ТРАКТАТ АБ АРТЫЛЕРЫІ

 

Можна дапусціць (на аснове асобных звестак, сям-там раскіданых у аўтарскай прадмове да кнігі і ў фармуляры магістраў Віленскага універсітэта), што К. Семяновіч нарадзіўся блізка 1600 г. у Вялікім княстве Літоўскім. Прозвішча Семяновіч з даўніх часоў даволі пашырана на Беларусі. Так, толькі ў 20-м томе «Літоўскай метрыкі» ў дакументах за першую чвэрць XVI ст. яно сустракаецца больш як 30 разоў. Тут і магнаты, і шляхцічы, і гаспадарскія людзі з Крычава, Слоніма, Нягневічаў, Слуцка, Брэста і іншых мясцін сучаснай Беларусі. У якой з іх нарадзіўся Казімір Семяновіч, мы, на жаль, не ведаем.

Пра маладыя гады Семяновіча не захавалася нават і прыблізных звестак. Толькі ў той самай прадмове ён пісаў: «...У маленстве пакінуў усякую думку зрабіць палітычную кар'еру, хоць І яна, паводле паходжання продкаў, была для мяне дасяжнай, і цалкам прысвяціў сябе, па-першае, практычнаму даследаванню тайны гэтай навукі (артылерыі.— С. Ц.), а пазней усе свае сілы аддаў тэарэтычнаму яе вывучэнню і так ёю захапіўся, што не шкадаваў ніякіх выдаткаў... толькі б уведаць тое, чаго не ведаў раней...». Чалавек дапытлівага розуму і мэтанакіраванай волі! Як відаць з ягонага твора, Семяновіч шмат чаго дасягнуў, авалодаўшы такімі дысцыплінамі, як статыка, гідраўліка, грамадзянская і вайсковая архітэктура, пнеўматыка, оптыка, метралогія, хімія і інш.

Няўтольная прага ведаў і няўрымслівасць натуры вядуць Семяновіча за мяжу, дзе ён настойліва знаёміцца з усім новым і практычна ўзбагачае свой вопыт вайсковага інжынера. 7 чэрвеня 1651 г. у Віленскім універсітэце Семяновіч экстэрнам здае экзамен на магістра «вызвольных навук» і філасофіі, дзеля чаго ён мусіў грунтоўна ведаць яшчэ і такія навукі, як астраномія, граматыка, рыторыка, музыка і г. д.

Прафесіянальны вайсковец, Семяновіч прымаў удзел у ваенных кампаніях — у аблозе г. Белага (цяпер Калінінскай вобл.) у 1634 г., у бітве з татарамі пад Ахматавам (цяпер Чаркаская вобл. УССР) у 1644 г., нарэшце, у многіх баях пад час нідэрландскіх войнаў, у прыватнасці пад г. Хюлстам (1645).

У 1646 г. (паводле іншых звестак — у 1647) Семяновіч быў адазваны з-за мяжы І прызначаны спечатку інжынерам, а ў маі 1648 г. намеснікам начальніка «кароннай артылерыі». Яшчэ знаходзячыся ў Галандыі, Семяновіч вырашыў напісаць манаграфію аб артылерыі. Ранейшыя трактаты і дапаможнікі яго не задавальнялі. Не навуковыя кнігі, а катэхізісы: пытанне — адказ, пытанне — адказ... Семяновіч паставіў сабе задачу стварыць твор, абагульніўшы найноўшыя навуковыя дасягненні дакладных навук, твор, які б звязаў практыку з тэорыяй і тым самым зрабіў бы «паслугу бацькаўшчыне і суайчыннікам, якія прагнуць ведаў». У 1648 г. вучоны едзе ў Амстэрдам, а праз два гады ў друкарні Яна Янсана выдае першую частку свайго трактата — вынік вялікай серыі доследаў, скрупулёзнага вывучэння мноства крыніц (аўтар спасылаецца на 260 назваў прац ад старажытнасці да сярэдзіны XVII ст.).

Франтыспіс трактата К. Семяновіча.

