркаскі для патрэб сваіх будных станаў у в. Знаменскае перагнаў у 1663 г. «122 больших литовских быка». Акрамя таго, на яго майданах працавалі шафары, якіх не было ні на майданах Б. Марозава, ні на будных станах цара.

Баярын Марозаў загадаў прыказчыку в. Мурашкіна, акрамя грошай, даваць палівачам і буднікам прадукты харчавання. Ён аплачваў працу палівача, які быў галоўнай фігурай на майдане, у залежнасці ад колькасці вырабленага паташу. Баярын добра разумеў, што чым больш будзе бочак з паташом, тым большы будзе яго даход. Таму ў грамаце прыказчыкам вёсак Мурашкіна і Сяргач ён пісаў: «А на которых моих нижегороцких и орзамаских мойданех поливочи добры и мне радели, поташу зделали по сту бочек слишком, и вам бы велеть тем поливочем давать за их работу по 20-ти руб. денег. А кои поливочи на коем мойдане меньши ста бочек зделали, и тем денежное жалованье давать по-старому...». Як відаць, такі прынцып аплаты палівачаў ужо не вязаўся з традыцыйным феадальным, а больш паходзіў на капіталістычны.

Буднікі працавалі часам і на работах, не звязаных з паташным промыслам. Так, у Казанскім павеце буднікі здабывалі медную руду.

У перапісной кнізе Сімбірскага павета 1678 г. запісана в. Панская, дзе жыло 85 чалавек іншаземцаў. Пры параўнанні прозвішчаў асобных жыхароў вёскі з прозвішчамі буднікаў-беларусаў, якія жылі ў вотчыне М. Чаркаскага, знаходзім аднолькавыя. Так, прозвішча жыхара в. Панская Болдырь не раз сустракаецца сярод буднікаў Чаркаскага. Напісанне прозвішча жыхара гэтай вёскі Кузнечёнок з суфіксам –ёнок характэрна і пасяленцам-беларусам князя (Грйбченок, Млетченок, Шапуренок і інш.). Гэта дае падставу думаць, што жыхары в. Панскай былі выхадцамі з Беларусі. У другой палове XVII ст. у Паволжы пасялілася асабліва многа выхадцаў з Беларусь Упамінанні аб іх мы знаходзім у перапісных кнігах шэрагу паволжскіх паветаў 1678 г. (на жаль, абазначаны яны ў большасці як «палякі», «літвіны», «іншаземцы» і да т. п.).

Аб тым, што пасяленне выхадцаў з Беларусі ў Паволжы было масавым, сведчаць і даныя вядомага лексікографа У. I. Даля. Не выпадкова ён адзначаў у Ніжагародскай губерні асаблівую гаворку «я готский, лукояновский, где жителей зовут ягунами (от яго, яму), будаками (от бывших будных майданов, это переселенцы с Литвы), также панами». Тут жа ён указаў на змешаную гаворку ў Ардатаўскім, частцы Арзамаскага, Лукаянаўскага, Сяргацкага і нават Княгінінскага паветаў, дзе «есть и Дзеканье». Пры гэтым Даль зазначыў, што «весь край этот коренной мордовский, но он обрусел и заселен со времен Грозного, то ссыльными, пленною литвою, то переселенцами, для основания поташных майданов». Пісьменнік і этнограф П. Мельнікаў прыкмеціў, як паводле асобных слоў, запісаных у некаторых вёсках Лукаянаўскага павета, Даль зрабіў вывад: «Это белорусы».

Беларускія перасяленцы-буднікі разам з рускімі сялянамі і народамі Паволжа ўнеслі важкі ўклад у яго асваенне. А ў перыяд сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Сцяпана Разіна яны разам змагаліся супраць прыгнятальнікаў.

Р. Ф. ЛЕШЧАНКА, аспірант
Інстытута гісторыі АН БССР

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1982.
№ 4. С. 39--40. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі