ЗБРОЯ ЛІДСКАГА ЗАМКА

 

Спецыяльнымі навукова-рэстаўрацыйнымі вытворчымі майстэрнямі Міністэрства культуры БССР у 1977—1978 гг. было праведзена значнае архітэктурна-археалагічнае даследаванне помніка архітэктуры XIV ст.— замка ў г. Лідзе. Знойдзена шмат розных рэчаў XIV—XVII ст., сярод якіх можна вылучыць у асобную групу вырабы з металу, у прыватнасці зброю.

Нашым продкам неаднойчы даводзілася адбівацца ад ворагаў, якія з розных бакоў прыходзілі ў Беларусь. Толькі пад мурамі Лідскага замка ў XIV ст. некалькі разоў стаялі аблогай крыжакі. Зусім блізка падыходзілі да Ліды орды крымскіх татар (пачатак XVI ст.). У сярэдзіне XVII ст. замак і горад руйнуюць войскі царскага ваяводы князя Мікалая Хаванскага. А колькі было яшчэ розных сутычак і боек!

Беларусы добра валодалі зброяй і мужна сустракалі чужынцаў. Грунвальдская бітва, у якой актыўна ўдзельнічалі беларускія воіны, паказала, што іх ваенная тэхніка і зброя, а таксама стратэгія і тактыка бою былі на вельмі высокім узроўні. На жаль, у нашых музеях амаль не экспануецца зброя тых часоў, і толькі археалагічныя даследаванні могуць расказаць пра яе.

Да самых каштоўных знаходак можна аднесці кінжал і кароткі меч (корд), якія знойдзены ў 1977 г. у ваколіцах г. Ліды і Лідскага замка. Каваны кінжал, які, відаць, быў зроблены беларускім кавалём, можна аднесці, апіраючыся на польскія крыніцы, да XIV ст. Яго даўжыня дасягае 43 см, шырыня 2,5 см. У верхняй частцы дзяржальна ёсць круглая адтуліна дыяметрам 0,3 см, праз якую хутчэй за ўсё працягваўся раменьчык — з яго дапамогаю кінжал трымаўся на папрузе ці поясе воіна.

Самая вялікая каштоўнасць — кароткі меч, які можна назваць кордам. Не толькі ў беларускіх, але і ў польскіх калекцыях зброі, значна большых, чым нашы, зброі такога тыпу і часу няма. Дагэтуль пра яе ведалі толькі з пісьмовых крыніц. Корд — гэта пераходны варыянт ад цяжкага меча да больш лёгкай і зручнай шаблі. Наш корд мае на шырокай частцы ляза, недалёка ад перакрыжавання, два кляймы. Адзін знак з'яў ляецца варыянтам вядомага пасаўскага «воўка» — па ім вызначаюць горад, дзе зроблена загатоўка зброі. Падобнае кляймо XV ст. ёсць таксама на вырабах з Золінгена, Нюрнберга і Аўсбурга. Гэта сведчыць аб тым, што загатоўка корда трапіла ў Беларусь з Германіі. Магчыма, яе прывезлі ганзейскія купцы, якія мелі ў Полацку і ў іншых беларускіх гарадах свае факторыі.

Другі знак уяўляе сабой крыжык, які стаіць на дузе. Магчыма, гэта кляймо мечніка, які апрацоўваў і паліраваў загатоўку. Звычайна клеймы мечнікаў інкруставаліся каляровым металам. Гэта ёсць і на нашай зброі. Можна меркаваць, што мечнік быў беларускім майстрам, бо гэтая прафесія існавала як самастойная нават у параўнальна невялікіх прыватнаўласніцкіх гарадах Беларусі, напрыклад, у Міры

Датаваць знойдзеную зброю можна XV ст., бо менавіта тады меч паступова змяняюць цесакі, корды, раннія віды шабляў. У Беларусі кордам тады называлі кароткі меч. Слова «цясак» у беларускай літаратуры XV—XVII ст. амаль не сустракаецца.

Звычайна кордамі была ўзброена пяхота. Даўжыня корда — 1 м. Шырыня ляза — 3,2 см, шырыня перакрыжавання 19 см, таўшчыня яго — 1 см. Даўжыня дзяржальна — 13 см, шырыня — 3,4 см. У тры адтуліны ўстаўляліся заклёпкі накладной ручкі корда.

Адкапана некалькі дзесяткаў арбалетных і лучковых стрэл. Арбалетныя стрэлы падзяляюцца на дзве трупы: утулкавыя і чаранковыя. Яны датуюцца XIV—XV ст. і знойдзены амаль ва ўсіх старажытных беларускіх гарадах, напрыклад, у Гродне і Ваўкавыску.

У XVI ст. арбалеты (самастрэлы) саступаюць месца агнястрэльнай зброі.

Лук заставаўся на ўзбраенні беларускіх воінаў да сярэдзіны XVII ст., пакуль далечыня палёту ў кулі не стала даўжэйшай, чым у стралы. Таму знойдзены і наканечнікі лучковых стрэл. Усе яны чаранковыя. Асабліва цікавы наканечнік з металічным колцам — з яго дапамогаю наканечнік мацаваўся да стралы.

Каменныя ядры.

У час раскопак унутранага двара і паўночна-ўсходняй вежы замка знойдзена шмат гарматных ядраў розных памераў, зробленых з вапняку і граніту. Дыяметр каменных ядраў вагаецца ад 7— 9 да 34 см. Датуюцца яны канцом XIV — сярэдзінай XVII ст. Гарматы з'явіліся на Беларусі ў канцы XIV ст., і да XVI ст. стралялі з іх выключна каменнымі ядрамі. У XVI ст. малыя гакаўніцы пераходзілі на свінцовыя і жалезныя ядры, а з канца XVI ст.— на чыгунныя. Толькі з вялікіх гармат-бамбардаў, якімі ў асноўным штурмавалі замкавыя муры, яшчэ стралялі каменнымі ядрамі. Пакуль што ў Лідзе не знойдзена ніводнага металічнага ядра. Відаць, пасля бою іх старанна збіралі. Каменныя ж ядры, асабліва расколатыя, былі ўжо не патрэбны і таму сустракаюцца ў вялікай колькасці. У XVI—XVII ст. бронзавыя альбо медныя гарматы рабілі ў Вільні і Нясвіжы, потым іх змянілі чыгунныя.

Уся зброя, знойдзеная ў час раскопак у Лідскім замку, пасля адпаведнай апрацоўкі і кансервацыі перададзена ў Лідскі краязнаўчы музей.

А.А. ТРУСАЎ, археолаг

Матэрыял сканаваны з часопіса "Помнікі гісторыі і культуры Беларусі", 1980.
№ 2. С. 26—27. Спасылкі на іншыя дакументы, выкарыстаныя аўтарам артыкула, выдалены.

 

... да пачатку старонкі