Трактат складаецца з вялікай прадмовы «Да чытача» (мы яе цытавалі) і пяці^ частак, названых аўтарам кнігамі. Франтыспіс і 206 малюнкаў на 22 табліцах выкананы вядомым амстэрдамскім гравёрам Якубам ван Мейрсам паводле малюнкаў Семяновіча. Кніга мае 304 старонкі.

У чатырох кнігах (1, 2, 4 I 5) аўтар апісвае канструкцыі сучасных яму гармат, расказвае, як вызначаецца іх калібр, як састаўляюцца сплавы металаў, з якіх адліта гармата, прыводзіць дадзеныя метралогіі, гаворыць пра выраб пораху, разнастайных піратэхнічных сродкаў, ручных і артылерыйскіх гранат, пра вайсковы рыштунак і амуніцыю. Найбольш цікавая трэцяя кніга — «Ракеты», цалкам прысвечаная будове, вытворчасці і ўласцівасцям розных тыпаў ракет.

Батарэйная ракета.

К. Семяновіч — першы ў гісторыі ракетабудавання вучоны, які распрацаваў ідэю шматступеннай ракеты, адпаведна абгрунтаваўшы яе малюнкамі і чарцяжамі. Трохступенная ракета Семяновіча была адной з мадыфікацый складанай ракеты з аўтаномнымі ракетнымі рухавікамі, што размяшчаліся адзін за адным і працавалі адначасова ці па чарзе. Кожная ступень — асобная, па сутнасці, ракета са сваім палівам, запальнікам і саплом.

Другі канструкцыйны прынцып, прапанаваны Семяновічам,— батарэйная ракета з рухавікамі, размешчанымі адзін пры адным. На адной з табліц ёсць малюнак камбінаванай ракеты — спалучэнне шматступеннай і батарэйнай ракет.

К. Семяновіч — вынаходца стабілізатараў тыпу «дэльта» (накшталт літары грэчаскага алфавіту, якую формаю нагадваў стабілізатар). Раней, каб надаць ракеце стабільнасць у палёце, да яе мацавалі жэрдку, роўную сямі-васьмі памерам корпуса ракеты.

Трохступенная ракета са стабілізатарам.

У другім томе сваёй працы (з невядомых прычын ён не быў надрукаваны) Семяновіч дае, як ён адзначае ў прадмове, падрабязную гісторыю развіцця артылерыі ад старажытнасці да свайго часу. Рукапіс другой часткі, на жаль, не захаваўся. А зрэшты... Мы ведаем, што спачатку рукапіс зберагаўся ў бібліятэцы Сангушкаў у Любартове, пазней разам з бібліятэкай Залускіх трапіў у Пецярбург, а параўнаўча не так даўно, у 1909 г., яго трымаў у руках польскі даследчык Б. Гэмбажэўскі. Выходзіць, што рукапіс К. Семяновіча варта шукаць у архівах i музейных фондах Ленінграда.

З розных і многіх гістарычных прычын імёны шмат якіх слынных у свой час вучоных, беларусаў паходжаннем, былі пазней забыты, і цяпер іх помніць толькі вузкае кола спецыялістаў у той альбо іншай галіне. Так, прынамсі, здарылася і з нашым земляком Казімірам Семяновічам, буйным вучоным сярэдзіны XVII ст., аўтарам трактата «Вялікае мастацтва артылерыі», які адразу па выхадзе атрымаў самую высокую ацэнку, быў перакладзены амаль на ўсе еўрапейскія мовы і на працягу больш як 150 гадоў аставаўся ледзь не адзіным навуковым дапаможнікам па артылерыі. «Аўтарытэт К. Семяновіча быў і па сёння яшчэ астаецца для ракетчыкаў і феерверкераў нечым святым» — пісаў у прадмове да англійскага выдання трактата яго перакладчык Георг Шэлвок.

 

С. Ф. ЦЯРОХІН, навуковы супрацоўнік ІМЭФ АН БССР.

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1984.
№ 3. С. 30—31. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі