СТАРАЖЫТНЫЯ ВАГІ I ГІРЫ

 

У Браслаўскім раёне каля в. Маскавічы знаходзіцца вельмі цікавае гарадзішча X— XIV ст. Некалькі гадоў на ім праводзіць археалагічныя раскопкі Л. У. Дучыц. Знойдзена шмат унікальных прадметаў, сярод іх жалезная гіра вагой 2020 г (1981 г.). Яна мае вышыню разам з пятлёй 88 мм, найбольшы дыяметр — 93 мм.

Падобныя гіры былі знойдзены ў Ноўгарадзе (1951 г., вага 2450 г), Кокнесе (Латвія, 1965 г., вага 2865 г), Лагойску (1966 г., вага 2250 г) і ў Старой Разані (вага 1471 і 1385 г). У Ноўгарадзе І Кокнесе гіры выяўлены разам з крукамі для прывешвання да вагаў. Паводле падлікаў Б. А. Колчына, наўгародская гіра раўнялася 6 фунтам (1 фунт«409,51 г) І знойдзена была ў пласце XII (або XI) ст.

Для ўзважвання тавараў гірамі падобнага роду карысталіся асобнымі вагамі з нераўнаплечным каромыслам і адной шаляй або крукам для падвешвання тавару, якія называліся бязменам, або пудам (з IX ст.). Такія каромыслы знаходзілі ў Ноўгарадзе, Старой Разані, Мінску, Навагрудку. Канструкцыя вагаў-бязменаў добра відаць па знаходцы са Старой Разані.

Даўжыня разанскага бязмена 358 мм, асноўнага рычага — 330 мм, малога — 28 мм. Да патоўшчанага канца вялікага рычага «прымацавана абойміца, якая складаецца з трох стрыжняў, змацаваных паміж сабой па краях планкамі. Да аднаго з гэтых стрыжняў прыроблена скаба... а на скабу надзеты крук, за які чаплялі тое, што ўзважвалася, Да... сярэдняга стрыжня... прымацавана скаба, што паварочваецца на шарнірах, на якую надзета колца. Гэта колца служыла для таго, каб трымаць або падвешваць вагу ў момант узважвання. На рычаг вагаў было надзета яшчэ адно колца, якое служыла для мацавання гір». На рычаг наносілі адзнакі ўзважвання, па якіх вылічвалі, колькі важыць груз. Карысталіся бязменам даволі арыгінальным спосабам: самы малы груз узважвалі, калі гіра размяшчалася вельмі блізка да скабы для трымання вагаў; чым большы быў груз, тым далей ад абойміцы адсоўвалася гіра.

Паводле разлікаў Б. А. Колчына, на такіх вагах пры дапамозе гіры ў 1 фунт можна было ўзважыць груз у 40 фунтаў, або 1 пуд (16 380,4 г). Пры гіры ў 5 фунтаў максімальная вага грузу будзе роўная 5 пудам. Маскавіцкая гіра важыла 5 фунтаў.

У XIII—XV ст. праз Ноўгарад і Полацк праходзілі асноўныя гандлёвыя шляхі для вывазу рускіх тавараў у Заходнюю Еўропу. У гэтым гандлі вельмі зручнымі былі бязмены: імі хутка можна было ўзважваць тавар. Бязмен з 1-фунтовай або 5-фунтовай гірай шырока выкарыстоўваўся і ў сельскай мясцовасці пры закупцы прадуктаў земляробства і збіральніцтва. Ім можна ўзважваць тавар, калі бязмен падтрымліваюць два дужыя чалавекі.

Узважванне на персанальным бязмене (пудзе). Малюнак XV ст. Рыга.

Але гэтыя вагі мелі істотны недахоп. Іх рабілі кавалі, якія не заўсёды маглі разлічыць даўжыню і вагу абодвух рычагоў, правільна размясціць рычажны прут. Апрача таго, купцы стараліся падмануць пакупнікоў і сваіх калег-купцоў, пераносячы адзнакі на іншыя месцы, падточвалі перад продажам тавараў гіры. Усё гэта перашкаджала развіццю гандлю, і для буйнога аптовага гандлю з XIII ст. былі ўведзены новыя раўнаплечныя вагі — так званыя скалвы.

Бязмен, Старая Разань.

Знаходкі гіры і гірак-разнавагаў, якія выкарыстоўваліся для ўзважвання сярэбраных манет і каштоўных металаў у X—XII ст., дазваляюць меркаваць, што на маскавіцкім гарадзішчы была гандлёвая факторыя. Гарадзішча знаходзіцца параўнаўча недалёка ад Заходняй Дзвіны і, відаць, закупленую прадукцыю (футра, воск, мёд, хлеб) адпраўлялі ў Полацк і на Балтыйскае ўзбярэжжа. Гандлёвым аперацыям спрыяла і тое, што гэта гандлёвае паселішча знаходзілася на латышска-літоўскім парубежжы. Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1984. № 3. С. . Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

Ш. БЕКЦІНЕЕЎ

 

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1973.
№ 3. С. 43—44. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі